Дэпутат у выбарчай акрузе: Лела Атараўна Шпак
“Пераходзячы на новую пасаду, я разумела, што асноўным напрамкам маёй дзейнасці будзе з’яўляцца абарона інтарэсаў членаў прафсаюза і дапамога ім. Усё ж напачатку адчувала цягу да школы, дзяцей. Першы месяц быў пераломным. Пачуццё задаволенасці і ўпэўненасць у тым, што выбар правільны, з’явіліся, калі людзям, якія звярталіся, удавалася дапамагчы”.
Так атрымалася, што ў той час, калі Лела Шпак перайшла на новую пасаду, у раёне праводзілася выбарчая кампанія. І Лелу Атараўну вылучылі кандыдатам у дэпутаты раённага Савета дэпутатаў. Раней яна ўдзельнічала ў рабоце камісіі па выбарах. Цяпер з’яўляецца старшынёй камісіі раённага Савета дэпутатаў па сацыяльных пытаннях і справах моладзі, справаздачнасці дэпутатаў перад выбаршчыкамі. У жыцці яна прытрымліваецца прынцыпу: калі што рабіць, то рабіць гэта якасна. Так яе вучылі бацькі.
У сваёй перадвыбарчай праграме Лела Шпак надала ўвагу людзям, якія найменш абароненыя. Гэта маладыя спецыялісты. Яна паставіла перад сабой задачу па садзейнічанні таму, каб нядаўнія выпускнікі ВНУ заставаліся ў раёне, а для гэтага неабходна дапамагчы ім з жыллём, у неабходных выпадках вырашыць пытанні грашовых выплат і г. д.
Лела Шпак прызналася, што на першым часе ёй прыходзіцца іншым разам “браць работу” дамоў. Хаця, як прафсаюзны лідар, яна разумее, што чалавек не павінен пераходзіць за рамкі вызначанага законам працоўнага часу.
Праца працай, але яшчэ ёсць і сям’я. І ёй трэба таксама надаваць увагу. Для Лелы Атараўны сям’я – гэта самае дарагое, што ёсць у жыцці. Тут цябе зразумеюць, паспачуваюць, падтрымаюць. У яе сям’і так. Сын ужо дарослы, дачка вучыцца ў 7 класе. Лела Шпак не прыхільніца татальнага кантролю за кожным крокам дзіцяці, але яна лічыць, што нагляд павінен быць.
“Мне вельмі важна ведаць, што з дзецьмі ўсё ў парадку”, – адзначыла Лела Шпак. - Вядома ж, жанчыне няпроста. Яна жонка, маці і яшчэ работніца. Але я шчаслівы чалавек, маю добрую сям’ю, рэалізавала сябе ў прафесійным плане”.
Юрый ЯНУШКЕВІЧ.
Фота аўтара.