Патэнцыял і рэзервы вучэбнага цэнтра

Источник материала:  
20.06.2018 — Разное

Патэнцыял і рэзервы вучэбнага цэнтра

Сустрэчы ў працоўных калектывах раёна, якія праводзіць старшыня райвыканкама Юрый Горлаў, акрэсліваюць рэзервы для эфектыўнай дзейнасці.

Не выключэннем стала і сустрэча з калектывам ДУДАД «Цэнтр павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Стаўбцоўскага райвыканкама». Задаючы размове канструктыўны тон, Юрый Мікалаевіч надаў ёй і дыскусійнасці, злабадзённасці, што, безумоўна, пойдзе на карысць і паслужыць развіццю вучэбнага цэнтра. За больш чым тры дзясяткі гадоў сваёй гісторыі ўстанова не раз мяняла назву, але яе сучасная назва і статус гавораць самі за сябе – дзейнасць цэнтра звязана з падрыхтоўкай і перападрыхтоўкай кадраў, у першую чаргу сельскагаспадарчага профілю. Стаўбцоўскі вучэбны цэнтр – адзіны сярод раённых цэнтраў у Мінскай вобласці, які мае права павышаць кваліфікацыю кіруючых работнікаў, работнікаў з вышэйшай адукацыяй.

– Усе намаганні павінны быць прыкладзены для таго, каб падрыхтаваць спецыяліста, які будзе працаваць з вынікам. У сувязі з гэтым падыход да навучання не можа быць іншым, як сучасны і сістэмны, – акрэсліў стратэгічную праграму старшыня райвыканкама.

І гэта невыпадкова, таму што сярод надзённых праблем – недахоп пэўных спецыялістаў (асабліва па жывёлагадоўлі) у сельгасарганізацыях раёна, невысокая якасць іх падрыхтоўкі, адсутнасць узаемнага ўзбагачэння тых, хто дае перападрыхтоўку, і паспяховых спецыялістаў-практыкаў. Гэтыя і іншыя пытанні ўзнімаліся падчас сустрэчы.

Вучыць працаваць на вынік

Па выніках работы за пяць месяцаў 2018 года цэнтр павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Стаўбцоўскага райвыканкама знаходзіцца на лідзіруючых пазіцыях у Мінскай вобласці. На кожны рубель выдаткаваных бюджэтных сродкаў калектывам цэнтра зароблена 1,26 рубля. У цэнтра ёсць ліцэнзія Міністэрства адукацыі, дазволы ад Дзяржпрамнагляду, Дзяржтэхнагляду і іншых органаў, якія даюць права весці навучанне па шэрагу запатрабаваных на рынку працы спецыяльнасцяў і прафесій. Дзякуючы цеснаму супрацоўніцтву са службай занятасці па іх вядзецца навучанне беспрацоўных. Так, ёсць попыт на падрыхтоўку стропальшчыкаў, станочнікаў, вальшчыкаў лесу, вадзіцеляў пагрузчыка і т. п. Папулярная на даны момант спецыяльнасць «аператар таварны» (на нафтасховішчах). Вучыцца на яе едуць з Вілейкі, Магілёва і іншых рэгіёнаў Беларусі. «Для нас важна прыцягнуць у свой цэнтр кожнага работніка, якому неабходна навучанне або перакваліфікацыя, – адзначае дырэктар цэнтра Антон Бычынскі. Ён акрэслівае і адну з характэрных праблем: – Некаторыя арганізацыі эканомяць на навучанні, таму работнікі працуюць без адпаведных дакументаў, якія пацвярджаюць іх падрыхтоўку».

Пры знаёмстве з калектывам было адзначана, што ў штаце налічваецца 16 чалавек. Працуюць метадычная і выкладчыцкая службы і, акрамя таго, прыцягваюцца ў якасці выкладчыкаў спецыялісты высокага ўзроўню з вышэйшых навучальных устаноў рэспублікі. «Такім штатам можна перавярнуць свядомасць людзей, навучыць іх працаваць па-іншаму. На жаль, пакуль роля вучэбнага цэнтра ў гэтым маштабным працэсе мінімальная», – даў ацэнку Юрый Горлаў.

Неабходны сучасныя ідэі, ініцыятывы, каб арганізаваць сістэмны падыход да павышэння кваліфікацыі работнікаў сельскай гаспадаркі. Сістэмнасць гарантуе вучэбнаму цэнтру магчымасць зарабіць сродкі і не дапускаць адставання ў матэрыяльна-тэхнічным аснашчэнні. Не дзіўна, што старшынёй райвыканкама вынесена на парадак дня задача па абнаўленні парка камп’ютарнай тэхнікі, рамонце кабінетаў і будынкаў, якія знаходзяцца на балансе цэнтра.

Сёлета, да прыкладу, была праведзена вучоба для ветэрынарных работнікаў раёна з запрашэннем доктара і кандыдатаў сельскагаспадарчых навук. Як высветлілася, да грунтоўнай тэарэтычнай часткі не была далучана яшчэ адна, практычная, а менавіта ў цэлым можна вырашыць такую надзённую праблему, як якасць малака. Важная роля тут стымулюючых фактараў, і падзяліцца імі маглі б практыкі з гаспадарак нашага і суседніх раёнаў, дзе дасягнуты высокі ўзровень вытворчасці і якасці гэтай прадукцыі.      

Юрый Горлаў спыніўся і на іншых слабых месцах у рабоце вучэбнага цэнтра. Ва ўмовах рынкавай эканомікі вучыць сельскагаспадарчыя кадры трэба пастаянна і ўсяму, пачынаючы з рацыёну кармлення жывёлы. Аднак апошнім часам выпалі з адукацыйнага працэсу спецыялісты, якія працуюць у раслінаводстве, механізацыі. Чаму не запрашаюцца на вучобу бухгалтарскія, эканамічныя кадры? Кіраўніком нашай краіны не так даўно была звернута ўвага на пытанні захаванасці маёмасці, выяўленне фактаў раскамплектаванасці тэхнікі, яе няправільнага спісання. Актуальнае пытанне – вучоба маладых спецыялістаў, якія прыходзяць у гаспадаркі. «Прапаноўвайце свае паслугі гаспадаркам і зарабляйце на гэтым», – заклікаў Юрый Горлаў.    

Рэзервы ва ўмовах канкурэнцыі

Сярод асноўных і традыцыйных напрамкаў дзейнасці вучэбнага цэнтра – падрыхтоўка вадзіцеляў усіх катэгорый. Апошнім часам, ва ўмовах канкурэнцыі з прыватнай аўташколай, аб’ём паступлення сродкаў ад яго значна зменшыўся, хоць вопытныя выкладчыкі і майстры па навучанні ваджэнню забяспечваюць адносна высокі працэнт (60 працэнтаў) здачы курсантамі экзаменаў у МРЭА ДАІ на атрыманне вадзіцельскага пасведчання катэгорыі «В» з першага разу. Нядрэнныя ўмовы створаны для асвойвання Правіл дарожнага руху ў будынку па вуліцы Цітова, для практычных заняткаў – на аўтадроме. Ёсць чатыры аўтамабілі. Аднак групы невялікія, пераважна да 15-ці навучэнцаў. На рэзерв звярнуў увагу Юрый Горлаў:

– Ведаю, што ў нашых сельскагаспадарчых арганізацыях працуюць галоўныя спецыялісты і спецыялісты, якія не маюць вадзіцельскага пасведчання. Неабходна вывучыць гэтае пытанне і арганізаваць для іх вучобу, прычым, магчыма, за кошт сельгаспрадпрыемстваў. У сучасных умовах немагчыма ўявіць кіраўніка, галоўнага спецыяліста, які не кіруе транспартным сродкам. Гэта і мабільнасць, і эфектыўнасць яго работы. Калісьці мы атрымлівалі вадзіцельскае пасведчанне, будучы школьнікамі, на платнай аснове.      

Слушнае пытанне да вучэбнага цэнтра: як наладжана праца са школьнікамі раёна? Яна вядзецца, але неабходна дайсці да кожнага, каму споўнілася 16, і данесці інфармацыю пра магчымасць навучання на вадзіцеля катэгорыі «В». Тым больш, на тэарэтычны курс падрыхтоўкі для школьнікаў цэнтрам прадугледжана 10-працэнтная скідка.

На дастойны ўзровень

У размове не засталося незакранутым пытанне ўдзелу калектыву вучэбнага цэнтра ў грамадскім жыцці раёна. Безумоўна, гэты калектыў, як і ўсе іншыя, рыхтуецца да свята, прысвечанага 425-годдзю Стоўбцаў. Але ўжо сёння варта думаць пра наступны год, калі плануецца рэалізаваць інвестпраект па ўводзе ў эксплуатацыю цэнтра творчасці для дзяцей. Увасабляецца праект побач з вучэбным цэнтрам, на базе былой воінскай часці. Значыць, і цэнтр павінен выглядаць дастойна, на ўзроўні. Балазе, падчас рэалізацыі праекта будуць добраўпарадкаваны пад’езды да вучэбнага цэнтра.

– Вучэбны цэнтр нядрэнна выглядае на фоне іншых арганізацый, аднак неабходна сур’ёзна падцягнуць работу, – падвёў вынік старшыня райвыканкама. – Трэба імкнуцца зарабляць грошы, каб у вас была годная заработная плата, камфортныя ўмовы для работы і, зразумела, добры настрой.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

←Бэзавы куст «Старога млына»

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика