Сок асветлены і неасветлены, яблычны і апельсінавы
Чытачы з Віцебска Вараб'ёвы ў сваім лісце ў газету паведамілі, што маюць чатырох малых унукаў. Спадары Вараб'ёвы папрасілі расказаць пра дзіцячае харчаванне Маларыцкага кансервавага завода: "Прадпрыемства выпускае яблычны сок — асветлены і неасветлены. Што гэта азначае? Чым яго асвятляюць і навошта? Ніхто не змог нам патлумачыць, нават педыятр. Зараз многія дзеці пакутуюць на алергію, а бацькі баяцца даваць сокі, бо не ведаюць, што такое асвятленне. І яшчэ, навошта ў нашы сокі завод пхае ўсялякія дабаўкі кшталту апельсіна? Хто захоча, сам зможа купіць дзіцяці апельсін. Справа ў тым, што ў СМІ даводзілася чытаць пра тое, што часта на наш рынак трапляюць апельсіны апошняга гатунку, да таго ж апырсканыя ўсялякімі прэпаратамі для захавання. Бывае, купіш апельсін, пачысціш, а ён гаркаваты на смак. Такое дзіцяці даваць не будзеш".
Пісьмо пракаментавала галоўны тэхнолаг Маларыцкага кансервавага гароднінасушыльнага камбіната Валянціна ГРЫГАРУК:
— Сапраўды, мы выпускаем сок яблычны неасветлены і сок яблычны асветлены, узноўлены. Сок яблычны неасветлены — гэта цалкам натуральны прадукт, які вырабляецца з айчынных яблык. Мы самі яблыкі купляем, мыем, здрабняем і на сваіх прэсах выціскаем з іх сок. У такіх соках дапускаецца натуральны асадак, яго колькасць рэгламентуецца спецыяльнымі дакументамі і не перавышае 0,3%.
Але ў сваёй працы мы кіруемся пажаданнямі мам нашых спажыўцоў. А многія мамы выказвалі прэтэнзіі з нагоды вось гэтага асадку. Яны казалі, што ў імпартных соках няма ніякага асадку, яны празрыстыя, і яны хочуць даваць дзецям такія ж. Тады мы асвоілі вытворчасць асветленых узноўленых сокаў. Гэтыя сокі вырабляюцца з яблычнага канцэнтрату, частку якога мы купляем у Беларусі, а частку — за мяжой. Канцэнтрат атрымліваецца, дарэчы, такім жа шляхам, як і сок, толькі што канцэнтруецца — гэта значыць, з яго выпарваецца вільгаць. Усе канцэнтраты для дзіцячага харчавання праходзяць падрабязную санітарную праверку. Без пратаколаў выпрабаванняў, так бы мовіць, на санітарную надзейнасць ніводнага кілаграма сыравіны мы не бяром. Закон нас абавязвае так рабіць. І не інакш.
Зараз амаль усе сокі вырабляюцца без дабаўлення цукру. Варта ўважліва чытаць этыкеткі. Гэта да пытання пра розныя алергіі і іншыя асаблівасці здароўя дзяцей.
А што датычыць апельсінаў у соку, то мы не бяром іх на рынку, дзе сумніўныя якасць і тэрмін захавання. Мы бяром канцэнтрат апельсінавага соку для дзіцячага харчавання, які прайшоў адпаведныя праверкі. І летам яблычна-апельсінавы сок ідзе літаральна "на ўра". Калі ж чытачы сумняваюцца ў карысці апельсінаў для сваіх дзяцей і ўнукаў, то могуць выбраць іншую прадукцыю. Мы выпускаем 140 найменняў сокаў і пюрэ для дзяцей з улікам прапаноў і пажаданняў бацькоў. У нашай прадукцыі ёсць ягады, фрукты, агародніна, якія растуць у нас і якія завозяцца. А справа бацькоў — выбіраць, што падыходзіць іх дзіцяці.
Падрыхтавала Святлана ЯСКЕВІЧ.