Бэзавы куст «Старога млына»
20 гадоў назад, падчас чарговага Міжнароднага фестывалю народнай музыкі “Звіняць цымбалы і гармонік”, Дом рамёстваў “Стары млын” справіў наваселле.
Тады ля абноўленага помніка прамысловай архітэктуры канца XVIII — пачатку XIX стагоддзяў, пабудаванага пры Антоніі Тызенгаўзе, быў пасаджаны малады куст бэзу. Сваёй прыгажосцю і чароўным водарам ён натхняе майстроў на творчасць. Сёлета, каб павіншаваць юбіляраў, сабралася шмат гасцей. А гаспадары прадставілі ім умоўны куст бэзу, пялёсткі якога — цікавыя работы, факты, дасягненні.
Першыя крокі заўсёды рабіць няпроста. Але ля вытокаў стаялі людзі, апантаныя сваёй ідэяй, надзвычай творчыя і таленавітыя. І сёння з удзячнасцю ўсе ўспамінаюць Жанну Глабенка, Гераіму Танана, Святлану Мозалеву, Рыму Кузьміч, Алену Касенка, Марыю Ананьеву, Галіну Палкіну, якія стваралі непаўторныя рэчы, унеслі вялікі ўклад у захаванне культурнай спадчыны.
— Дом рамёстваў — візітка горада і раёна, — гаварыў намеснік старшыні райвыканкама Юрый Кісялёў. — Адсюль пачынаюцца экскурсіі для турыстаў і гасцей, якія прыязджаюць да нас. Майстры — людзі асобага складу. Ім Бог даў залатыя рукі. Тое, што яны робяць, — сапраўдныя шэдэўры. Колькі трэба часу, намаганняў, фантазіі, каб з кавалачка гліны, дрэва, з нітак стварыць незвычайную прыгажосць! Дзякуй усім, хто шчыруе ў гэтых сценах, асабіста дырэктару Таццяне Петух. За талент і арганізатарскія здольнасці яна ўзнагароджваецца Ганаровай граматай раённага выканаўчага камітэта.
Юрый Кісялёў таксама ўручыў Падзякі старшыні райвыканкама майстрам Вользе Гукавай і Алене Крывенькай. З віншаваннямі да юбіляраў звярнуліся начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Галіна Чаплінская, заснавальнік клуба “Майстры” Іосіф Атрахімовіч і цяперашні яго кіраўнік Алена Крывенькая, дырэктар дзіцячай школы мастацтваў імя Альфрэда Ромера Жанна Курдо. Шмат станоўчых эмоцый падарылі выступленні дзіцячай вакальнай групы школы мастацтваў імя Антонія Тызенгаўза і ансамбля народнай музыкі “Вітанне”.
У рамках свята была адкрыта выстава мастачкі Таццяны Чарных, якая працуе ў жанрах пейзажу і нацюрморта. На карцінах — прырода, вясковы побыт. Усе работы напоўненыя святлом і энергіяй, у іх пераплятаюцца рэалізм і імпрэсіянізм. Таццяна — ураджэнка Сібіры. Выйшла замуж за вайскоўца, з якім аб’ехала вялікую частку былога Савецкага Саюза. Адным з месцаў службы некалі былі Паставы. І тады сям’я прыкіпела душой да гэтых мясцін. Калі муж выйшаў у адстаўку, перабраліся ў наш горад. Таццяна Чарных з’яўляецца членам творчага Саюза мастакоў Расіі і Міжнароднай Федэрацыі мастакоў, аўтарам персанальных выстаў у Мінску. Яе карціны штогод экспануюцца на Міжнароднай выставе мастацкага клуба імя Кэтрын Вулф у Нацыянальным клубе мастацтваў у Нью-Ёрку. Неаднаразова была фіналісткай міжнароднага конкурсу жывапісу часопіса Artist’s Magazine (ЗША). Карціны, выстаўленыя ў Доме рамёстваў, напісаны за апошні год.
— Паэт убачанае перадае рыфмай, пісьменнік — мастацкім словам, а мне лягчэй выказаць пачуцці фарбамі, — дзялілася Таццяна. — Прыгожая пастаўская зямля, як і яе зычлівыя, прыветныя людзі, натхняюць на творчасць. Тое, што выходзіць з-пад пэндзля, ацаніце самі.
Выстава Таццяны Чарных у Доме рамёстваў “Стары млын” будзе працаваць да 18 ліпеня. Знайдзіце час і наталіцеся талентам мастачкі.
Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ