Выйшла ў свет паэма пра Горацкі край

Источник материала:  
09.11.2018 — Разное

У кастрычніку ў чытальнай зале цэнтральнай раённай бібліятэкі імя М. Гарэцкага адбылася прэзентацыя паэмы “Тут росы бялей…” выдатнай горацкай паэтэсы, члена Саюза беларускіх пісьменнікаў, народнага літаратурнага аб’яднання “Роднае слова”, лаўрэата і пераможцы міжнародных літаратурных конкурсаў, аўтара ўжо 10 зборнікаў  Лідзіі Андрэеўны Мініч (Лідзіі Андрэевай).

Выйшла ў свет паэма пра Горацкі край

Прэзентацыя паэмы праходзі­ла ў рамках праекта да 125-годдзя з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Максіма Іванавіча Гарэцкага “Ён думкай і словам служыў Беларусі” і Года малой радзімы, бо гэты твор цалкам прысвечаны любаму кожнаму з нас куточку беларускай зямлі — Горкам і Горацкаму краю. У зале сабралася шмат прыхільнікаў паэтычнага слова аўтара, яе творчасці, сябры і прадстаўнікі ўлады.

Як спачатку адзначыла вядучая, загадчыца аддзела абслугоўвання Алена Марозава, вершы Лідзія Андрэеўна пачала пісаць пасля выхаду на заслужаны адпачынак. Дагэтуль жанчына добрасумленна працавала на зааінжынерным факультэце акадэміі: спачатку аспірантам, затым старшым выкладчыкам, дацэнтам.

Сёння Лідзія Андрэеўна ўжо не ўяўляе сябе без паэзіі. Яе захапленне складаць вершы перарасло ў своеасаблівы стыль жыцця. У 2005-м выйшаў першы зборнік вершаў “Спешу сказать”, затым — “Жыватворная крыніца”, “Споведзь”, “Мая сям’я ад А да Я” і іншыя. У зале бібліятэкі напрыканцы мінулага года праходзіла прэзентацыя паэтычнага зборніка Лідзіі Андрэеўны “Ніці”. І вось новае выданне ўбачыла свет — “Тут росы бялей…”.

Трэба адзначыць, што ў літаратурнай скарбонцы гэтага аўтара шмат твораў, якія прысвечаны Магілёўшчыне, малой радзіме, людзям працы. Аднак для Л. А. Мініч паэма пра Горацкі край сапраўды асаблівая: ад самага пачатку яе задумкі, плённых гадоў працы да выдання.

Лідзія Андрэеўна падзялілася з прысутнымі гісторыяй твора. Аказваецца, прапанова напі­саць нешта накшталт паэмы пра Горацкі край паступіла больш за пяць гадоў таму ад кіраўніка народнага літаратурнага аб’яднання “Роднае слова” Людмілы Дзеружковай.

Адмовілася адразу і доўгі час не пагаджалася. Бо разумела, што гэта справа вельмі сур’ёзная і адказная. Ды і выніковую працу трэба будзе воносіць на суд тысяч чытачоўАле Людміла Мікалаеўна не адступала. І пасля першых радкоў паэма хвалявала мяне на працягу пяці апошніх гадоў. У гэты час я яе не пакідала па-за ўвагай.

 

Кніга “Тут росы бялей…” можа мець вялікую цікавасць не толькі для аматараў добрай паэзіі, а, у першую чаргу, для ўсіх тых, хто надае ўвагу гісторыі і па­дзеям у сваім краі, неабыякава ставіцца да памяці продкаў, да сваёй малой радзімы. На прэзентацыі таксама адзначылі, што для паэмы была абрана канцэпцыя напісання гісторыі нашага раёна ў кантэксце краіны. Па словах аўтара, тое, што тычыцца ўсёй Беларусі, яе кіраўніцтва, падзей, гэтыя змяненні адчуваюць і ў маленькіх гарадах. Бываюць выпадкі, якія аб’ядноўваюць усіх грамадзян. Тады яны бяруцца за рукі, каб абараніць сям’ю, дом, Радзіму, адстаяць незалежнасць краіны.

Павіншаваць паэтку з выданнем новай кнігі прыйшла старшыня Горацкага раённага Савета дэпутатаў Аксана Агароднікава. Яна падзякавала Лідзіі Андрэеўне за плённую працу, вынікам якой стала цудоўная паэма ў Год малой радзімы. Гэты твор — не­ацэнны ўклад для захавання гісторыі і развіцця культуры нашага краю. Аксана Алегаўна ад кіраўніка раёна Сяргея Кулагіна перадала аўтару пажаданні пос­пехаў у творчасці, моцнага здароўя і доўгія гады радаваць чытачоў сваёй паэзіяй. Да віншаванняў далучыўся галоўны спецыяліст аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі райвыканкама Уладзімір Чыкізаў.

Па словах Лідзіі Андрэеўны, каб стварыць дакладны твор, у якім прасочваецца вялізны адрэзак гісторыі Горацкага краю, трэба было звяртацца за дапамогай. Пры гэтым грунтоўную рэдакцыйную падтрымку пры напісанні паэмы аказаў кандыдат гістарычных навук дацэнт Аляксандр Каданчык. Ён адзначыў, што ў Лідзіі Андрэеўны велізарны патэнцыял. Спектр тэм у яе вершах вельмі разнастайны: ад праўдзівых сацыяльных праблем да жыццёвых сітуацый.

Выйшла ў свет паэма пра Горацкі край

Новая паэма прысвечана таксама і юбілейнай даце вызвалення Горак і раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, якую мы адзначым у будучым годзе. Гэта тэма для Лідзіі Андрэеўны з’яўляецца свяшчэннай і асаб­ліва хвалюючай — на вайне ў яе загінулі пяць родных. Па словах аўтара, падзеі тых часоў сёння кранаюць не толькі дзяцей вайны, якія памятаюць яе жахі, але і ўсіх жыхароў нашага краю. Бо ў кожнага з нас ёсць сваякі, якія пайшлі на фронт, у партызаны, каб абараніць краіну.

Трэба адзначыць, што кніга добра ілюстравана фотаздымкамі. Яны былі прадастаўлены горацкімі прафесіяналамі Міхаілам Ляўцовым, Аляксандрам Гурыкавым і Аляксандрам Храмко. Словы ўдзячнасці ім адрасавала аўтар. Кніга з прыгожымі відамі чытаецца на адным дыханні. Збіраць і сістэматызаваць здымкі дапамагалі супрацоўнікі Горацкага раённага гісторыка-этнаграфічнага музея, шэраг фота быў узяты менавіта з яго фонду.

Павіншавала аўтара з выданнем новага твора і Людміла Дзеружкова. Яна шчыра сказала, што Лідзія Андрэеўна адносіцца да тых аўтараў, якія адказна ставяцца да пісьменніцкай справы. Сваё паэтычнае майстэрства яна неаднаразова пацвярджала дыпломамі міжнародных літаратурных форумаў, фестываляў, конкурсаў. Гэта чалавек з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, якая хварэе душой за роднае і спрадвечнае.

Добрыя словы ў адрас аўтара прыйшлі выказаць калегі, з якімі Лідзія Андрэеўна разам працавала ў акадэміі і зараз падтрымлівае сяброўскія адносіны. Кандыдат біялагічных навук дацэнт Віктар Караба ад дэканата роднага факультэта і калег пажадаў поспехаў ва ўсіх справах. Да пажаданняў далучылася і дацэнт кафедры лінгвістычных дысцыплін Ганна Малько. Яна дала высокую адзнаку кнізе, якую назвала “сапраўднай візітнай карткай нашага горада”.

Галоўны бібліятэкар акадэмічнай бібліятэкі імя Дз. Р. Новікава Марыя Студнёва павіншавала Лідзію Андрэеўну з выхадам літаратурнага летапісу нашага горада. Гэта выданне, якое “цешыць вока і грэе душу”, — можа быць добрым падарункам гасцям нашага краю.

Дырэктар Горацкай раённай бібліятэчнай сеткі Ірына Пачэкіна выказала ўпэўненасць, што паэма “Тут росы бялей…” знойдзе сваіх прыхільнікаў, папоўніць залатую скарбонку літаратурнай спадчыны нашага раёна, зойме ганаровае месца на паліцах бібліятэк.

Словы асаблівай удзячнасці Лідзія Андрэеўна адрасавала людзям, без спонсарскай дапамогі якіх не выйшаў бы твор. Гэта калектывы і кіраўнікі ВГУП “Горацкі элеватар” Пётр Панасюга і ААТ “Горкілён” Віталь Еўціховіч,  дырэктар ЗАТ “Консул” Віктар Раўкоў. Аўтар з вялікай падзякай прэзентавала ім кнігі з аўтографам і рыфмаванымі пажаданнямі. Пётр Панасюга, у сваю чаргу, выказаў захапленне талентам горацкай паэтэсы, па­дзяліўся ўражаннямі ад паэмы.

Шмат гучала ў гэты творчы вечар шчырых слоў у адрас Лідзіі Андрэеўны. Букеты кветак дарылі госці. Прэзентацыя цудоўнай паэмы пра Горацкі край “Тут росы бялей…” скончылася пажаданнямі аўтару, каб яе творчая зорка як мага болей часу свяціла на літаратурным небасхіле, і аўтар кожны год радавала чытачоў новымі творамі.

Валерыя ДРАЗДОЎСКАЯ

Фота Міхаіла ЛЯЎЦОВА

 

 

←Дзень прызыўніка ў Смаргонскай пагранічнай групе

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика