Пачынаючы са студзеня сёлетняга года ўсе кацельні г. Сянно УП ЖКГ працуюць на мясцовых відах паліва – два катлы, што спажываюць трэскі, устаноўлены на “Сельгастэхніцы”.
— Цяпло з кацельні, дзе яшчэ нядаўна выкарыстоўваўся прыродны газ, падаецца ў жылыя дамы, адміністрацыйныя будынкі, магазіны даволі вялікага мікрараёна. Нават калі маразы паніжаліся да -20, градусаў, задзейнічаны быў толькі адзін кацёл, магутнасці якога з запасам хапала, каб падтрымліваць цеплавы рэжым, — падкрэслівае Валерый Буракоў, дырэктар Сенненскага РУП ЖКГ.
Увесь вытворчы цыкл на кацельні аўтаматызаваны. Персанал цалкам вызвалены ад фізічнай працы і толькі сочыць за функцыянаваннем абсталявання з дапамогай пульта кіравання.
— На ім бачны тэмпература вады, ціск у катле і сістэме падачы носьбіта цяпла, наяўнасць паліва, адсочваецца работа абсталявання, што падае трэскі ў кацёл, — падключаецца да размовы Браніслаў Яновіч, аператар кацельні.
Разам з Дзянісам Грунтовым раніцай яны заступілі на змену. Усяго ў штаце кацельні — 8 аператараў, лабарант і загадчык.
Сутачнае спажыванне трэсак перавышае 30 м3. Гэты аб’ём знаходзіцца ў крытым памяшканні. Непадалёк размешчаны ангар, дзе захоўваюцца трэскі, іх хопіць для работы кацельні на 4-5 сутак. Памяшканне арандуецца ў ААТ “Сенненскі райаграсэрвіс”. Але ўжо гэтым летам камунальнікі плануюць умацаваць яго падмурак, правесці рамонт даху і сцен.
Пры неабходнасці на кацельні можна запусціць у работу яшчэ адзін кацёл, што працуе на трэсках, і два – на прыродным газе. А таму пачынаючы з наступнага ацяпляльнага сезона спыняюць работу дзве кацельні, што зараз падаюць цяпло ў СШ №1 і лазню. Немалаважны і той факт, што затраты на вытворчасць адной гігакалорыі на прыродным газе складаюць 106 рублёў, на мясцовых відах паліва – 104,5. Калі дровы рыхтаваць загадзя, сабекошт гігакалорыі яшчэ больш зменшыцца.
— Галоўная задача на наступны ацяпляльны сезон – знізіць затраты на вытворчасць цяпла, зменшыць яго звышнарматыўныя страты, — дэкларуе Валерый Буракоў.
Для гэтага спецыялістамі прадпрыемства распрацаваны пакрокавы план. Адным з яго пунктаў з’яўляецца набыццё па лізінгу лесавоза на базе МАЗа, што дазволіць знізіць выдаткі на дастаўку паліва да месца складзіравання, павялічыць запасы. Пастаўшчык аўтамабіля ўжо выбраны. З перавышэннем гадавога задання будуць працягвацца работы па мадэрнізацыі цеплатрасы з заменай старых труб на папярэдне ізаляваныя.
Яшчэ адным важным крокам па зніжэнні затрат на вытворчасць цяпла стане рамонт усіх эксплуатуемых кацельняў, у першую чаргу цэнтральнай. Для гэтага праведзена рэвізія тэхналагічнага абсталявання, вызначаны крыніцы фінансавання для набыцця камплектуючых запасных частак.
— Будзем рухацца паступова, але мэтанакіравана, — запэўнівае Валерый Буракоў, — каб знізіць выдаткі на ўтрыманне прадпрыемства з раённага бюджэту.
Аляксандр ІЎЕЎ.
НА ЗДЫМКАХ: так трэскі падаюцца ў кацёл; Браніслаў Яновіч; знешні выгляд кацельні “Сельгастэхніка”.