«На хвалі часу, у плыні жыцця»: апытанне сярод шаркаўчан

Источник материала:  
05.12.2019 — Разное
«На хвалі часу, у плыні жыцця»: апытанне сярод шаркаўчан

Барыс Войтаў, Фама Рамашка і Ананій Буйчонак падчас выезду на палеткі раёна (канец 1980-х гадоў)

 

У нашым раёне цяжка знайсці чалавека, які б не чытаў “Кліч Радзімы”, не цікавіўся навінамі свайго рэгіёну. Шаркаўчане дзесяцігоддзямі сябруюць з нашым перыядычным выданнем, бо менаіта з раёнкі кожны мае магчымасць пазнаць пра апошнія падзеі, людзей, знайсці на старонках перыядычнага выдання штосьці цікавае і карыснае для сябе.

Напярэдадні 75-годдзя выхаду першага нумара раённай газеты мы правялі апытанне сярод жыхароў Шаркаўшчыны і раёна і даведаліся, як даўно яны сябруюць з нашай газетай, што найбольш падабаецца ў ёй чытаць, а таксама выслухалі пажаданні на будучае калектыву рэдакцыі “Кліч Радзімы”.

Людміла Лабачэўская, індывідуальны прадпрымальнік, в. Сталіца:

— Мне было пракладна 10-11 год, калі стала пісаць невялікія вершы. Крыху пазней параілі адаслаць іх у раённую газету. У той час пры рэдакцыі існавала літаратурнае аб’яднанне “Завязь”, якім кіраваў Расціслаў Мележ — родны брат класіка беларускай літаратуры Івана Мележа. Мяне, маладую дзяўчыну-школьніцу прынялі ў свае рады. У літаратурным аб’яднанні былі людзі сярэдняга і стала ўзросту. Мая сяброўка вучылася на журфаку БДУ, параіла і мне таксама паступаць у гэту ВНУ. Я так і зрабіла. Кожны год праходзіла практыку ў раённай газеце “Кліч Радзімы”. У той час галоўным рэдактарам працаваў Сяргей Шанкевіч — строгі, але справядлівы кіраўнік, граматны спецыяліст. Наогул, у той час у шаркаўшчынскай “раёнцы” быў сяброўскі, згуртаваны калектыў. З цеплынёй у сэрцы ўспамінаю Фаму Рамашку, Вячаслава Смятанку, Віктара Мацука і іншых работнікаў. Пасля заканчэння ВНУ працавала ў Мар’інай Горцы. У 1991 годзе вярнулася на сваю малую радзіму, з’яўлялася намеснікам галоўнага рэдактара газеты “Кліч Радзімы”.

Хачу пажадаць сваім калегам, хто сёння працуе ў рэдакцыі, канечне ж, здароўя, творчай атмасферы ў калектыве, сяброўства і ўзаемападтрымкі! З юбілеем вас, дарагія сябры!

 Ядзвіга Чарвінская, ветэран педагагічнай працы, г.п. Шаркаўшчына:

— На працягу многіх год выпісваю і чытаю раённую газету. Падабаюцца матэрыялы, прысвечаныя школьнай і маладзёжнай тэматыцы. Як былога дырэктара школы, мяне гэта вельмі цікавіць. З вялікім задавальненнем чытаю вершаваныя творы нашых землякоў у тэматычнай паласе “Світанак”. Заўсёды цікавяць матэрыялы, у якіх расказваецца пра развіццё аграпрамысловага комплексу раёна. Цікава даведацца са старонак газеты пра апошнія навіны раёна. Асабліва падабаюцца матэрыялы, у якіх расказваецца пра пажылых людзей, ветэранаў працы — бо я і сама знаходжуся на заслужаным адпачынку.

Ад усёй душы жадаю калектыву рэдакцыі не спыняцца на дасягнутым творчым шляху, заўсёды своечасова даносіць да чытачоў навіны з жыцця раёна. Здароўя вам, творчага натхнення, сустрэч з цікавымі людзьмі і лёгкага пяра!

Ніна Буда, намеснік дырэктара ААТ “Ельня-Агра”, в. Зорка:

— Дакладна не памятаю, колькі мне было год, калі ў дзяцінстве я ўпершыню ўзяда ў рукі раённую газету, напэўна, тады, калі пачала добра чытаць. Мае бацькі заўсёды выпісвалі “Кліч Радзімы”. Вось і я да цяперашняга часу сябрую з нашай раённай газетай. Выпісваю яе не толькі таму, што да гэтага абавязвае мая службовая пасада, але найперш таму, што і сапраўды прыемна трымаць у руках друкаваны аркуш, дзе можна знайсці матэрыялы самай рознай тэматыкі, быць у курсе падзей, якія адбываюцца ў нашым раёне. Карэспандэнтам газеты вельмі ўдзячна за плённае супрацоўніцтва з нашай гаспадаркай. Старанная праца хлебаробаў, жывёлаводаў ААТ “Ельня-Агра” заўсёды асвятляцееца на старонках “Кліч Радзімы”, як і падзеі, што адбываюцца ў нашым сельгаспрадпрыемстве.

Шчыра жадаю калектыву рэдакцыі ўпэўненым крокам ісці ў будучыню, не страчваць, а павялічваць колькасць падпісчыкаў! Вы — сапраўдныя прафесіяналы сваёй справы! Творчага натхнення вам, дарагія сябры, поспехаў на журналісцкай ніве і дабрабыту ў сем’ях!

Людміла Ардынская, удзельніца народнага літаратурна-музычнага аб’яднання “Світанак”, аг. Радзюкі:

— У Шаркаўшчынскі раён я прыехала жыць у 1985 годзе, але яшчэ з дзяцінства памятаю, што ў нашым доме ў Глыбокім кватэравалі шаркаўчане, якія працавалі ў розных арганізацыях горада. Час тыды быў складаны, не хапала прадуктаў, адзення. Маленькай дзяўчынкай я паехала ў Шаркаўшчыну, каб купіць сабе боцікі, бо ў Глыбокім у продажы дзіцячага абутку не было. Тая паездка ў Шаркаўшчыну мне запомнілася на ўсё жыццё. Пазней пра гэта я напісала верш “Шаркаўшчынскія чаравічкі”.

Больш 30 год не парываю сувязей з шаркаўшчынскай раённай газетай, з’яўляюся яе пастаянным падпісчыкам, чытачом. Сярод шматлікіх артыкулаў падабаюцца матэрыялы на гістарычную, краязнаўчую тэматыку. Люблю чытаць пра культурныя падзеі, якія адбываюцца ў нашым рэгіёне. Як удзельніца народнага літаратурна-музычнага аб’яднання “Світанак”, дасылаю свае вершы ў рэдакцыю, якія друкуюцца ў аднайменнай тэматычнай паласе.

Напярэдадні юбілею жадаю супрацоўнікам рэдакцыі новых творчых знаходак, вялікай жанравай палітры, як мага часцей выдаваць артыкулы на беларускай мове. Няхай вам, паважаныя сябры, заўсёды шчасціць у жыцці!

Дзмітрый Андрэйчык, пенсіянер, в. Грыблы:

— З раённай газетай я сябрую яшчэ з тых часоў, калі яна мела назву “Калгасны шлях”. Разам са сваёй жонкай Аляксандрай Мікалаеўнай, якая працавала галоўным бухгалтарам калгаса “Іскра”, па вечарах мы разам гарталі старонкі “раёнкі”. Мне, як механізатару, заўсёды прыемна было чытаць матэрыялы пра нашых калег-механізатараў. Цікава было даведацца, як працуюць трактарысты ў іншых гаспадарках раёна, якіх поспехаў дасягаюць. Жонка цікавілася сацыяльна-эканамічнымі паказчыкамі сельгаспрадпрыемстваў, раёна ў цэлым. Вось і цяпер я не здраджваю раённаму перыядычнаму выданню і заўсёды выпісваю нашу “Кліч Радзімы”. У канцы ліпеня ў Грыблах прайшло запамінальнае мерапрыемства — “Сустрэча землякоў”. На яго сабралася амаль 100 чалавек з рэспублік былога СССР. Гэта падзея адлюстравалася і на старонках раённай газеты, нумар якой я беражна захоўваю дома.

Няхай заўсёды існуе наша “Кліч Радзімы”, кожны нумар якой заўсёды з нецярпеннем чакаюць чытачы ў сваім доме!

Вадзім Мацяс, старшыня Маладзёжнай палаты раёна, аг. Вялікае Сяло:
— 21 стагоддзе — стагоддзе камп’ютарных тэхналогій. У наш час роля друкаваных СМІ некалькі губляецца. Я не адмаўляюся ад смартфона, ноўтбука, але таксама імкнуся звяртаць ўвагу на тое, пра што пішуць у газетах і часопісах.
Маё сяброўства з газетай «Кліч Радзімы» заключаецца ў тым, што я заўсёды яе чытаю або проста праглядваю. Раёнку чытаюць таксама мае бацькі маці і тата. Там можна знайсці цікавую і карысную інфармацыю для сябе.
На скліканнях Маладзёжнай палаты заўсёды прысутнічае супрацоўнік раённай газеты. Звычайна гэта Алена Ананіч — наш шчыры сябар. Яна ўважліва слухае тое, што мы абмяркоўваем, штосьці пазначае ў свой штодзённік. Потым робіцца фотаздымак, а пасля, праз некаторы час, мы бачым артыкул на старонках друкаванага выдання.
Мы заўсёды імкнёмся падтрымліваць сувязь з “Кліч Радзімы”, бо праз артыкулы, напісаныя яе карэспандэнтамі, мы расказваем іншым людзям пра тое, чым займаецца сучасная моладзь. Мне здаецца, што і самім супрацоўнікам газеты цікава прысутнічаць на падобных мерапрыемствах.
Вось у гэтым і праяўляецца маё асабістае сяброўства, а таксама сяброўства Маладзёжнай палаты з раённай газетай “Кліч Радзімы”.
Ад усёй душы жадаю нашаму выданню шмат чытачоў і толькі цікавых артыкулаў, а працоўнаму калектыву — здароўя, творчага натхнення, настойлівасці і поспехаў у іх нялёгкай працы.
Святлана і Дзмітрый ТАРАРАКІ:
— Час дыктуе свае правілы… Падчас нашага дзяцінства не было гаджэтаў, камп’ютараў, а таму людзі часцей размаўлялі ўжывую, дзеці гулялі на вуліцы, сем’ямі хадзілі ў госці. Лічу, у многіх бацькоў у канцы працоўнага дня заўсёды быў асаблівы рытуал — пагартаць, прачытаць раёнку… Гэта простая звычка перайшла і ў нашу сям’ю. Вельмі прыемна адкрыць раённую газету «Кліч Радзімы», даведацца пра навіны, парадавацца за дасягненні землякоў, падзяліць моманты асабістых перамог са знаёмымі і проста падпісчыкамі роднага выдання.
Калі мы спыталі ў старэйшага і сярэдняга сына: “Як бы вы павіншавалі раённую газету?”, дзеці адказалі так: “Наш раён, як быццам нагадвае вялікі вулей, у якім ёсць шмат сем’яў. Кожная сям’я выконвае свае пэўныя функцыі і задачы, а газета ў вуллі — гэта галоўны цэнтр збору інфармацыі”. Вось як цікава думаюць дзеці! Таму ад нашай сям’і “газетнаму вулею” хочам пажадаць росквіту, новых і цікавых падзей, добрых вестак, удзячных і шматлікіх падпісчыкаў.
Яўгеній БЯЛЕВІЧ, начальнік Шаркаўшчынскага ўчастка электрасувязі:
— Прыміце самыя шчырыя віншаванні з 75-годдзем вашага выдання! Бо за доўгія гады свайго існавання раёнка стала вельмі папулярнай, ёю ганарацца, яе любяць і чакаюць. Такіх адносін і любові вартая сапраўды добрая газета, якая думае пра сваіх чытачоў, распавядае навіны, дорыць усмешкі і віншаванні, смуткуе і памятае, а значыць заўсёды знаходзіцца з імі на адной хвалі.
Так і для нашага калектыву раённая газета адыгрывае вельмі важную ролю. Для Шаркаўшчынскага УЭС “Кліч Радзімы” гэта не толькі сродак якаснага і своечасовага асвятлення ўсіх самых важных падзей у жыцці нашага калектыву, але і інструмент інфармавання нашых абанентаў раёна пра падзеі, а таксама асаблівасці працы РУП “Белтэлеком” увогуле. Так, дзякуючы раёнцы, насельніцтва загадзя даведалася аб пераездзе пункта продажаў паслуг і абслугоўвання кліентаў на новы адрас, пра змены ў графіку працы сэрвіснага цэнтра. “Кліч Радзімы” — своеасаблівы інфармацыйны мост да нашых абанентаў.
Ад імя ўсяго калектыву яшчэ раз віншуем вас з юбілейнай датай! Спадзяёмся, што наша супрацоўніцтва будзе плённым і ў далейшым. Жадаем вашаму выданню далейшага росквіту і ўсебаковага развіцця, а творчаму каллектыву — рэалізацыі намечаных планаў, натхнення, прафесійных поспехаў, прымнажэння добрых традыцый, а таксама здароўя і асабістага шчасця ўсім супрацоўнікам рэдакцыі. Рухайцеся заўсёды толькі наперад, заставайцеся цікавым, сучасным і добразычлівым суразмоўцам для нас — чытачоў!
Інэса ФОЦІНА, дырэктар ФСК “Шаркаўшчына”:
— Я люблю чытаць газеты. Так-як, у век камп’ютарных тэхналогій і маленькіх літар на тэлеэкране, я атрымліваю велізарнае задавальненне, беручы ў рукі нейкі матэрыяльны доказ таго, што жыццё вакол мяне кіпіць і развіваецца. Ведаю, магла б атрымаць тую ж самую інфармацыю адкрыўшы ноўтбук, IPad або тэлефон. Але для мяне нічога не параўнаецца з тым трапятаннем, якое ты адчуваеш, адкрываючы свежую газету па раніцах. Не хочацца занадта драматызаваць, але момант, калі я пачынаю чытаць газету, вельмі падобны на падзею ў тэатры. Менавіта ў той час, калі аркестр пачынае іграць яшчэ да таго, як паднялі заслону. Ты ніколі не ведаеш напэўна, што цябе чакае, але ўпэўнены, што праз тваю свядомасць пройдзе мноства ідэй і меркаванняў, пра якія нават ніколі не думаў. Гэта дазваляе мне адысці ад уласных думак, меркаванняў і розных праблем. Мая любімая газета «Кліч Радзімы», з юбілеем цябе! Усяму калектыву жадаю плённай працы, дабрабыту, сямейнага шчасця і мірнага неба.
Эдвард ВЯЛІЧКА, начальнік Шаркаўшчынскага раёна газазабеспячэння філіяла УП «Браслаўгаз»:
— Для творчых людзей павінна быць і творчае віншаванне. У мяне яно такое…
Газета — новостей исток,
Форматом небольшая,
Но словно «Боевой листок»
Всегда — передовая.

Они и с улиц, и с полей
На все с хорошим взглядом
Районка пишет про людей,
Живущих с нами рядом!

И где бы не были вдали мы,
Но сразу пульс забьется.
Прочтешь газету «Кліч Радзімы»
И сердце отзовется!

Я ей желаю: так держать!
Немаловажно тоже
Газете семьдесят и пять,
Но коллектив моложе!

Пусть вам всегда везде везет
И далеко, и близко,
И коль газета позовет
Мы дружно — на подписку!
Віншую адзіную і любімую газету з юбілеем! Жадаю калектыву шчасця, любові і толькі добрых навін.

Апытанне правялі Сяргей РАЙЧОНАК і Алена АНАНІЧ.

Comments are closed.

Яндекс.Метрика