Работа недастатковая
Старшыня раённага выканаўчага камітэта Дзмітрый Бачкоў правёў чарговае пасяджэнне райвыканкама. У рабоце пасяджэння браў удзел старшыня Магілёўскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Дзмітрый Янкоў.
Разгледжана пытанне “Аб уцягненні ў гаспадарчы абарот невыкарыстуемай маёмасці”. Работа суб’ектаў гаспадарання, якія маюць на балансе такія аб’екты, прызнана недастатковай. Прадпрыемствам раённай камунальнай уласнасці дадзена даручэнне падрыхтаваць графік уцягнення ў гаспадарчы абарот невыкарыстуемай маёмасці, выкананне якога будзе кантралявацца аддзелам эканомікі райвыканкама. Кіраўнікам прадпрыемстваў, арганізацый, размешчаных на тэрыторыі раёна, пад персанальную адказнасць даручана забяспечыць пастаянны кантроль за навядзеннем санітарнага парадку на аб’ектах нерухомасці і прылягаючых да іх тэрыторыях у адпаведнасці з санітарна-эпідэміялагічнымі нормамі, а таксама абмежаваць несанкцыянаваны доступ грамадзян у пустуючыя будынкі і збудаванні.
Кантроль за выкананнем прынятага рашэння ўскладзены на намеснікаў старшыні райвыканкама па накірунках дзейнасці.
На пасяджэнні райвыканкама разгледжаны пытанні прызначэння сямейнага капіталу, пастаноўкі на ўлік грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, прадастаўлення субсідыі на ўплату часткі працэнтаў за карыстанне крэдытам і субсідыі на пагашэнне асноўнага доўгу па крэдыту, змянення мэтавага прызначэння зямельнага ўчастка і інш. У шэраг раней прынятых рашэнняў унесены змяненні і дапаўненні.
Т. Пятрова.