Лекар у вазоне
Алоэ (або, як гавораць у народзе, — альяс) можа вырасціць нават неспрактыкаваны кветкавод, бо гэтая непатрабавальная расліна практычна не патрабуе да сябе ўвагі і цалкам лаяльна ставіцца да недахопу паліву і беднасці глебы. Тым, хто дагэтуль не абзавёўся альясам, настойліва раім пасадзіць яго на сваім падаконніку, бо мясістае лісце гэтай расліны здольнае замяніць цэлую аптэчку з лекамі. Нездарма ў некаторых старадаўніх траўніках алоэ называюць не іначай, як "лекар у гліняным вазоне".
Пра гаючыя ўласцівасці альясу вядома даўно. Легендарны Авіцэна рэкамендаваў гэтую расліну для лячэння боляў у суставах, пры пухлінах, у якасці сродку, які гоіць раны і дапамагае ператраўліваць ежу.
Сучасная медыцына таксама ставіцца да альясу з вялікай павагай. Бо яго лісце — сапраўдная скарбонка вітамінаў. Альяс можа пахваліцца багаццем вітаміну С (дапамагае арганізму спраўляцца з вірусамі і засцерагае ад дачаснага старэння), вітамінаў групы В (неабходныя для моцнага сну, прыгожых валасоў і пазногцяў), а таксама наяўнасцю вітамінаў А (надае зроку вастрыню) і Е (пазбаўляе ад праблем з сэрцам, сасудамі і ранніх маршчын). Ёсць у складзе альясу і такія каштоўныя мікраэлементы, як кальцый (умацоўвае зубы і косці), калій (абараняе сасуды і дапамагае сэрцу) і магній (ратуе ад наступстваў хваляванняў і стрэсаў).
Касметолагі шануюць альяс за высокую колькасць алаіну — гэты элемент валодае здольнасцю нейтралізаваць шкоднае ўздзеянне сонечных прамянёў, а таксама надае скуры гладкасць і эластычнасць. Менавіта таму альяс часта ўваходзіць у склад разнастайных крэмаў, ласьёнаў і іншых сродкаў для догляду скуры.
Але галоўнае багацце алоэ — фітанцыды (або так званыя прыродныя антыбіётыкі), дзякуючы якім расліну можна выкарыстоўваць у якасці супрацьвіруснага і супрацьзапаленчага сродку. Ён эфектыўны для лячэння захворванняў страўнікава-кішачнага тракту, вочных хвароб, у якасці супрацьапёкавага сродку.
Аднак, нягледзячы на свае карысныя ўласцівасці, альяс мае некалькі супрацьпаказанняў. Пры цяжарнасці, матачных крывацёках, моцных менструацыях, гемароі, запаленні нырак і мачавога пузыра лячыцца гэтай раслінай нельга.
Правілы збору
Лісце альясу збіраюць восенню ў перыяд з канца верасня да першай паловы лістапада. Лепш зрэзаць ніжнія і сярэднія лісты, якія дасягнулі даўжыні 15—20 см, — менавіта ў такіх лістах больш за ўсё карысных рэчываў.
Галоўнае ў альясу — гэта яго сок. Для атрымання соку лісце зразаюць і ставяць зрэзам вертыкальна ўніз у якую-небудзь пасудзіну. У хатніх умовах сок можна атрымаць, адціскаючы старанна здробненае лісце.
Гаючыя ўласцівасці алоэ можна ўзмацніць пры дапамозе "біястымуляцыі", якая заключаецца ў вытрымліванні лісця расліны ў халаднаватым вільготным месцы. Для гэтага свежае лісце альясу прамыйце гатаванай вадой, абсушыце, пакладзіце ў шкляны слоік або поліэтыленавы пакет і змясціце ў халадзільнік на 12 дзён. Затым здрабніце лісце і адцісніце сок праз марлю.
Рэцэпты з альясу
r Свежы сок расліны прымаюць па чайнай лыжцы 2—3 разы на дзень за 20—30 хвілін да яды пры нястраўнасці.
r Пры бранхіце сок альясу выкарыстоўваюць у сумесі са сметанковым маслам і мёдам (на 1 сталовую лыжку соку вазьміце па 100 г масла і мёду). Прымайце па сталовай лыжцы сумесі, запіваючы шклянкай гарачага малака, 2 разы на дзень.
r Пры гастрыце змяшайце ў роўных частках сок альясу і мёд і настойвайце на працягу 3 гадзін. Прымайце па чайнай лыжцы 3 разы на дзень да яды.
r Каб вылечыць прастуду і ВРЗ, 200 г кашкі лісця альясу старанна змяшайце з чайнай лыжкай паваранай солі, настойвайце ў цёмным халаднаватым месцы на працягу 12 гадзін, перыядычна памешваючы. Піце па 1 сталовай лыжцы 3 разы на дзень за гадзіну да яды.
r Пры хранічным гаймарыце рэкамендуецца змяшаць у роўных частках сок альясу, траву шалфею і мёд. Сумесь закапваюць 3—5 разоў на дзень па 5 кропляў у кожную ноздру.
r Справіцца з гіпертаніяй і спазмамі сасудаў дапаможа сумесь са 100 г мёду, 50 г соку альясу, 100 г чырвонага вінаграднага віна. Усе кампаненты старанна змяшайце ў эмаліраваным посудзе драўлянай лыжкай і настойвайце ў цёмным халаднаватым месцы на працягу 5 сутак, перыядычна ўстрэсваючы змесціва. Захоўвайце ў халадзільніку. Піце па сталовай лыжцы адзін раз на дзень за 30 хвілін да яды на працягу 10 дзён.
r Тым, хто не можа пазбавіцца ад вугроў, запалення на скуры, дэрматыту і экзэмы, рэкамендуецца такі рэцэпт: лісце альясу прамыць цёплай гатаванай вадой, абсушыць, трымаць 7—8 дзён у цёмным халаднаватым месцы, затым здрабніць іх і выціснуць сок. Праціраць сокам запалёнае месца раніцай і ўвечары.
r Зняць боль пры апёку можна, калі змяшаць у міксеры 100 г здробненага лісця альясу са 100 г халоднай гатаванай вады, дадаць 100 г вазеліну, чайную лыжку лімоннага соку, зноў змяшаць у міксеры, даць пастаяць у халаднаватым месцы і працадзіць праз густое сіта. Атрыманай маззю змазвайце пашкоджанае месца.
r Пры радыкуліце і рэўматызме прымайце сумесь соку альясу і чырвонага віна ў суадносінах 1:2. Піце па чайнай лыжцы 3 разы на дзень да яды.
r Пазбавіцца ад ячменю дапаможа такі спосаб: зрэжце ліст альясу, абмыйце, адцісніце сок, развядзіце 1:10 халоднай гатаванай вадой. Рабіце прымочкі да ячменю некалькі разоў на дзень, пакуль ячмень не знікне.
r Каб паскорыць загойванне ран, разрэжце ліст альясу, адну з паловак прыкладзіце разрэзам да раны і перавяжыце.
r Пры галаўным болі рэкамендуецца прымаць 1 раз на дзень па 5 кропляў соку. Курс лячэння — два тыдні.
Падрыхтавала Вольга КУЛІНКОВІЧ.