Маргарыта Тарайковіч. Я зварухну Беларусь
Беларускае мора разьліваецца вячэрнім восеньскім дажджом. Лісьце плыве па струмяньках пад ліхтарамі. Беларускае мора матэрыялізуецца скрозь тысячагагодзьдзі. Ты плывеш па ім, заходзячы ў кватэры мякка, бы тая вада.
Мякка, з павагай, ветліва. Бо беларусы, падаецца, ня любяць нахабства й рэзкіх рухаў. Кроплі крыху памялі падпісны ліст. Ты зьбіраеш подпісы за кандыдата.
(«Добры вечар!..«)
Сапраўды добры. Ты нясеш альтэрнатыву і каштоўнасьці. Заражаеш усім гэтым, як вірусам, праз сваю прысутнасьць. Ты ведаеш, што гэта кропля ў моры, але кропля рэальная. Твой візыт унёс сваю лепту ў мазаіку досьведу тваіх суайчыньнікаў, якім няма часу займацца подобнай «ерундой».
Дарэчы,
каму «ерунда», а каму «вой, якія малайцы, што гэтым займаецеся». Нарэшце ты праз досьвед пераканаўся, што людзі розныя (а то ведаў збольшага тэарэтычна). І ўвогуле зазірнуў у сьвет нармальных людзей (жартую!). Збор подпісаў — геніяльная магчымасьць паразмаўляць ня толькі зь людзьмі, але з народам.За квадратамі вокнаў, бы колісь пад стрэхамі — народ.
Дождж за вакенцамі пад’езду растварае непатрэбнае і выкрышталізоўвае, здаецца, чыстую рэчаіснасьць, як у фільмах азіяцкіх ці Таркоўскага. Да гэтай рэчаіснасьці належыць і шоргат паперы, і сабачы брэх, і крокі за дзьвярыма.
Гладзіш коціка пад камэнт гаспадыні: «Во, адчувае добрага чалавека!» — адносіш гэты камэнт не да свае асобы ўвогуле, а да душэўнага стану дадзенага моманту. Бо зараз, здаецца, сапраўды мог бы даць спакойна сябе зьбіць, як дэманстранты Махатмы Гандзі. Зусім няма нянавісьці й злосьці, бо цяпер ты ў іншай прасторы.
Не, можа б і даў здачы. Але безь нянавісьці, хутчэй для парадку.
…Чым розьніцца рэвалюцыянэр ад звычайнага бунтаўніка? Першы — гэта носьбіт новых каштоўнасьцей, якія могуць карэнна зьмяніць навакольную рэчаіснасьць.Думаеш пра тое, колькі пад’ездаў скончыш да позьняга вечара. А не пра тое, наколькі гэта кропля ў моры. Бог можа, калі захоча, дадаць такога каталізатару, што «кропля» зробіць рэакцыю на ўсё «мора».
Але зараз мора так прыемна шапоча за вакном, што незразумела, на чыім яно баку. Ці на нічыім — у азіяцкай мэдытацыі.
Ці не заўважаў, што ў дождж неяк больш жыцьцёва і прыдатна для зроку выглядае нат уся
Рэчаіснасьць цяпер цяжкая. Акторы ведаюць, што бывае «цяжкая заля» — калі ад гледачоў няма аддачы, і адчуваеш энэргетычны заняпад. Здаецца, навакольная беларуская прастора — гэта такая цяжкая заля, што цяжка і крыкнуць «Жыве Беларусь!». Цяжка бывае і ісьці да людзей.
Але йдзеш і аддаеш сабе. У кожны момант стараешся найбольш выкласьціся.
Дарэчы, галоўнае — не колькасьць подпісаў, а колькасьць людзей, якія пачулі нешта новае. Дазналіся пра альтэрнатыву. Толькі не лічы сваю ролю нейкай заслугай.
І можа,
галоўнае ва ўсёй кампаніі — як сьлед паварушыць краіну. Зьмяніць абстаноўку — хаця б паводле таго меркаваньня, што нельга ўвайсьці двойчы ў адну і тую ж раку. Каб крыху іншым сталася беларускае мора.Ведаем, што нам гэта тэарэтычна не пад сілу, але практычна ўсё залежыць ясна ад Каго.
Рэвалюцыянэр — не канечне бунтаўнік. Дарэчы, ня ўсе рэвалюцыі суправаджаліся бойкамі і бунтамі. І нават зьменай улады. І ня ўсе бунты й перавароты — рэвалюцыі.З чым у чалавеку мы працуем, тое ён і выдае. З узроўнем дзе хлеб — усяму галава, ужо працуюць. Трэба браць вышэй (пачынаючы, вядома, зь сябе). Рэвалюцыі трэба рабіць на вышэйшых узроўнях функцыянаваньня асобы. Тых, дзе каштоўнасьці веры, волі, маральнасьці й самарэалізацыі.
Зьбіраючы подпісы, лепш пачынаць з вышэйшых паверхаў. Так лягчэй фізычна. Але, магчыма, гэта й мэтафара.
Разумны яўрэйчык Абрам Маслаў — пардон, Абрагам Маслоў, — прыдумаў нядрэнную «піраміду» чалавечых патрэбаў: у аснове — «пішча, жылішча й адзежда», потым — бясьпека, потым — любоў і прыняцьце ў групе, потым — самапавага, ну і на самым версе — самаактуалізацыя. І ёсьць пасьлядоўнасьць пераходу з узроўню на ўзровень… Але чамусьці мала кажуць пра тое, што сам Маслоў потым ад гэтага адмовіўся. Ён прызнаў, што «скокнуць» на самы верх пірамідкі каштоўнасьцяў можна… зь любога ўзроўню.
Валачэшся дамоў. За цёмным акном кухні зь цёплай гарбатай беларускае мора набывае стабільнасьць. Стабільнасьць рытму на шкле і падваконьні.
Толькі не перастаць зазіраць у сваё сэрца. Толькі пільнаваць, каб грамадзкая актыўнасьць не замінала пасільнай ўнутранай размове з Богам. Бо сапраўдны вораг — зазвычай ня той, каго малююць у прэсе, сапраўдны фронт змаганьняў — унутры…
…Блізкасьць прэзыдэнцкіх выбараў заахвочвае. Я пішу гэта ў Бэльгіі, дзе родныя дасталі мяне просьбамі застацца там; мне так цяжка растлумачыць, чаму я хачу назад у Беларусь, і асабліва зараз, калі на носе перадвыбарчая кампанія; чаму мне так цікава і весела ў цяжкай, непадатлівай атмасфэры нашага грамадзтва, у гэтай атмасфэры, якая кідае табе выклікі чакае, што ты будзеш рабіць. Зрэшты, чаму мне хочацца, каб адзіным кандыдатам быў Рымашэўскі… але гэта ўжо іншае пытаньне.
Беларусь цудоўна абыдзецца і без мяне, але яна заўсёды рада, калі мы вяртаемся. Помню, як пасля двухгадовага літаралісцкага разуменьня словаў апостала Паўла пра ўладу раптам апынулася на Акадэміі, убачыла