У Баранавічах развіталіся з лётчыкамі МіГ-29
Развітанне з загінулымі прайшло ў Баранавічах раніцай 26 верасня ў былым Доме афіцэраў. Праводзіць пілотаў у апошні шлях маглі ўсе жадаючыя.
Пасля развітальнай цырымоніі цела Аляксандра Жыгайлы было аддадзена зямлі на могілках ў Магілёве, адкуль ён родам. Сяргея Каваленку пахавалі ў Бярозе, дзе ён доўгі час жыў і дзе прайшло шмат гадоў яго службы.
Нагадаем, 23 верасня а 17-й гадзіне ў Ганцавіцкім раёне Брэсцкай вобласці падчас планавых палётаў пры выкананні элементаў пілатажу павышанай складанасці на малых вышынях пацярпеў катастрофу самалёт МіГ-29 61-й знішчальнай авіябазы Узброеных сіл Беларусі (Баранавічы).
Паводле інфармацыі Мінабароны, экіпаж паветранага судна ў складзе лётчыка 1-га класа, камандзіра авіяцыйнай эскадрыллі падпалкоўніка Сяргея Каваленкі і лётчыка 2-га класа, намесніка камандзіра авіяцыйнага звяна маёра Аляксандра Жыгайлы, прадухіляючы падзенне самалёта на населеныя пункты, адвёў машыну ў раён лясіста-балоцістай мясцовасці, дзе і адбылося яе крушэнне. Пілоты загінулі.
Прычыны і акалічнасці трагедыі высвятляе спецыяльная камісія ваеннага ведамства.
Па факце катастрофы МіГ-29 распачата справа па ч. 2 арт. 465 КК (парушэнне правілаў палётаў ці падрыхтоўкі да іх або іншых правілаў эксплуатацыі ваенных лятальных апаратаў, якое пацягнула па неасцярожнасці смерць дзвюх асоб).
БелаПАН