Як было “за палякамі”
– У школьныя гады я любіла слухаць успаміны маіх бацькоў пра іх жыццё, як яны казалі, “за палякамі”, – піша ў рэдакцыю маладзечанка Аліна Анкіновіч.
Калі яна вырасла, то са слоў бацькі запісала некаторыя з іх. Адзін – пра адукацыю ў панскай Польшчы на прыкладзе роднага брата бацькі Баляслава Маліцкага.
– Польскія школы, – працягвае яна свой расказ, – мелі тры ступені адукацыі: сямігодка, два гады прагімназіі і два гады гімназіі. Гімназія давала права паступлення ва ўніверсітэт.
Мой дзядзька пасля заканчэння Маладзечанскай гімназіі (вучыўся платна) паступіў у Віленскі ўніверсітэт на юрыдычны факультэт. Навучанне таксама было платным. Але пасля першага курса ў вёску да яго бацькоў нечакана прыехала прадстаўніца ўніверсітэта, каб ацаніць іх фінансавае становішча.
Па мясцовых мерках яны жылі вельмі заможна, а па ўніверсітэцкіх – не надта. Таму дзядзьку вызвалілі ад платы за вучобу. А так як ён вучыўся на “выдатна”, дык яму яшчэ назначылі і стыпендыю.
Акрамя гэтага ён падпрацоўваў, даючы прыватныя ўрокі, і гэтых сродкаў яму хапала на бязбеднае жыццё ў Вільні.
А вось яшчэ адзін успамін, але ўжо на прыкладзе сям’і Аліны па лініі маці. Сям’я жыла бедна, бо было 10 дзяцей. Але, як піша Аліна, з голаду не пухлі і ў лапцях не хадзілі. Самы малодшы брат яе маці Антось Пачыкоўскі быў музычна адораны. З самага дзяцінства іграў на скрыпцы, добра спяваў. Яго музычныя здольнасці заўважыла школьная настаўніца, і па яе рэкамендацыі ён паступіў у музычную школу пры аркестры Лідскага ваеннага гарнізона. Там ён знаходзіўся на поўным дзяржаўным забеспячэнні.
За гады вучобы Антось Пачыкоўскі прафесійна навучыўся іграць на кларнеце. Яшчэ вельмі добра іграў на скрыпцы і акардэоне.
Вучыўся ў Лідзе ён разам з Канстанцінам Паплаўскім, бацькам спявачкі Ядвігі Паплаўскай.
Падрыхтавала Марыя БЕРАСНЕВА.
Фота bymedia.net