Вiктар ГАЛАВАНАЎ: У Беларусi плануецца ўвесцi крымiнальную адказнасць даўжнiкоў

Источник материала:  

Крымiнальная адказнасць у дачыненнi да даўжнiкоў, якiя не выконваюць рашэннi агульных судоў, ужо ўведзена ў Лiтве, Казахстане i iншых краiнах. Паводле слоў мiнiстра юстыцыi Беларусi Вiктара Галаванава, праекты адпаведных дакументаў распрацаваныя i ў Беларусi. Неабходнасць гэтага новаўвядзення падказала жыццё: летась судовыя выканаўцы не змаглi спагнаць з даўжнiкоў прыблiзна 44 мiльярды рублёў. У большасцi выпадкаў гэта адбываецца з-за таго, што яны наўмысна хаваюць сваю маёмасць, даходы, не жадаюць працаваць. Менавiта ў дачыненнi да вось такiх "ухiлiстаў" будзе прымяняцца крымiнальная адказнасць. Аднак яна, хутчэй за ўсё, не будзе звязана з пазбаўленнем волi. Больш за тое, Мiнюст прапаноўвае даўжнiкоў, якiя наўмысна ўхiляюцца ад рашэнняў агульных судоў, абмяжоўваць у некаторых правах — на паляванне, кiраванне маламернымi суднамi, на перарэгiстрацыю аўтамабiляў, на правядзенне тэхагляду. Гэта будзе прэвентыўнай мерай. Да ведама, летась выканаўцы агульных судоў па рашэннях ДАІ, падатковых органаў, КДК, мытнi i iншых ведамстваў спагналi каля 450 мiльярдаў беларускiх рублёў, з якiх звыш 200 мiльярдаў паступiла ў даход дзяржавы.

Распрацавана канцэпцыя ювенальнай юстыцыi

Яна ўжо ўзгоднена практычна з усiмi ведамствамi. I, як плануецца, будзе разгледжана на пасяджэннi Прававога кансультацыйнага савета пры кiраўнiку дзяржавы. "Гэта канцэпцыя дазволiць больш лаяльна ставiцца да няпоўнагадовых злачынцаў, — падкрэслiў Вiктар Галаванаў. — Сутнасць у тым, што не заўсёды мэтазгодна адпраўляць маладога чалавека, якi спатыкнуўся, у калонiю, дзе, як правiла, сядзяць падлеткi яшчэ горшыя, чым ён. Такое ўздзеянне адзiн на аднаго не садзейнiчае выпраўленню, хутчэй, наадварот. Менавiта таму ў шэрагу развiтых заходнiх краiн створаны спецыяльныя ювенальныя суды для няпоўнагадовых, якiя дазваляюць не iзаляваць канкрэтнага маладога парушальнiка ад грамадства. Iх справы разглядаюць суддзi, якiя працуюць толькi ў гэтай сферы, у судовых пасяджэннях прымаюць удзел псiхолагi i педагогi. Усё гэта накiравана, у першую чаргу, на перавыхаванне падлеткаў. Такая сiстэма, мяркуецца, будзе створана i ў нас".

"Рэспублiка Беларусь", або "Беларусь". Трэцяга няма

"Назва нашай краiны дакладна замацавана заканадаўствам: Рэспублiка Беларусь, альбо Беларусь, — адзначыў мiнiстр юстыцыi. — Нягледзячы на гэта, у асобных сродках масавай iнфармацыi, дзяржаўных i iншых арганiзацыях некаторых замежных краiн не ўжываюць афiцыйную назву нашай краiны". У сувязi з гэтым быў накiраваны лiст з пажаданнямi называць беларускую дзяржаву правiльна ў Мiнiстэрства юстыцыi Расii. Расiйскi бок цалкам прызнаў сваю памылку. "Згодна з iнфармацыяй, якая да нас паступiла, наша просьба перададзена ў адмiнiстрацыю прэзiдэнта Расii". Падобныя лiсты-пажаданнi беларускае мiнiстэрства юстыцыi плануе накiраваць сваiм калегам з шэрагу iншых краiн. "Я думаю, мы "разрулюем" усе пытаннi з улiкам дзейнага нашага заканадаўства i нормаў ААН".

Заснавальнiкi палiтычных партый пры iх рэгiстрацыi i зборы подпiсаў павiнны прытрымлiвацца беларускага заканадаўства

"Я не сказаў бы, што ў Беларусi супержорсткi парадак рэгiстрацыi палiтычных партый, — кажа Вiктар Галаванаў. — Аб гэтым сведчыць тое, што летась сталi на ўлiк i зарэгiстравалiся звыш пяцi тысяч новых арганiзацыйных структур (у тым лiку 18 арганiзацыйных структур палiтычных партый). Але не трэба гэты працэс пачынаць з манiпуляцый з подпiсамi. Пачынаць працэс рэгiстрацыi трэба чыстымi рукамi". У якасцi прыкладу мiнiстр юстыцыi прывёў БХД (Беларуская Хрысцiянская Дэмакратыя), якая спрабавала зарэгiстравацца з грубымi парушэннямi, i ў вынiку засталася "з носам". "Мы, паверце, рады любому грамадскаму аб'яднанню, якое праявiць жаданне зарэгiстравацца. Але гэта павiнна быць такая арганiзацыя, у якую сапраўды паверылi б людзi". Усяго ў Беларусi на сёння налiчваецца 60 тысяч грамадскiх арганiзацый, прафсаюзных арганiзацый i iх структур, а таксама палiтычных партый.

Спектр натарыяльных паслуг будзе пашыраны

Мiнiстэрства юстыцыi плануе сёлета разгледзець пытанне аб новым вiдзе натарыяльных паслуг. "Мяркуецца, што натарыус зможа выязджаць на пасяджэннi арганiзацый, iншых структур, каб рэгiстраваць удзельнiкаў пасяджэння, рашэннi, якiя на iм прынятыя, подпiсы. Гэта патрэбна для таго, каб пасля пазбегнуць спрэчак унутры юрыдычных структур". Акрамя таго, нагадаў Вiктар Галаванаў, з 2009 года грамадзяне могуць замаўляць у ЗАГСах урачыстыя рэгiстрацыi шлюбу па iндывiдуальным сцэнары альбо з выездам да месца правядзення вяселля. Дарэчы, у параўнаннi з 2008 гадам, летась колькасць зарэгiстраваных шлюбаў узрасла амаль на 2 працэнты.

Надзея ДРЫЛА

←Давос уполномочен заявить

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика