Чэшскія сенатары: Беларусі варта задумацца, чаму 47 краінаў Рады Еўропы думаюць інакш

Источник материала:  
20.08.2010 16:01 — Новости Политики
Пасля шматгадовага перапынку ў Беларусі пабывала дэлегацыя з трох чэшскіх сенатараў — сяброў Пастаяннай камісіі па падтрымцы дэмакратыі ў свеце. Цягам гэтага тыдня яны вывучалі сітуацыю з дэмакратыяй і правамі чалавека ў нашай краіне. Да якіх высноў прыйшлі замежныя палітыкі?

Чэшскія сенатары: Беларусі варта задумацца, чаму 47 краінаў Рады Еўропы думаюць інакш
Злева - направа: Карэл Шэбек, Іржы Нэдома, Томаш Ірса. Фота: Радыё свабода

Як сенатару “адпомсцілі” за Лукашэнку

Намеснік старшыні камітэта па замежных справах, абароне і бяспецы чэшскага Сената Томаш Ірса ў Беларусі ў дзесяты раз. Праўда, апошнія шэсць год візу ў нашу краіну яму не давалі.

“Я маю вельмі добрыя адносіны з амбасадарам Беларусі ў Чэхіі, дык тры гады назад ён сказаў, што не мае да гэтай забароны ніякага дачынення. З майго ўласнага гледзішча, гэта быў адказ беларускіх уладаў на тое, што ў 2002 годзе Чэшская Рэспубліка адмовілася выдаваць уязную візу Аляксандру Лукашэнку для ўдзелу ў саміце НАТО ў Празе”, — распавёў журналістам Томаш Ірса, дадаўшы, што “цяпер сітуацыя змянілася”, і візы яны атрымалі без праблем.

“Пэўнае непаразуменне”

Падчас знаходжання ў Беларусі Томаш Ірса, Іржы Нэдома і Карэл Шэбек пабывалі ў Мінску, Баранавічах і Віцебску, дзе мелі сустрэчы з прадстаўнікамі ўладаў, апазіцыі, няўрадавых арганізацый і недзяржаўных СМІ.

Ці не самым цікавым пунктам візіту стала наведванне гасцямі Савета Рэспублікі.

Сенатары распавялі, што падчас афіцыйнай сустрэчы са старшынёй Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Нінай Мазай кожны бок агучваў сваю пазіцыю, якія па шэрагу пытанняў не супалі.

У прыватнасці, госці выказалі занепакоенасць існаваннем артыкула 193.1 Крымінальнага кодэкса, які карае за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі, спробамі ўвесці жорсткі кантроль за інтэрнэтам і незалежнымі СМІ, а таксама правядзеннем будучых прэзідэнцкіх выбараў. Гэтак, адказваючы на закід чэшскіх палітыкаў пра заўсёднае неўключэнне прадстаўнікоў беларускай апазіцыі ў выбаркамы, Ніна Мазай адказала, што “прычына ў самой апазіцыі, якая не можа дамовіцца паміж сабой”.

Аднак ці не галоўнай тэмай абмеркавання стала пытанне дачыненняў Беларусі і Рады Еўропы. У сумеснай заяве па выніках візіту сенатары адзначылі: “Мы ведаем аб супярэчлівасці паміж прынцыповымі адносінамі Рады Еўропы да адмены смяротнага пакарання і беларускім заканадаўствам. Думаем, Беларусі варта паразважаць над тым, што 47 краінаў-сяброў Рады Еўропы маюць супрацьлеглую пазіцыю”. Паводле іх слоў, чэшскай грамадскасці абсалютна незразумела, чаму Беларусь — адзіная краіна ў Еўропе — не хоча выконваць патрабаванні Рады Еўропы.

Вынікам, сенатары заявілі аб наяўнасці “пэўнага непаразумення” з беларускімі калегамі, аднак зазначылі, што тыя “ішлі ім насустрач”.

“Другога парламента ў Беларусі няма…”

Ніна Мазай, у сваю чаргу, падкрэсліла паспяховае развіццё ў апошні час узаемаадносін паміж Беларуссю і Чэхіяй па ўсіх кірунках. Паводле БЕЛТА, яна нагадала, што ў 2009 годзе Чэхія старшынствавала ў Еўразвязе, што "дало магчымасць сур'ёзна актывізаваць палітычны дыялог, гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва" паміж Беларуссю і Чэхіяй. Цяперашні візіт парламенцкай дэлегацыі яна лічыць "яшчэ адным крокам у тым працэсе, які пачаўся ў 2009 годзе на ўсіх узроўнях".

На пытанне, ці азначае афіцыйная сустрэча з беларускімі калегамі, што чэшскі парламент цяпер прызнае беларускі, Томаш Ірса адказаў, што, па сутнасці, так.

“Рэч у тым, што ў Беларусі няма другога парламента… У той жа час мы падзяляем пазіцыю Еўразвяза аб сумніўнасці справядлівасці выбараў у беларускі парламент”, — сказаў палітык.

“Візіт — пытанне грошай”

Распавядаючы пра сустрэчы з прадстаўнікамі трэцяга сектару, Томаш Ірса назваў іх галоўнай мэтай візіту.

“Мы маем непасрэднае дачыненне да фармавання чэшскага бюджэту. Беларусь жа ўваходзіць у лік дзесяці краінаў, якім Чэхія ажыццяўляе прыярытэтную падтрымку і дапамогу. Таму наш візіт — пытанне грошай. Мы прыехалі, каб на ўласныя вочы пераканацца, на што гэтыя грошы пайшлі”, — адзначыў сенатар.

Што да працы Пастаяннай камісіі чэшскага Сената па падтрымцы дэмакратыі ў свеце, Томаш Ірса паведаміў, што яны падтрымліваюць дэмакратычны рух і на Кубе, але “Беларусь бліжэй за ўсё”.

Пры гэтым ён удакладніў, што гаворка ідзе пра дапамогу няўрадавым дэмакратычным арганізацыям. “Падстаў для спрыяння двухбаковым адносінам з ўладамі Беларусі ці падтрымкі вашай краіны на ўзроўні Еўразвяза я не бачу”, — лічыць сенатар.

Інфармацыі пра Беларусь усё больш

Адказваючы на пытанне карэспандэнта TUT.BY, ці змянілася стаўленне Чэхіі да Беларусі за апошні год удзелу нашай краіны ў праграме “Усходняе партнёрства”, сенатары адзначылі, што тут варта адрозніваць два кантэксты.

Што да ўрадавых кантактаў паміж Беларуссю і Чэхіяй, то, нягледзячы на спыненне Еўразвязам санкцый у дачыненні да беларускіх чыноўнікаў, іх няма.

“У Чэхіі вучыцца шмат беларускіх студэнтаў, працуюе шэраг праваабарончых арганізацый, якія займаюцца Беларуссю, таму інфармацыі пра вашу краіну ўсё болей. Чэшскія СМІ пішуць пра Беларусь ледзь не кожны дзень. Цяпер падрабязна асвятляюць канфлікт Беларусі і Расіі”, — адказвае Томаш Ірса.

Іржы Нэдома, аднак, дадае, што, нягледзячы на досвед да 1989 года, шараговым чэхам, якія 20 год жывуць ў дэмакратычнай краіне, няпроста зразумець беларускія праблемы.

“Мы пазнаёміліся з Беларуссю бліжэй і ўбачылі, што гэта прыгожая краіна, поўная разумных і працавітых людзей. Чэшская Рэспубліка і мы асабіста лічым Беларусь адной з самых блізкіх для нас краін, з якой нас аб’ядноўвае не толькі падобная мова, але і шмат агульнага ў гісторыі. Чэшскае грамадства пільна сочыць за развіццём Беларусі і жадае яе грамадзянам шчаслівай будучыні”, — гаворыцца ў выніковай заяве чэшскіх сенатараў.

←В Ереване открывается саммит государств ОДКБ

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика