Сталічныя пенсіянеры змогуць паспрабаваць сябе ў ролі сядзелак
У Мінску стартаваў сацыяльны праект "Пажылыя — старым". У яго рамках фізічна здаровыя і актыўныя пенсіянеры будуць аказваць платную дапамогу састарэлым нядужым людзям. Пра гэта паведаміла журналістам у Мінгарвыканкаме старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Жанна Рамановіч. Першы падобны праект апрабуюць у Першамайскім раёне.
— Ужо сфарміравана група з 200 пенсіянераў пакуль на валанцёрскіх пачатках, — расказала Жанна Рамановіч. — З 70 з іх праводзяцца семінарскія заняткі — спецыялісты навучаюць іх метадам і формам работы з пажылымі людзьмі, якія маюць патрэбу ў клопаце і доглядзе. У далейшым камітэт сумесна з тэрытарыяльнымі цэнтрамі сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва плануе прымаць на працу энергічных пенсіянераў у якасці сядзелак і работнікаў сацыяльнай службы для аказання дапамогі адзінокім пажылым мінчанам.
На думку старшыні профільнага камітэта, праект будзе запатрабаваны ў насельніцтва, паколькі вырашае дзве праблемы. Па-першае, дапамогу атрымаюць гараджане, якія па ўзросце і стане здароўя проста не могуць выйсці з дома. Па-другое, людзі пенсійнага ўзросту, якія не страцілі жадання дапамагаць іншым, змогуць зрабіць гэта, а заадно атрымаюць дадатковы даход.
Акрамя таго, спецыялісты камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне ў цяперашні час распрацоўваюць нарматыўна-прававую базу для яшчэ аднаго сацыяльнага праекта. Мінчане атрымаюць магчымасць за плату размясціць сваіх пажылых родных, на дзённы час у спецыяльны стацыянар, дзе тыя атрымаюць дастойны догляд і ўвагу, а вечарам забраць дадому.
У Мінску такія ахвотнікі ёсць. Сёння не ўсе гатовы аддаць сваіх блізкіх у інтэрнатную ўстанову, ды і месцаў там не хапае.
Святлана ФРАЛЯНКОВА,
"Мінск—Навіны".