«Сабраць ураджай без страт»
Пад такой назвай прайшоў раённы семінар па падрыхтоўцы да ўборачнай кампаніі.
На прасторным двары сушыльнага комплексу ААТ “Чэрвеньскі райаграсэрвіс” сабраліся начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Андрэй Макаранка, спецыялісты ўпраўлення, кіраўнікі гаспадарак, галоўныя інжынеры, аграномы, камбайнеры. На семінар запрасілі вядомага беларускага вучонага Якава Яроцкага, кандыдата тэхнічных навук, дырэктара Магілёўскага абласнога Цэнтра кансультавання і аграрнай рэформы. Вельмі яскрава, эмацыянальна, даступна тлумачыў Якаў Усцінавіч асаблівасці падрыхтоўкі да працэсу ўборкі ураджаю. Навуковец падрабязна расказаў як без страт і з большай выгадай правесці адказную кампанію. Для гэтага існуе шмат магчымасцей. Ад тэхналогіі ранняй уборкі і сплюшвання недаспелага зерня, вельмі цэннага для корма жывёле, да латання дзірак і шчылін у камбайнах. Пры безумоўным выкананні зусім простых нескладаных дзеянняў магчыма максімальна сабраць і захаваць сёлетні небагаты ўраджай. Словы Якава Яроцкага былі падцверджаны вопытным шляхам. У працуючы камбайн кідалі салому і зерне, каб назіраць дзе знаходзяцца найбольш небяспечныя для высыпання зерня месцы.
Сярод кіраўнікоў і спецыялістаў шмат маладых, мала вопытных людзей. Інфармацыя, атрыманая на семінары, значна папоўніла веды маладых аграрыяў.
Галіна ГАМЕЗА. Фота аўтара