Мабільнік на поясе правакуе пералом шыйкі сцягна
Даследчыкі з аргенцінскага Нацыянальнага ўніверсітэта Куё прыйшлі да высновы, што нашэнне сотавага тэлефона на поясе прыводзіць да развіцця ў чалавека астэапарозу. У выніку праведзенага даследавання было ўстаноўлена, што асаблівай небяспецы падвяргаецца шыйка сцягна, пералом якой лічыцца адным з самых небяспечных і складаных у плане аднаўлення траўматычных пашкоджанняў.
Навукоўцы з Аргенціны змералі мінеральную шчыльнасць касцей правага і левага сцягна ў 24 чалавек, якія больш за год насілі тэлефоны на поясе. Атрыманыя звесткі даследчыкі параўналі з вынікамі замераў мінеральнай шчыльнасці касцей добраахвотнікаў, якія не карысталіся мабільнымі тэлефонамі. Як высветлілася, у тых, хто насіў сотавы тэлефон на правым сцягне, насычанасць мінераламі ў шыйцы сцягна і верхняй частцы сцегнавой косці была ніжэйшай, чым у добраахвотнікаў з кантрольнай групы. Прычым у аматараў мабільных тэлефонаў розніца ў шчыльнасці паміж левай і правай сцегнавой косцю была прама звязана з колькасцю часу, на працягу якога яны насілі мабільны тэлефон на правым сцягне.
— Выпадкі асіметрыі шчыльнасці касцявога матэрыялу паміж левай і правай шыйкай сцягна ў людзей, якія карысталіся мабільнымі тэлефонамі, тлумачацца не апісаным раней нецеплавым уздзеяннем на косці электрамагнітных хваляў высокай частаты, — выказвае гіпотэзу аўтар даследавання доктар Фернанда Сраві.
Асабліва шкоднае нашэнне мабільных тэлефонаў для жанчын, якія часцей за мужчын церпяць ад астэапарозу, а таксама для дзяцей, якія трапляюць пад уздзеянне сотавага тэлефона з самага ранняга ўзросту. Аднак, як падкрэсліваюць навукоўцы, каб усур'ёз разважаць аб небяспецы мабільных тэлефонаў, неабходна правядзенне дадатковых даследаванняў.
Надзея НІКАЛАЕВА.