Усё ў нас атрымаецца

Источник материала:  
30.11.2010 13:01 — Разное
Перадвыбарная праграма кандыдыта ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь Аляксея Міхалевіча

Эканамічная мадэль, якую выпрацавала сённяшняя ўлада, была прыдатная для сярэдзіны 90-х гадоў мінулага стагоддзя і першых гадоў новага тысячагоддзя, але яна не адпавядае сучасным патрэбам краіны. Каб выправіць гэтае становішча, я і мая каманда распрацавалі праграму эвалюцыйнай Мадэрнізацыі Беларусі. Аснову гэтай праграмы складаюць эканамічны рост, эфектыўная дзяржава і актыўнае грамадства.

І. Эканамічны ростM

Падмуркам развітой і багатай краіны заўсёды была і будзе канкурэнтаздольная гаспадарка. Аднак сёння мы становімся сведкамі таго, што наша эканоміка не дае рады з сусветнымі і рэгіянальнымі зменамі, а шматлікая бюракратыя, недасканалыя законы, заблытаная сістэма падаткаў і цэнтралізаваная ўлада замінаюць развіццю Беларусі. Паколькі самым надзейным паказчыкам паляпшэння жыцця грамадзян з’яўляецца павышэнне іх даходаў, то першая мэта маёй праграмы — гэта забеспячэнне эканамічнага росту.

Я выступаю ЗА:

стварэнне празрыстых і зразумелых законаў, якія дапамогуць прыцягнуць у нашу краіну замежныя інвестыцыі і тэхналогіі;

ахову прыватнай уласнасці і павышэнне ўзроўню эканамічных свабод;

аптымізацыю падаткаў і шырокую падтрымку малога і сярэдняга бізнесу;

адмену цэнавай рэгуляцыі на камерцыйныя тавары і паслугі;

адлучэнне бізнесу ад структур улады і спецслужбаў;

мадэрнізацыю горадаўтваральных прадпрымстваў беларускай прамысловасці;

развіццё інфраструктуры і высокатэхналагічнай вытворчасці;

укараненне новых метадаў кіравання і збыту;

аптымізацыю працэдур адкрыцця і закрыцця бізнесу, ліцэнзавання, сертыфікацыі і фінансавай справаздачнасці;

развіццё камерцыйных банкаў і даступных формаў крэдытавання;

амністыю максімальна магчымай колькасці беларусаў, якія апынуліся ў турмах з прычыны іх уцягнутасці ў эканамічную дзейнасць;

правядзенне зямельнай рэформы і дзяржаўную падтрымку фермерскіх гаспадарак;

дыверсіфікацыю пастаўшчыкоў электраэнергіі і прыродных рэсурсаў;

большую незалежнасць Нацыянальнага банка і ўзмацненне беларускай валюты;

актывізацыю іпатэчнага крэдытавання;

развіццё электроннай камерцыі, страхавых паслуг і інтэрнет-плацяжоў;

усебеларускую інфарматызацыю і праграму аздараўлення публічных фінансаў;

стварэнне Агенцтва фінансавага развіцця, якое будзе займацца ўскосным датаваннем беларускіх дзяржпрадпрыемстваў;

стварэнне ўмоў для ўключэння шырокіх слаёў насельніцтва ў працэс акцыянавання беларускай эканомікі пасродкам пенсійных і страхавых фондаў;

рэалізацыю нацыянальнай праграмы «Старт», накіраванай на падтрымку пачынаючых прадпрымальнікаў і канвеерны запуск новых бізнесаў;

стварэнне інфармацыйна-кансультацыйных цэнтраў экспертных ведаў для малога і сярэдняга бізнесу і «інкубатараў прадпрымальніцтва»;

стварэнне нафтагазавага Кансорцыўма ў складзе Беларусі, Украіны, Еўрасаюза і Расіі, які будзе займацца пытаннямі транзіту энерганосьбітаў у Еўропу.

Каб паспяхова абараняць беларускія пазіцыі на міжнародных рынках, беларускім суб’ектам гаспадарання трэба дапамагчы ў справе засваення «законаў» эфектыўнага прасоўвання тавараў і паслуг. Маркетынг, РR і рэклама могуць стаць ключом да стварэння прывабнага іміджу нашай рэспублікі далёка за яе межамі.

Узаемадзеянне дзяржавы, навукі і бізнесу мусіць стаць крыніцай тэхналагічнага прарыву Беларусі. Я веру ў будучыню навуковых паркаў, актыўнае супрацоўніцтва навуковых устаноў з бізнесам і рэалізацыю пры фінансавай падтрымцы дзяржавы новых перспектыўных патэнтаў.

ІІ. Эфектыўная дзяржава

Дзяржава — гэта механізм, які павінен спраўна выконваць задачы, для якіх ён быў створаны, не абмяжоўваючы без пільнай патрэбы свабоды сваіх грамадзян. Прычым забеспячэнне гаспадарчага і тэхналагічнага лідэрства ў нашым рэгіёне палягае не столькі ў вынаходстве рэформаў, колькі ў якасці дзяржаўных інстытутаў, якія будуць ажыццяўляць гэтыя рэформы.

Я выступаю ЗА:

незалежнасць судоў і ўвядзенне прынцыпу выбарнасці беларускіх суддзяў;

узмацненне ролі парламента і Канстытуцыйнага суда, падпарадкаванне Генеральнай пракуратуры Нацыянальнаму сходу;

рэформу выбарчага заканадаўства;

вяртанне да канстытуцыйнай нормы, паводле якой адна асоба не можа быць прэзідэнтам больш за два тэрміны;

абранне кіраўнікоў абласцей і мэраў гарадоў жыхарамі гэтых рэгіёнаў;

свабоду слова і развіццё камерцыйных тэлеканалаў, радыёстанцый і газет;

ліквідацыю ўсіх упраўленняў і аддзелаў па ідэалогіі і паступовую прыватызацыю дзяржаўных СМІ;

павышэнне статусу ваеннаслужачых;

захаванне дактрыны, якая грунтуецца на ваенным нейтралітэце Беларусі (пры гэтым беларускае войска дзеля падтрымання сваёй бояздольнасці павінна праводзіць сумесныя вучэнні як з Расіяй, так і з НАТО);

пенсійную рэформу і стварэнне накапляльнай сістэмы з персанальнымі пенсійнымі рахункамі;

канкурэнцыю прыватных пенсійных фондаў пры захаванні дзяржаўных сацыяльных пенсій;

устанаўленне грамадскага кантролю над працай праваахоўных органаў;

укараненне прынцыпу конкурснага прыёму на дзяржаўную службу і спрашчэнне вертыкалі на карысць мясцовых органаў самакіравання;

актывізацыя палітычных адносін, якія маюць на мэце доступ да заходніх рынкаў, тэхналогій, інвестыцый і абарону інтарэсаў беларускіх фірмаў за мяжой;

узаемавыгадныя сяброўскія дачыненні з Расіяй і краінамі СНД, стратэгічнае партнёрства з Еўрапейскім Саюзам і Украінай;

уключэнне краіны ў міжнародную гандлёва-эканамічную сістэму і ўступленне ў Сусветную Гандлёвую Арганізацыю ў 2012 годзе;

паніжэнне кошту шэнгенскіх віз для беларускіх грамадзян і ў перспектыве ўвядзенне бязвізавага рэжыму з Еўрасаюзам;

прыцягненне прыватных фундатараў для мадэрнізацыі жыллёва-камунальнай гаспадаркі, павышэнне якасці і расшырэнне асартыменту камунальных паслуг;

забеспячэнне празрыстасці і справядлівасці ў сістэме камунальных тарыфаў.

Ахова навакольнага асяроддзя мусіць стаць іміджаўтваральным элементам беларускай палітыкі.

Я перакананы, што будаўніцтва ўласнай АЭС ніякім чынам не ўпісваецца ў канцэпцыю стварэння іміджу «Краіны блакітных азёр пад белымі крыламі».

Больш таго, патэнцыйная эканамічная эфектыўнасць станцыі падаецца вельмі сумніўнай. Беларусі па сілах стаць адным з цэнтраў зялёнага руху ў Еўропе і свеце, краінай, якая выступае ініцыятарам абароны прыроды, экалагічна чыстых прадуктаў харчавання і развітой медыцыны, прыродаахоўных тэхналогій і рацыянальнага выкарыстання водных рэсурсаў. Гуманнасць беларускай дзяржавы павінна выказвацца ў стаўленні да жывёл. Неабходна адмовіцца ад знішчэння беспрытульных жывёл і стварыць для іх сістэму прытулкаў.

ІІІ. Актыўнае грамадства

Аснова дабрабыту Беларусі — гэта Мы, наш інтэлект, воля, ініцыятыва, наша самастойнасць і актыўная пазіцыя. Назапашванне сацыяльнага капіталу, якім з’яўляецца актыўнае і самадзейнае грамадства, стане залогам выхаду нашай краіны на новыя цывілізацыйныя далягляды.

Я выступаю ЗА:

дэцэнтралізацыю палітычнай і эканамічнай улады на карысць рэгіёнаў;

падзел шасці існуючых цяпер абласцей на 17 адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак — паветаў — з наступнымі адміністрацыйнымі цэнтрамі:

Брэст, Пінск, Мазыр, Гомель, Гродна, Баранавічы, Слуцк, Бабруйск, Ліда, Маладзечна, Барысаў, Магілёў, Крычаў, Глыбокае, Полацк, Віцебск, Орша; а таксама асобную адміністрацыйна-тэрытарыяльную адзінку — г. Мінск разам з Мінскім раёнам;

адмену кантрактнай сістэмы і ўдасканаленне заканадаўчай базы, прызванай абараніць правы працаўнікоў прыватнага і дзяржаўнага сектара, свабоду дзейнасці прафсаюзаў;

адаптацыю сістэмы вышэйшай адукацыі да патрэб рынка, павышэнне сацыяльнага статусу настаўніка і пабудова эканомікі, заснаванай на ведах і інавацыях;

скасаванне прымусовага размеркавання выпускнікоў ВНУ;

інтэграцыю Беларусі ў еўрапейскую сістэму адукацыі і ўзаемнае прызнанне дыпломаў і адукацыйных стандартаў;

увядзенне падатковых ільгот для фірмаў, якія інвестуюць у павышэнне ведаў і кваліфікацыі сваіх супрацоўнікаў;

дынамічнае развіццё камерцыйных ВНУ і даступных формаў студэнцкага крэдытавання;

сацыяльную інтэграцыю прадстаўнікоў уразлівых груп насельніцтва, пабудова грамадства роўных магчымасцяў;

развіццё розных формаў медыцынскага страхавання;

роўныя правы для рэлігійных канфесій, якія традыцыйна былі прадстаўленыя ў Беларусі (сюды мэтазгодна аднесці і пратэстантаў), і партнёрства дзяржавы і рэлігійных арганізацый у сферах, дзе такое супрацоўніцтва не супярэчыць пастулатам свецкай дзяржавы;

аднаўленне і развіццё беларускай культурнай спадчыны;

пашырэнне ўжывання беларускай мовы праз забеспячэнне грамадзян інфармацыяй аб дзейнасці дзяржаўных органаў на беларускай мове.

Надзвычай важнай умовай для захавання беларускай ідэнтычнасці з’яўляецца супрацоўніцтва з беларускай дыяспарай, першым чынам у Расіі, ЗША і краінах ЕС. Увядзенне «карты Беларуса» можа стаць сур’ёзным крокам да абароны права спадчынных беларусаў вярнуцца на гістарычную радзіму. Нам таксама трэба распрацаваць праграмы адаптацыі мігрантаў, якія пераехалі ў Беларусь з краін былога СССР.

Што тычыцца нацыянальных меншасцяў, то яны павінны мець у Беларусі шырокую аўтаномію і права захоўваць і развіваць свае традыцыі, культуру і мову.

Я перакананы, што эканамічны рост, эфектыўная дзяржава і актыўнае грамадства ў стане сфармаваць эканамічны, істытуцыянальны і сацыяльны капітал нашай краіны, які дазволіць Беларусі прэтэндаваць на ролю цывілізацыйнага лідара Усходняй Еўропы і забяспечыць яе грамадзянам годны ўзровень дабрабыту.

Я веру ў нашу Беларусь і веру ў яе патэнцыял, і сапраўды ведаю: У НАС УСЁ АТРЫМАЕЦЦА!

Аляксей Міхалевіч

Падзяліцца навіной: 
Звязда

←Сікорскі пра Wikileaks: Гэта абмежаванне свабоды слова

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика