Людзі Смаргоншчыны: паэт Генадзь Пашкоў

Источник материала:  
26.03.2018 — Разное
23 сакавіка адзначыў свой 70-гадовы юбілей слынны сын смаргонскай зямлі, паэт, публіцыст, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, член-карэспандэнт Міжнароднай Славянскай Акадэміі навук, адукацыі, мастацтва і культуры, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, заслужаны дзеяч культуры Беларусі, аўтар больш як дзесяці паэтычных зборнікаў Генадзь Пашкоў.
Людзі Смаргоншчыны: паэт Генадзь Пашкоў

На Смаргоншчыну яго бацькі прыехалі ў 1953 годзе. У ваколіцахсалаўінайвёскі Войстам прайшлі яго найлепшыя дзіцячыя і юнацкія гады. Удзячная памяць часта клікала яго сюды, дзе пад вясковымі дахамі чытаюць яго вершы, захоўваюць вершаваныя зборнічкі ды энцыклапедычныя выданні, якія пісьменнік шчодра дарыў землякам падчас сваёй працы на пасадзе дырэктара выдавецтваБеларуская энцыклапедыяімя Петруся Броўкі. Ён і сёння час ад часу наведваецца ў знаёмыя з дзяцінства мясціны, дзе чэрпае натхненне і адпачывае душой.

Нездарма зямля жаночага роду. Як і жанчына, яна мае ўласцівасць адраджацца нават пасля самых жудасных спусташальных падзей. Перахварэе, перапакутуе, перазімуе, спавітая белымі пялюшкамі завірух, а на весну адродзіцца свежымі травамі, заквітнее першацветамі, што прарастаюць на залізаных дажджамі і ручаінамі ранах-стромах. Мімалётны павярхоўны позірк не заўважыць колішніх рубцоў - вочы замілавана цешацца прыгажосцю абнаўлення, багаццем фарбаў і дагледжанасцю абшараў. Падмануты гэтай знешняй гармоніяй ты ступаеш басанож на мяккі росны мурог, і табе ў ступню нечакана ўпіваецца ржавым джалам калючы дрот даўняй вайны, наўмысна замоўчанай, выкрэсленай з памяці нашчадкаў. І ты ўспамінаеш, як часта ў дзяцінстве зямля імкнулася прыцягнуць тваю ўвагу такімі ўколамі, але ж у дзяцінстве табе не хапала часу засяродзіцца, спыніцца, азірнуцца…

Паэт-рамантык, прызнаны майстар мастацкага слова Генадзь Пашкоў хоць і шмат павандраваў на прасторах жыцця, але ніколі не адцураўся родных ніў, тых мясцін, адкуль пачалася яго дарога ў вялікі свет. Не толькі таму, што на старых могілках у Войстаме пахаваны яго бацькі і ў Смаргоні жыве сястра Галіна, а яшчэ таму, што чулая душа паэта захавала ў сваіх глыбінях светлыя пачуцці да куточка, дзе медунічныя вятры, звільгатнелыя зоркі, “бела-грудае рэха звініць у апалай расе”, “жураўліная песня спее на купах”. Знітаваны з вясковым светам, ён заўжды быў упэўнены, што “калі ёсць сцяжыначка да раю – гэта тая, што вядзе дамоў”. З цягам часу яго прыцягваў на Смаргоншчыну не столькі салодкі дым Айчыны, як аголеная праўда мінулых падзей, што так доўга заставалася па-за ўвагай, а цяпер навязліва патрабавала справядлівай рэабілітацыі хоць бы ў вершаваных радках. І шэдэўры інтымнай лірыкі паступова саступаюць месца эпічным роздумам, філасофскім разважанням. А вусны пачынаюць нашэптаваць:

“Я ступіў на калючы асот,

на дзядоўнік за вёскаю ніцы.

Галава мая, нібы дзот –

дзве прыжмураныя байніцы”.

Нельга казаць, што тэма гісторыка-культурнай спадчыны не знаходзіла ўвасаблення ў ранейшай творчасці пісьменніка. Варта згадаць вершы “Зямля мая”, “Укропінка”, эпічны верш-роздум “На Крэўскай градзе”. І наогул, тэма малой радзімы была вызначальнай яшчэ ў першым паэтычным зборніку “Кляновік”.

Калісьці напачатку свайго творчага шляху паэт Генадзь Пашкоў заявіў аб сабе, як аб рамантычным, чулым і эмацыянальным лірыку, чый звонкі і чысты голас ухваліў Пімен Панчанка. Дарэчы, самыя першыя вершы юнага Пашкова былі надрукаваны менавіта ў раённай газеце “Светлы шлях”. Таму наша ўстанова можа ганарыцца, што такім чынам падтрымала пачаткоўца. Сёння маючы за плячыма вялікі жыццёвы вопыт, багаты творчы скарб і жаданне працягваць летапісанне, мэтр мяняе сваё амплуа. Чаму? На гэта пытанне Генадзь Пятровіч мне адказаў прыкладна так:

- Пасля 60-і гадоў жыцця пісаць нейкія “прахадныя” рэчы, выкліканыя часовымі пачуццямі ці ўражаннямі, лічу недаравальным глупствам. Назапашаны вопыт і прафесіяналізм неабходна выкарыстоўваць толькі для стварэння грунтоўных філасофскіх твораў. Або наогул – не пісаць нічога. Калі я працаваў літсупрацоўнікам у часопісе “Полымя”, маімі настаўнікамі былі Анатоль Вялюгін і Іван Чыгрынаў. Перачытваючы сёння іх творы, я разумею, што падсвядома вучыўся культуры верша па вялюгінскаму радку. Сёння ж хачу вучыцца па творах празаіка Івана Чыгрынава, абагульняць гістарычны вопыт і выяўляць менталітэт беларускага народа, яго нацыянальную душу. Рамантыкам я быў у падлеткавым узросце, калі гатоў быў добраахвотнікам паехаць на вайну ў В’етнам. Так, быў такі выпадак. Напісаў заяву ў ваенкамат і нават атрымаў павестку. Вучыўся тады можа ў восьмым класе. Нікому нічога не сказаўшы, паехаў у Смаргонь. Ваенком доўга смяяўся і параіў мне паступаць на гуманітарныя дысцыпліны, бо ў арміі рамантыкам не месца.

А яшчэ паэт згадвае, як у дзяцінстве часта трапляў то ў смешныя, то ў небяспечныя сітуацыі. Прыцягнулі неяк на школьны двор з сябрамі снарад першай сусветнай, што адкапалі ў лісінай нары. Шмат гвалту нарабілі. Чуткі пайшлі, што лясныя браты дыверсію падрыхтавалі. Калі з райцэнтра прыехалі сапёры і выкрылі басаногіх “дыверсантаў”, доўга смяяліся. А снарад абясшкодзілі ў яры за вёскай.

У жыцці ўсё вельмі адносна. Хоць і не далучае Генадзь Пятровіч сябе да фаталістаў, аднак, згадваючы асобныя моманты, выказвае меркаванне, што нешта ёсць у гэтым свеце, што нас ахоўвае і бароніць. Аднойчы ён выцягнуў на рыбалку свайго сябрука-кнігалюба. Эдзік вельмі любіў чытаць, і ў той дзень Генадзю каштавала немалых намаганняў сцягнуць хлопца з печы. Калі яны выйшлі з вёскі, недалёка ў полі ўпаў самалёт. Узрыў быў такі моцны, што вялікі кавалак палаючага металу даляцеў да Эдзікавай хаты і тая ўспыхнула, як сноп саломы.

Розных выпадкаў з пасляваеннага дзяцінства шмат назапашана ў памяці. А пра нешта ні Генадзь, ні яго аднагодкі нават не здагадваліся. Ці ж маглі яны ведаць, што пад тымі пагоркамі, на якіх вясковая дзетвара збірала ягады размарыну, былі могілкі Першай сусветнай вайны. Па вясновым ворыве збіралі патроны, вытрасалі з іх порах і, зрабіўшы “крывулькі”, падпальвалі і бабахалі, палохаючы выпадковых мінакоў. І не дужа задумваліся над тым, боепрыпасамі якой эпохі так багата ўдобраны навакольныя палі. Калі з цягам часу адкрыліся многія тайны з гістарычнай спадчыны краю, паэт Генадзь Пашкоў зразумеў, што пейзажныя вершы маляўнічых краявідаў перасталі быць актуальнымі, бо пад іх знешняй прыгажосцю прыхавана горкая праўда страшных успамінаў.

Тэма грамадзянскай лірыкі заўжды прысутнічала ў непаўторным паэтычным свеце аўтара. Ад расчаравання за зніклую рэчку дзяцінства Спяглянку, за пусцеючыя вёскі і павысяканыя бярозавыя гаі думкі скіроўваюцца да агульначалавечых праблем і трагедый. З эмацыянальнай узрушанасцю лірычны герой у паэме “Дзяўчынка з блакітным мячыкам” задае рытарычнае пытанне:

“Няўжо ў Зямлі, калыскі чалавецтва,

ад туманоў зраселай, гэткі лёс –

урэшце стаць арэнаю калецтва,

салёным морам роспачы і слёз?”

Сваёй творчасцю Генадзь Пашкоў заўжды выхоўваў лепшыя чалавечыя якасці ў чытачах. Таму і надалей будзем чакаць яго мудрых твораў і пажадаем паэту ў юбілей натхнення, плёну і ўдзячнага лёсу.

Ала КЛЕМЯНОК, член Саюза пісьменнікаў Беларусі.

←Деревня Дорогая осталась без света: вопрос на контроле у председателя райисполкома

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика