Перамаглi... лялькi!

Источник материала:  
21.11.2012 — Разное

Бясспрэчным лідарам ІІ Нацыянальнай тэатральнай прэміі стаў спектакль "Пікавая дама" Гродзенскага абласнога тэатра лялек – чатыры вышэйшыя ўзнагароды!

Тэатральны тыдзень, поўны неверагодных спектакляў, стараннай ігры акцёраў і нечаканых сюрпрызаў на сцэне, скончыўся вечарам у панядзелак не менш цікавай і ўражваючай цырымоніяй закрыцця ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета.

Жартаўлівае “падарожжа” па тэатральных мястэчках з “дылетантам-вандроўнікам” Юрыем Жыгамонтам і нямецкім турыстам Алексам (акцёрам Аляксандрам Вергуновым) і хваляванне намінантаў як рукой зняло, і гасцей вечара добра павесяліла, і, шчыра кажучы, нават гонарам за таленавітую радзіму прасякнула. У Беларусі, па словах Юркі з Алексам, і музыка нарадзілася (пакуль чмякалі беларусы па балотах), і мастацтва (мастакі тут з пэндзлікам у руках адразу нараджаюцца), і танец упершыню з’явіўся (нават балеткі адсюль родам, толькі зваліся спачатку “балоткамі” — у іх нашы продкі па купінах скакалі). Вунь што аказваецца! А пра тэатр і наогул няма чаго казаць. Наш ён, наш! Упэўнена, той, хто трапіў на спектаклі-намінанты ІІ Нацыянальнай тэатральнай прэміі, у гэтым нават не сумняваецца.

Гайда ў Партытураў!

І праўда, чаму гэта замежнікі думаюць, што ў Беларусь толькі для “піф-паф” можна прыязджаць? “У нас і акрамя палявання ёсць шмат цікавага! — запэўніваў са сцэны пан Юрый, з’явіўшыся перад гледачамі па традыцыі ў капелюшы і са сваім падарожным чамаданам. — Вось тэатр, напрыклад!” “Те-атр? — перапытваў яго Алекс у чырвоных сподніках, які завітаў у Беларусь з Германіі — Нихт! Не мо-жет э-то быть...”

Яшчэ як можа! Каб пераканаць у тым нямецкага сябра і публіку, Жыгамонт арганізаваў цэлае падарожжа па культурных мястэчках Беларусі. Былі тут і Немаўляткі, і Партытураў, і Дзецюкі, і Лялькі... Каб трапіць у той ці іншы куток тэатральнай Беларусі, вядучыя і на лодцы плылі, і па купінах скакалі, і на возе ехалі, а ў адной са сцэн нямецкі турыст Алекс падняўся нават пад столь! Гледачы трапілі на добра зрэжысаваную пастаноўку. З песнямі, жартамі, танцамі... На сцэне Вялікага тэатра і сабачая арыя гучала, і анёлы ў белых пальчатках натхнялі рэжысёра, і лялькі размаўлялі. Кожная са сцэн — уверцюра да аб’яўлення пераможцы ў адной з дзесяці намінацый ІІ Нацыянальнай тэатральнай прэміі. Аб’яўлялі лаўрэатаў імпазантныя акцёры беларускага тэатра і пераможцы мінулай тэатральнай прэміі. Распячатванне канверта — самы хвалюючы  момант. Акцёр Павел Харланчук-Южакоў, леташні пераможца намінацыі “Лепшая мужчынская роля”, так “хваляваўся”, што хвіліны з дзве яго раскрываў — вядома, іграючы на публіку. Прычым вельмі натуральна, тым самым даказаўшы, што нездарма дасталася яму летась “Купалінка”!

Жывыя лялькі

Хто, па меркаванні 112 членаў журы, стаў лепшым сёлета? Не паверыце — лялькі! Галоўнай узнагароды II Нацыянальнай тэатральнай прэміі ўдастоены спектакль “Пікавая дама” Гродзенскага абласнога тэатра лялек рэжысёра-пастаноўшчыка Алега Жугжды. Пастаноўка перамагла ў намінацыі “Лепшы спектакль”, а таксама стала трыумфатарам яшчэ ў трох намінацыях: “Лепшы спектакль тэатра лялек”, “Лепшая жаночая роля” (яе выканала Ларыса Мікуліч) і “Лепшая рэжысёрская работа” (Алег Жугжда).

— Не ведаю, што робіцца, — развёў рукамі, выйшаўшы па чарговую “Купалінку,” рэжысёр тэатра Алег Жугжда. — Другі год запар лепшымі рэжысёрскімі работамі прызнаюцца лялечныя спектаклі...

А што робіцца? Як расказаў “НГ” беларускі тэатразнавец Рычард Смольскі, лялечнае мастацтва вельмі ярка і пераканаўча паказвае, што яно сёння знаходзіцца на высокім еўрапейскім узроўні.

— Невыпадкова рэжысёры вядучых лялечных тэатраў краіны — і Аляксей Леляўскі,  і Алег Жугжда — запатрабаваныя, яны ставяць спектаклі ў многіх вядучых еўрапейскіх тэатрах, — расказаў Рычард Баляслававіч. — Што датычыцца драматычнага тэатра, сітуацыя больш складаная. У Беларусі адчуваецца дэфіцыт таленавітых рэжысёраў. Акрамя Пінігіна і Кавальчыка, яркіх індывідуальных людзей у нашай рэжысуры цяжка знайсці. А рэжысёр — гэта ўсё ж такі ідэолаг, лідар тэатральнай справы. Без яго і тэатра не будзе.

Тэатральныя “Купалінкі” заваявалі яшчэ два лялечныя тэатры. Лепшым спектаклем для дзяцей стаў “Чароўны пэндзаль” рэжысёра Ігара Казакова Магілёўскага абласнога тэатра лялек. А лепшай працай мастака-пастаноўшчыка журы прызнала работу Таццяны Нерсісян у спектаклі “Вянчанне” Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек.

Лялькі аказаліся наперадзе! Нездарма ў адной з уверцюр героі “Калыханкі” Топа, Яначка і Сплюшка на рэпліку Маляваныча і Феі Сноў аб тым, што добра з імі, лялькамі,  працаваць — з рэжысёрамі не спрачаюцца, ніколі не хварэюць, ведаюць ролю — раптам адказалі: “Хто лялькі? Мы лялькі? Ды гэта вы лялькі! Гэта з вас пыл атрасаюць у грымёрках і вамі кіруе рэжысёр, куды ісці і што казаць! А мы самыя што ні на ёсць сапраўдныя і самастойныя акцёры!”

За дэбют — крышталь

Але не будзем перамяншаць талент акцёраў і рэжысёраў драматычных тэатраў — дасталіся ўзнагароды і ім. Пераможцам у намінацыі “Лепшая пастаноўка паводле твора сучаснага беларускага аўтара” сталі “Аднакласнікі” Юліі Чарняўскай Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра. “Купалінка” за лепшую мужчынскую ролю дасталася акцёру Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача Аляксандру Палазкову за ролю Філімона Пупкіна ў спектаклі “Пан Міністар”. Адразу ў дзвюх намінацыях адзначаны спектакль “Выкраданне Еўропы, альбо Тэатр Уршулі Радзівіл” Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы — “Лепшая праца харэографа-пастаноўшчыка” (Наталля Фурман) і  “Лепшае музычнае афармленне” (кампазітар Андрэй Зубрыч). Спецыяльнай прэміяй “Народнай газеты” “За народнасць і грамадзянскасць” адзначаны Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа за спектакль “Леаніды не вернуцца на зямлю” паводле рамана “Нельга забыць” Уладзіміра Караткевіча. Падрабязней пра тэатр, спектакль і яго кіраўніка Валерыя Анісенку, дарагія чытачы, вы зможаце прачытаць пазней у “Народнай газеце”.

У час цырымоніі закрыцця была ўручана спецыяльная прэмія  Міністэрства культуры за ўклад у развіццё тэатральнага мастацтва Беларусі. Яе ўладальнікам сёлета стаў народны артыст Беларусі Генадзь Гарбук, які, на жаль, па стане здароўя не змог атрымаць яе асабіста. Узнагародай за працу над лепшым музычным спектаклем тэатральнага сезона 2011—2012 гадоў Міністэрства культуры адзначыла таксама Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі за оперу “Аіда”.

Была вынесена на сцэну разам з бронзавымі “Купалінкамі” яшчэ адна ўзнагарода — “Крыштальная кветка” за лепшы дэбют у рамках Нацыянальнай тэатральнай прэміі. Старшыня журы Аляксей Дудараў уручыў яе з пажаданнямі добрага старту акцёру Драматычнага тэатра Беларускай арміі Сяргею Фромічаву-Корсакаву (спектакль “Бяда ад пяшчотнага сэрца”).

Што тут скажаш: калі нават Алекс з Германіі напрыканцы цырымоніі вырашыў застацца ў Беларусі і паспрабаваць уладкавацца на працу ў беларускі тэатр, то свята ўдалося!

←Как белорусы экономят на коммуналке?

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика