Белы карабель на беразе Віхры

Источник материала:  
21.04.2012 — Разное

На фрэсках кармеліцкага касцёла ў Мсціславе — батальныя сцэны і свецкія партрэты, а да Пустынскага манастыра адсюль вядзе падземны ход пад ракой.

Веліч мсціслаўскай культавай гістарычнай архітэктуры не можа не ўражваць. Недарэмна схільныя да гучных эпітэтаў і параўнанняў называюць гэты раённы цэнтр Беларусі другім Суздалем. Некалі тут дзіўна перапляліся рэлігіі і канфесіі падобна таму, як і людзі, што спавядалі іх. І мірна суіснавалі. Да сённяшняга дня захаваўся на ўзвышшы над свавольнай Віхрай белы велічны касцёл, унікальны помнік, якім усім нам, незалежна ад веравызнання, варта ганарыцца, бо ён ёсць на нашай зямлі.

Храм на памежжы

У свой час Мсціслаў быў адным з найбуйнейшых і найважнейшых цэнтраў беларускага памежжа ў складзе Вялікага Княства Літоўскага. Ён стаў “сталіцай” ваяводства, у склад якога ўваходзілі тагачасныя Магілёў, Быхаў, Крычаў і іншыя даволі значныя паселішчы. У эканоміцы ўладарылі рамёствы, майстры якіх славіліся далёка за межамі краіны, шырокія і выгадныя гандлёвыя сувязі.

У пачатку ХVІІ стагоддзя ў горад пачалі прыходзіць манахі розных каталіцкіх ордэнаў. У 1620 г. у Мсціславе з’явіліся кармеліты. Адным з першых у горадзе быў узведзены касцёл Успення Маці Боскай. Спачатку ён быў драўляны, таму што будаваўся хутка: прыкладна на працягу года. Але праз пэўны час касцёл згарэў. І той, што дайшоў да нашых дзён, закладваўся ўжо, па некаторых гістарычных звестках, у 1637—1638 гадах — амаль чатырыста гадоў таму. Гэты велічны помнік старадаўняй архітэктуры і зараз выдзяляецца сярод аб’ектаў тутэйшай гістарычнай спадчыны строгасцю форм, месцам узвядзення. Ён, нібы белы лебедзь ці дзівосны карабель па празрыстай вадзе, плыве па хвалістай зеляніне горада. І стаіць побач са старажытнай Замкавай гарой — гістарычным падмуркам сённяшняга паселішча.

Пад ракой — да Пустынак

Не сакрэт, што старадаўнія храмы, касцёлы і манастыры мелі прызначэнне не толькі культавых цэнтраў, але і выкарыстоўваліся як абарончыя збудаванні пры асадзе гарадоў ворагамі. Такім стаў і касцёл Успення Маці Боскай. Яго мураваныя сцены таўшчынёй больш за метр, вузкія і высокія вокны, абкаваныя жалезам вароты пры неабходнасці маглі абараніць ад ворагаў сотні як ратнага, так і мяшчанскага люду. Пры патрэбе і боскія служкі бралі ў рукі зброю, станавіліся ў шэрагі абаронцаў веры, горада. На высокіх званіцах уладкоўваліся прыстасаванні для падачы сігналаў трывогі, напрыклад, з дапамогай вогнішчаў, якія былі відаць здалёк іншым назіральнікам.

Нават калі б пра такія асаблівасці касцёла і не ведаў, то дастаткова ўзняцца на яго трэці паверх, каб здагадацца пра іх. Адсюль, з вышыні птушынага палёту, як на далоні Замкавая гара і старадаўняе гарадзішча з асноўнымі абароннымі ўмацаваннямі. А ў далечыні абсягу блішчыць макаўкай сваёй званіцы Пустынскі Успенскі праваслаўны манастыр. У часы варожай навалы забывалася рознасць культавых пастулатаў, праваслаўныя ці каталікі ў залежнасці ад сітуацыі спяшаліся на дапамогу адзін аднаму.

— Прадбачлівыя ксяндзы і прыхаджане не лічыліся з цяжкасцямі, а імкнуліся ў ваенныя ліхалецці стварыць сабе найбольшую бяспеку. І тут яны пракапалі 12-кіламетровы падземны ход у Пустынскі манастыр. Ён, трывалы і шырокі, праходзіў пад руслам імклівай Віхры. І хадзіць па ім можна было нават па двое ў рад, — распавядае наш гід па касцёле, прыхаджанка Ганна Францаўна Самойленка, загадчыца тутэйшага дзіцячага садка № 1.

Сапраўды, цяжка ўявіць, колькі зямлі давялося вынесці з гэтага патаемнага хода, колькі матэрыялу патраціць для ўмацавання яго скляпенняў. Зараз ход замураваны. Пэўна, ад надта дапытлівых. Але мясцовыя жыхары расказалі наступны выпадак. У пасляваенны час воды Віхры размылі грунт і ўтварыўся правал, які вёў з паверхні зямлі ўглыб, дзеля эксперыменту запусцілі ў яго парася. І злавілі жывёліну ўжо на тэрыторыі праваслаўнага манастыра. Гэтым і пацвердзілася патайная сувязь двух культавых збудаванняў.

Гісторыя горада — на фрэсках храма

Ёсць у касцёла і яшчэ адна асаблівасць. Ён — адзіны на Беларусі захавальнік насценных фрэсак не на рэлігійныя, а на свецкія сюжэты. На дзвюх з іх адлюстраваны падзеі, што адбыліся ў 1654 годзе, калі рускія войскі пад кіраўніцтвам князя Аляксея Трубяцкога на працягу чатырох дзён асаджалі Мсціслаў. А калі ўзялі горад прыступам, то ўчынілі жорсткую бойню. Паводле некаторых гістарычных звестак, было пасечана каля 15 тысяч гараджан. Мсціслаўцаў, нашчадкаў тых, хто выратаваўся, пазней яшчэ доўга звалі “недасекамі”. Пацярпелі ў той разні і святары.

— Менавіта гэтыя сцэны і адлюстроўваюць фрэскі, — расказвае Ганна Самойленка. — Яны так і называюцца: “Узяцце Мсціслава маскоўскімі войскамі” і “Забойства ксяндзоў”. Праўда, гэтыя сюжэты — не адзіныя ў касцёле. У галоўнай зале на сценах змешчаны партрэты фундатараў, што ў свой час ахвяравалі сродкі на будаўніцтва касцёла. Ля хораў, дзе некалі быў арган, сляды якога зараз беззваротна страчаныя, знаходзіліся і карціны на музычную тэматыку: “Габаіст” і “Віяланчэліст”. Даследчыкам гісторыі з Польшчы з дапамогай спецыяльнага абсталявання ў інфрачырвоным выпраменьванні неяк удалася іх разгледзець і нават сфатаграфаваць. Але зараз гэтыя шэдэўры тагачаснай культуры практычна нябачныя, у вельмі дрэнным стане...

У прыбудове ж на заходняй сцяне знаходзіцца фрэска святога Роха. Адметнасць яе не ў мастацкіх вартасцях, а ў тым, што прыхаджане вераць, што яна дапамагае вылечваць хваробы. Людзі прыходзяць у касцёл, дакранаюцца да яе далонямі, моляцца аб пазбаўленні ад немачы.

Перапыненая рэстаўрацыя

Касцёл дзейнічаў да 1939 года. Пасля вайны тут “кватаравалі” райпалівазбыт, раённае гандлёвае таварыства. У старажытных памяшканнях нарыхтоўчая кантора захоўвала капусту, салёныя агуркі, іншыя прадукты. Тут заўсёды прахалода. І халадзільнікаў не трэба было. Псаваліся толькі сцены ды бясцэнныя фрэскі. Але пра гэта ніхто асабліва не думаў.

Звярнулі ўвагу на помнік толькі ў 80-х гадах. Пасля публікацыі эсэ Уладзіміра Караткевіча “Дыяментавы горад” у Мінску зацікавіліся, што гэта за каштоўны будынак з унікальнымі фрэскамі гібее дзесьці ў глыбінцы і ці праўда, што расол ад салёных агуркоў ды квашанай капусты псуе яго фундамент... Рэстаўрацыйныя работы, толькі распачатыя ў канцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя, тады ж і спыніліся з-за недахопу фінансавання. Хаця вядомыя рэстаўратары браты Маліноўскія і аднавілі некаторую ляпніну ў галоўнай зале касцёла...

Пятнаццаць гадоў назад будынак касцёла перадалі вер-нікам. Пачаў дзейнічаць прыход. Прыхаджане ў прыбудове сваімі сіламі наслалі падлогу, устанавілі захрысты. Актыўных вернікаў у прыходзе няшмат: з два дзясяткі чалавек, хаця каталікоў у Мсціславе нямала. Але да сапраўднай веры прыходзяць нямногія. Таму і сіл нестае, каб зрабіць нешта больш значнае. Будаўнічыя рыштаванні дваццаць гадоў з лішкам не выкарыстоўваюцца...

Так нельга сказаць, што гістарычная і архітэктурная адметнасць гіне. Будынак моцны і знешне выглядае годна і ганарліва. Але для таго каб наведвальнікі, пабываўшы ў ім, ацанілі каларыт тае эпохі, па-сапраўднаму ацанілі майстэрства мастакоў — аўтараў фрэсак, зрабіць трэба вельмі шмат. Безумоўна, мясцоваму прыходу такі аб’ём не па сілах і магчымасцях. Ці зможа аднавіць адну са сваіх рэліквій каталіцкая царква, меркаваць не нам. Але ці павінна рэстаўрацыя быць справай толькі каталікоў? Касцёл у Мсціславе — не толькі дом Божы для вернікаў. Гэта наша спадчына, якой можна і варта ганарыцца, паказваць шматлікім турыстам, самім прыязджаць сюды і стаяць у захапленні перад белым храмам, што лунае птахам над Дыяментавым горадам. Яны — і храм, і горад — таго вартыя.

Мсціслаўскі раён

←Не теряйте корни

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика