Не хадзіце ў забруджаны лес
У мінулых нумарах мы паказалі радыяцыйныя плямы ў лясах Пяршайскага, Івянецкага і Каменскага лясніцтваў. Сёння публікуем карту Багданаўскага лясніцтва. Тут найбольш забруджаны квадрат (2-5 кюры на квадратны кіламетр) знаходзіцца ў лесе недалёка ад вёскі Селішчы. У іншых лясах узровень забруджанасці не ўзнімаецца вышэй за 2 кюры на квадратны кіламетр.
Дапушчальнай лічыцца забруджанасць да 5 кюры на квадратны кіламетр. Але што тычыцца збору грыбоў і ягад, то, па словах інжынера-радыёлага Валожынскага лясгаса Людмілы Чэрнік, на тэрыторыях з забруджанасцю да 2 кюры на квадратны кіламетр, іх пажадана збіраць з абавязковым радыеметрычным кантролем. На тэрыторыях з забруджанасцю больш за 2 кюры збіраць дары лесу нельга.
Радыяцыйныя плямы ад 2 да 5 кюры на квадратны кіламетр ёсць у лясах Маладзечанскага раёна. У Вілейскім забруджанасць не ўзнімаецца вышэй за 2 кюры. Валожынскі раён – адзіны ў нашым рэгіёне, у якім ёсць месцы, дзе ўзровень забруджанасці складае ад 5 да 15 кюры на квадратны кіламетр. Напярэдадні сезона ягад і грыбоў нашы чытачы павінны ведаць, дзе дары лесу пажадана не збіраць.
Паводле інфармацыі Людмілы Чэрнік, у Валожынскім раёне, акрамя Пяршайскага, Івянецкага, Каменскага і Багданаўскага лясніцтваў, забруджаныя месцы ёсць яшчэ ў Валожынскім і Вішнеўскім. У наступных нумарах “РГ” плануе паказаць гэтыя месцы.
Сяргей ЗЯНЬКО.