У Светлагорску канфіскавана буйная партыя гераіну
Супрацоўнікі аддзялення наркакантролю і супрацьдзеяння гандлю людзьмі Светлагорскага РАУС канфіскавалі партыю гераіну вагой 335 грамаў.
Як паведамілі ў прэс‑службе УУС Гомельскага аблвыканкама, спачатку аператыўнікі затрымалі 32‑гадовую мясцовую жыхарку, у якой знаходзілася 3,5 грама гераіну. Пазней былі затрыманы яшчэ два жыхары Светлагорска, якія займаліся збытам наркотыка. Па месцы жыхарства затрыманых у спецыяльна абсталяваных тайніках аператыўнікі знайшлі больш як 330 грамаў гераіну.
У дачыненні да затрыманых распачаты справы на падставе ч. 3 арт. 328 Крымінальнага кодэкса (незаконны абарот наркатычных сродкаў). Падчас следства трэба будзе высветліць, колькі цягнуўся злачынны бізнес збытчыкаў і крыніцу паходжання наркотыкаў.
З пачатку 2010 года на тэрыторыі Гомельскай вобласці выяўлена 299 злачынстваў, звязаных з незаконным абаротам наркотыкаў, амаль палова з іх — збыт наркатычных сродкаў.
Алена Германовіч, БелаПАН