Худзець масквічоў навучаць у Беларусі
Віцебскія медыкі выкарыстоўваюць японскі вопыт: на базе абласнога кардыялагічнага дыспансэра адпрацоўваецца тэхналогія здаровага харчавання і абмежавання вагі. Ужо сёлета плануюць завяршыць адпрацоўку на практыцы, улічваючы беларускія нюансы.
Як нагадаў "Звяздзе" прафесар, галоўны пазаштатны кардыёлаг упраўлення аховы здароўя аблвыканкама Уладзіслаў Падпалаў, залішняя вага ў ліку іншага дрэнна ўплывае на здароўе чалавека. Супрацоўнік Віцебскага медыцынскага ўніверсітэта спецыяльна ездзіў у Японію на стажыроўку. Гэта стала магчымым дзякуючы гранту. Японія добра вядомая самай вялікай у свеце працягласцю жыцця і добрым здароўем да глыбокай старасці грамадзян. "І сам ён — наш калега — там пахудзеў кілаграмаў на шэсць!" — пажартаваў прафесар.
Пасля таго, як тэхналогія будзе адпрацаваная, яе распаўсюдзяць у паліклініках, іншых установах аховы здароўя. У якасці тых, над кім "эксперыментуюць", выступілі звычайныя віцебскія пацыенты, якіх адбіралі ў паліклініках.
Закупілі і 20 вымяральнікаў колькасці крокаў. Іх прымяненне, напрыклад, дазволіць людзям, якім не хапае актыўнасці, павялічваць фізічныя нагрузкі — больш хадзіць.
Вялікая ўвага пры выпрацоўцы тэхналогіі надаецца памяншэнню агульнай каларыйнасці харчавання. Меню тых жа японцаў на трэць складаецца з грыбоў, на столькі ж — з рысу і на 1/3 — з морапрадуктаў. На першы погляд, яўны недахоп апошніх у Беларусі, лічыць прафесар, можна кампенсаваць без вялікіх праблем. У апошні час морапрадуктаў усё болей у продажы нават у глыбінцы, а яшчэ дары мора можна замяняць рыбнай прадукцыяй нават з нашага рэгіёна.
Як адзначыў ў размове з карэспандэнтам "Звязды" галоўны ўрач установы аховы здароўя "Віцебскі абласны кардыялагічны дыспансэр" Уладзімір Лугавы, тэхналогію абмежавання вагі можна будзе выкарыстоўваць і ў якасці экспарту медыцынскіх паслуг. У дыспансэры абслугоўваюць і замежных пацыентаў.
Такім чынам, акрамя таго, што, у прыватнасці, жыхары расійскіх мегаполісаў прыязджаюць не першы год нараджаць у правінцыйны Віцебск, звяртаюцца да мясцовых гінеколагаў і кардыёлагаў, яны змогуць і пахудзець. Плюс атрымаць кансультацыі на будучыню — як сачыць за сваімі вагой і здароўем.
Аляксандр ПУКШАНСКІ.