Дзіцячая бяспека

Источник материала:  
29.06.2018 — Разное

Дзіцячая бяспека

ВЫТРЫМАЛІ ВЫПРАБАВАННІ

Вучні Дзераўнянскай школы дастойна прадставілі Стаўбцоўшчыну на ХV, юбілейным, абласным палявым лагеры «Юны выратавальнік». На Плешчаніцкім вадасховішчы ў Лагойскім раёне яны вытрымалі ўсе выпрабаванні і ўвайшлі ў дзясятку мацнейшых, а ў спаборніцтвах па валейболе не пакінулі сапернікам шанцаў – былі першымі.

Як расказала інспектар раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Вольга Салей, на працягу чатырох дзён дзяўчынкі і хлопчыкі ўдзельнічалі ў конкурсах, знаходзілі новых сяброў і зараджаліся творчым настроем.

Ужо ў дзень заезду быў аб’яўлены першы конкурс – на званне лепшага палатачнага гарадка. Кожная каманда змагла здзівіць журы. «Разынкай» нашай каманды стала «Падарожжа па Коласаўскіх мясцінах». На другі дзень удзельнікаў злёту чакалі сапраўдныя выпрабаванні – зводна-палявыя вучэнні, падчас якіх трэба было праявіць вытрымку, хуткасць, кемлівасць. Ім прыйшлося ліквідоўваць наступствы хімічнай аварыі, тушыць пажар, праводзіць выратавальныя работы на вадзе, шукаць тых, хто згубіўся ў лесе і знаходзіцца ў задымленым памяшканні, выяўляць небяспечны груз на паверхні вады і ўтылізоўваць яго. А трэці дзень выдаўся надзвычай песенным: прайшлі конкурсы «Агляд песні і строю» і «Хіт бяспекі».    

Падводзячы вынік, можна сказаць, што злёт навучыў хлопчыкаў і дзяўчынак жыць у палявых умовах, прадбачыць складаныя сітуацыі і правільна на іх рэагаваць, а яшчэ – быць камандай, сапраўднай сям’ёй юных выратавальнікаў-пажарных.

 

КАНІКУЛЫ БЕЗ ДЫМУ І АГНЮ

На Стаўбцоўшчыне распачалася акцыя «Канікулы без дыму і агню», асноўная мэта якой – папярэджанне пажараў з-за дзіцячага свавольства з агнём, недапушчэнне гібелі і траўматызму дзяцей у перыяд летніх канікулаў.

Каб дасягнуць пастаўленай мэты, работнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях наведваюцца ў госці да хлопчыкаў і дзяўчынак у аздараўленчыя лагеры раёна. Так, у старце акцыі прынялі ўдзел выхаванцы лагераў дзённага адпачынку на базе ўстаноў адукацыі раёна.

У рабоце з дзецьмі выратавальнікі прымяняюць розныя формы перадачы інфармацыі – праз гульні, конкурсы, віктарыны, дэманстрацыю пажарнай аварыйна-выратавальнай тэхнікі. Нязменнай папулярнасцю карыстаецца прымерванне пажарнага «адзення» – чарга выстройваецца такая, што пазайздросціць любы магазін.

– Усё тое, што выратавальнікі даводзяць дзецям, павінна гарантаваць ім цудоўны летні настрой і бяспечную будучыню, – адзначае начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Валерый Ілюшын.

 

СА ЗВОДАК МНС. ПАЦЯРПЕЛІ ДЗЕЦІ…

Лета – любімая пара школьнікаў. Аднак адпачынак не заўсёды бывае бяспечным.

Усяго за першыя тыдні лета ў зводкі выратавальнікаў трапіла нямала няшчасных выпадкаў з дзецьмі. Іх галоўнай прычынай стала тое, што дзеці, а парой і дарослыя, не ведалі правілаў бяспекі або не выконвалі іх.

Да прыкладу, 2 чэрвеня ў Лідзе трэцякласнік атрымаў апёкі пры спальванні смецця. Хлопчык кінуў у касцёр балончык з-пад фарбы, у выніку чаго адбыўся разрыў ёмістасці і выкід гарачых пырскаў. Пацярпелы шпіталізаваны. У гэты ж дзень з Навагрудка паведамілі пра шпіталізацыю вучня 5 класа – падчас спальвання смецця на прыватным падворку хлопчык аступіўся, упаў у касцёр і атрымаў апёкі рук.

9 чэрвеня ў Жлобіне дзевяцікласнік і яго сябар, вучань 7 класа, сабралі самаробны балончык з пнеўматыкі і, пры падпале кнота, ёмістасць выбухнула непасрэдна ў руках старэйшага падлетка. Яму часткова ампутаваны пальцы правай кісці. У выніку выбуху пацярпелі яшчэ двое падлеткаў. У гэты ж дзень выратавальнікі Мастоўскага раёна атрымалі паведамленне аб утапленні: ахвярамі ракі сталі двое дзяцей, ва ўзросце 7 і 14 гадоў, і бацька аднаго з іх, 44-гадовы мужчына.

10 чэрвеня здарылася бяда на вадзе ў Столінскім раёне. Двое мужчын пераходзілі разам з дзецьмі раку і трапілі ў падводную яму. Адзін з дарослых выбраўся і змог выратаваць дзяцей, другі – загінуў.

Акрамя таго, 11 чэрвеня ў Віцебску 11-гадовы хлопчык сарваўся з балкона пятага паверха жылога дома. У бальніцы ён памёр. Не выключана, што прычынай здарэння сталі небяспечныя гульні на вышыні.

Вельмі небяспечна пакідаць малалетніх без нагляду. Так, 3 чэрвеня з акна шматпавярхоўкі ў Пружанах выпала двухгадовае дзіця, якое залезла на падаконнік і надавіла на маскітную сетку. У момант здарэння дома былі матуля і яшчэ трое дзяцей. Аналагічны выпадак здарыўся з чатырохгадовым дзіцем у Ганцавічах. Абое пацярпелыя дастаўлены з траўмамі ў бальніцу.      

Паважаныя бацькі! Памятайце, што малых дзяцей неабходна трымаць на адлегласці выцягнутай рукі, а са школьнікамі малодшага і сярэдняга ўзросту трэба часцей гутарыць на такія тэмы, як месцы для небяспечных гульняў, вадаёмы, гульні з запалкамі і выбухованебяспечнымі рэчывамі. Прывівайце ім навыкі дзеянняў у выпадку няштатных сітуацый. Са старэйшымі дзецьмі праводзьце прафілактыку адносна небяспечных сэлфі.

 

ДАХОДЛІВА РАСТЛУМАЧВАЦЬ, ТРЫМАЦЬ ПАД ПІЛЬНЫМ НАГЛЯДАМ

Аб тым, як вучыць бяспецы і на што звяртаць увагу, расказвае памятка для бацькоў.

Дома

1. Дзіця малодшага школьнага ўзросту павінна ведаць дамашні адрас і нумар тэлефона. Трэба навучыць яго карыстацца мабільным тэлефонам, каб пры неабходнасці яно магло пазваніць у службы экстраннай дапамогі, а таксама на работу бацькам. Побач з тэлефонам лепш замацаваць ліст паперы з усімі неабходнымі нумарамі. Раскажыце дзіцяці, у якіх абставінах гэтыя нумары можна набіраць.

2. Растлумачце дзіцяці, што ў выпадку пажару неабходна выбягаць на вуліцу і клікаць на дапамогу, ні ў якім разе нельга хавацца ў доме ці кватэры.

3. Запалкі і запальнічкі захоўвайце ў недаступных для дзяцей месцах.

4. Не дазваляйце дзіцяці самастойна карыстацца газавымі і электрычнымі прыборамі, распальваць печ.

5. Ні ў якім выпадку не пакідайце без нагляду малалетніх дзяцей.

Вёска або дача

1. Калі адпраўляеце дзяцей у вёску або на дачу, яшчэ раз нагадайце ім пра асноўныя правілы бяспекі. Гульні з запалкамі на гарышчах, сенавалах, у хлявах, як і падпальванне сухой травы, – недапушчальныя забавы.

2. Калі ў вас на дачы рамонт або будаўніцтва, агарадзіце небяспечныя ўчасткі. Інструменты і матэрыялы прыбірайце ў недаступныя для дзяцей месцы.

3. Калі вы апрацоўваеце гародніну хімікатамі, то абавязкова агарадзіце гэтую тэрыторыю і даходліва растлумачце дзіцяці, што туды нельга заходзіць, што-небудзь зрываць і есці. Прыбярыце лякарствы і хімічныя рэчывы для саду-агароду, бытавых патрэб у недаступныя для дзяцей месцы.

Вадаём

Не адпускайце дзіця адно купацца і трымайце сітуацыю пад кантролем. Не дазваляйце яму купацца больш за 10 мінут, ныраць у незнаёмых месцах, забаўляцца на вадзе.

Незнаёмыя людзі

Навучыце дзяцей, што нельга кантактаваць з незнаёмымі людзьмі. Спытайце ў дзіцяці, што яно будзе рабіць у выпадку, калі раптам застанецца адно дома і ў дзверы нехта пазвоніць. Навучыце яго, што лепш спытаць «хто там?», а затым адказаць – «тата спіць». Або адразу ж пазваніць вам і паведаміць, што ў дзверы нехта звоніць.

Бадзяжныя жывёліны

Летам дзеці праводзяць шмат часу на вуліцы. А што, калі да дзіцяці падышоў бяздомны сабака, пачаў рыкаць і гаўкаць? Растлумачце, што нельга ўцякаць, махаць рукамі і рабіць іншыя рэзкія рухі, глядзець у вочы і панікаваць. Лепшы варыянт – спыніцца, даць каманду «фу!» або «сядзець!», а затым марудна рухацца ва ўкрыцце.

Немагчыма прадугледзець усе сітуацыі і даць парады на ўсе выпадкі жыцця. Але навучыць дзіця быць асцярожным – можна і патрэбна. І ніхто не зможа зрабіць гэта лепш, чым бацькі. Дзіця глядзіць на бацькоў, таму бацькам трэба быць для яго прыкладам у выкананні правіл бяспекі.

←З рэдакцыйнай пошты. Падзяка за працу

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика