Гадзіна працы беларускіх медыкаў "каштуе" менш за два долары

Источник материала:  
22.03.2011 09:38 — Новости Здоровья

Гадзіна працы беларускіх медыкаў "каштуе" менш за два долары


Гадзіна працы беларускіх медыкаў "каштуе" менш як два долары... ...а па колькасці адпрацаваных гадзін медработнікаў апярэджваюць толькі работнікі сельскай гаспадаркі. 

Колькі гадоў таму працу ўрача на з'ездзе тэрапеўтаў вельмі трапна параўналі з працай аратага. Маўляў, для таго, каб атрымаць больш-менш годныя грошы, медыцынскія работнікі павінны "араць, араць і араць". З трыбуны з'езда была агучана адна цікавая лічба: у пачатку ХХ стагоддзя мінскія ўрачы зараблялі 2400 рублёў у год і па аплаце працы займалі трэцяе месца пасля гарадскога галавы і кіраўніка прадстаўніцтва Санкт-Пецярбургскага банка.
Даведка "Звязды"
У Мінску па стане на 1.09.2010 года ў чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў стаялі 3500 прадстаўнікоў сталічнай сістэмы аховы здароўя, з іх урачоў — 1058, сярэдняга медыцынскага персаналу — 2377. На месца ў інтэрнаце прэтэндуюць 1024 чалавекі. За 2010 год медработнікам было выдзелена ў сталіцы 230 кватэр па дзяржаўных расцэнках.

Сёння ж у Беларусі, у адрозненне ад многіх еўрапейскіх краін, дзе прафесія ўрача — адна з самых высокааплатных, медыцынская галіна займае па выніках 2010 года 10-е рангавае месца па ўзроўні сярэднямесячнай заработнай платы і 11-е месца — па ўзроўні аплаты за гадзіну працы. Калі быць больш дакладнымі, то адна гадзіна працы медыцынскага работніка "каштуе" 5527 беларускіх рублёў. Для параўнання: у гандлі і грамадскім харчаванні сярэдні "кошт" гадзіны працы складае 6604 рублі, жыллёва-камунальнай гаспадарцы — 6853 рублі, прамысловасці — 8864 рублі, апараце органаў дзяржаўнага кіравання — 9925 рублёў, будаўнічай галіне — 10 171 рубель, а ў банкаўскіх арганізацыях — 14 193 рублі за гадзіну. Менш за работнікаў медыцынскай галіны зарабляюць толькі ў сельскай гаспадарцы, сферы сацыяльнага забеспячэння і культуры, але гэтае адставанне зусім нязначнае.

Затое па сярэдняй колькасці адпрацаваных гадзін беларускія медыкі саступаюць толькі работнікам сельскай гаспадаркі: летась у сярэднім адным работнікам аховы здароўя было адпрацавана 2112 гадзін, што на 14 працэнтаў больш, чым у прамысловасці. І гэта пры тым, што па выніках атэстацыі працоўных месцаў у шкодных і (ці) небяспечных умовах працы шчыруюць каля 65 працэнтаў работнікаў медыцынскай галіны (а ўвогуле па народнай гаспадарцы — 33,3 працэнта). У сельскай гаспадарцы на кожнага работніка прыйшлося за год у сярэднім 2169 адпрацаваных гадзін. Гэтыя лічбы агучыў на выніковай калегіі Міністэрства аховы здароўя старшыня Рэспубліканскага камітэта Беларускага прафесійнага саюза работнікаў аховы здароўя Роберт Часнойць.

— Дзякуючы павелічэнню выпуску з медыцынскіх ВНУ ў апошнія гады намецілася станоўчая дынаміка паказчыкаў укамплектаванасці ўрачэбным персаналам, — паведаміў ён. — Аднак каэфіцыент сумяшчальніцтва па-ранейшаму застаецца высокім — 1,40. Пры гэтым захоўваецца тэндэнцыя скарачэння колькасці работнікаў з сярэдняй спецыяльнай медыцынскай адукацыяй.

Варта нагадаць, што ўсяго пяць-шэсць гадоў таму кіраўніцтва Міністэрства аховы здароўя было заклапочана праблемамі з працаўладкаваннем выпускнікоў медыцынскіх сярэдніх спецыяльных устаноў адукацыі. І калі пры размеркаванні выпускнікоў медыцынскіх ВНУ апошнія ішлі літаральна нарасхват, то пры размеркаванні кадраў з сярэдняй спецыяльнай медыцынскай адукацыяй назіралася зусім іншая карціна: колькасць заявак ад патэнцыяльных наймальнікаў была значна меншая, чым колькасць падрыхтаваных маладых спецыялістаў. У сувязі з перавытворчасцю сярэдняга медперсаналу нават давялося даволі істотна скарачаць кантрольныя лічбы набору. А ва ўстановы аховы здароўя з міністэрства быў накіраваны ліст, дзе кіраўнікам нагадвалі пра неабходнасць рэалізацыі канстытуцыйнага права моладзі на працу і забеспячэнне гарантыі прадастаўлення першага працоўнага месца. За стварэнне штучнага дэфіцыту працоўных месцаў кіраўнікі маглі пазбавіцца сваёй пасады. Але ўсяго праз некалькі гадоў сітуацыя змянілася з дакладнасцю наадварот. У 2009 годзе медыцынскія навучальныя ўстановы змаглі задаволіць толькі 50 працэнтаў ад патрэбы галіны ў кадрах з сярэдняй спецыяльнай медыцынскай адукацыяй і 70 працэнтаў — у 2010 годзе. Пры гэтым, як гэта ні парадаксальна, найбольшая патрэба ў медыцынскіх сёстрах назіраецца ў Мінску і ва ўстановах аховы здароўя рэспубліканскага падпарадкавання. У сталіцы ў 2010 годзе медустановы былі ўкамплектаваны ўрачамі на 77,8 працэнта, а сярэднім медперсаналам — на 77 працэнтаў. Найбольш востра праблема дэфіцыту кадраў стаіць для паліклінік, прыёмных аддзяленняў бальніц і мінскай гарадской станцыі хуткай медыцынскай дапамогі.

— За два апошнія гады колькасць сярэдняга медыцынскага персаналу зменшылася на 471 чалавека, а каэфіцыент сумяшчальніцтва ўзрос з 1,17 у 2008 годзе да 1,21 у 2010 годзе. Увогуле на працягу апошніх гадоў у галіне назіраецца значны кадравы дысбаланс у суадносінах паміж урачамі і сярэднім медыцынскім персаналам, узрастаюць нагрузкі на сярэдні медыцынскі персанал, расце яго незадаволенасць, — паведаміў Роберт Часнойць. — У 2010 годзе колькасць медыцынскіх работнікаў, якія звольніліся, скарацілася ў параўнанні з 2009 годам амаль на 14 працэнтаў, аднак па-ранейшаму больш як 60 працэнтаў тых, хто вырашыў пакінуць галіну, — гэта работнікі ва ўзросце да 40 гадоў. Як вынік, працягвае павялічвацца доля асоб пенсійнага ўзросту, якія працуюць у галіне: сярод урачоў з 17,8 працэнта ў 2008 годзе да 19,9 працэнта летась, а сярод работнікаў з сярэдняй спецыяльнай медыцынскай адукацыяй — з 9,7 працэнта да 10,7 працэнта.

Дарэчы, калі ў 34-й цэнтральнай раённай паліклініцы г. Мінска прааналізавалі работу ўчастковай медыцынскай сястры, то высветлілася, што працягласць яе працоўнага дня складае ў сярэднім 9-9,5 гадзіны пры нармаваным працоўным дні ў сярэднім 7 гадзін 30 хвілін. Натуральна, што пастаянныя празмерныя нагрузкі прыводзяць да развіцця ў медработнікаў сіндрому эмацыйнага выгарання, праблем са здароўем і сном, да парушэння правілаў аховы працы і, што вельмі важна, да здзяйснення прафесійных памылак, якія могуць уплываць на здароўе пацыентаў.
Даведка "Звязды"
У 2010 годзе сярэдняя заработная плата ўрачоў склала ў Беларусі 1 млн 672 тысячы рублёў або 558 долараў ЗША, у сярэдняга медперсаналу — 951 тысячу рублёў або 318 долараў. Гэта з улікам работы, выкананай звыш устаноўленай працягласці працоўнага часу, начных дзяжурстваў, выканання дадатковага аб'ёма работ і з улікам дэфіцыту кадраў. Каэфіцыент сумяшчальніцтва складае ва ўрачоў 1,40.

У сваім выступленні на выніковай калегіі Камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама першы намеснік міністра аховы здароўя Валерый Хаджаеў заклікаў кіраўнікоў сталічнай медыцыны разабрацца з цякучасцю кадраў:

— Чаму ў адной паліклініцы работнікі застаюцца надоўга, а з іншай бягуць? Пацыенты часта падказваюць, што ў медустанове арганізацыя работы не зусім правільная. А гэта залежыць ад кіраўніка і яго бліжэйшых памочнікаў. Амбулаторна-поліклінічнай службе не хапае сур'ёзнага планавання. Шквал наведванняў, неабгрунтаваныя выклікі — галаўны боль не толькі для сталіцы. Ёсць апасенні, што з увядзеннем пасады памочніка ўрача некаторыя ўчастковыя тэрапеўты перастануць займацца медыцынай, бо ім і сёння не ўдаецца адысці ад дыспетчарскіх функцый...

Аб праблеме дэфіцыту персаналу гаварыў і галоўны пазаштатны дзіцячы кардыяхірург Міністэрства аховы здароўя Юрый Часноў у сваім выступленні на рэспубліканскай нарадзе па выніках работы кардыялагічнай службы. Ён, у прыватнасці, паведаміў, што з-за дэфіцыту рэанімацыйных сёстраў летась у Беларускім дзіцячым кардыяхірургічным цэнтры зменшылася колькасць хірургічных умяшанняў: "Цяжкасць работы ў рэанімацыі з нованароджанымі адпужвае, у выніку там працуюць адны энтузіясты". У сувязі з недахопам медыцынскага персаналу павялічылася чарга на планавыя кансультацыі і на планавую шпіталізацыю".

Яшчэ адна праблема — рызыкі, якім падвяргаецца медыцынскі персанал пры выконванні прафесійных абавязкаў. Паводле інфармацыі галіновага прафсаюза, у 2009 годзе ў выніку няшчасных выпадкаў на вытворчасці пацярпелі 57 чалавек, а таксама 45 чалавек — у 2010 годзе. Колькасць пацярпелых з цяжкім зыходам склала 12 чалавек у 2009 годзе і 3 — летась.

— З агульнай колькасці пацярпелых за два апошнія гады ў 24 выпадках (23,5 працэнта) траўмы былі атрыманы медыкамі ў выніку проціпраўных дзеянняў пацыентаў, — паведаміў Роберт Часнойць. — 41 чалавек (40,2 працэнта) атрымаў траўмы ў выніку дарожна-транспартных здарэнняў, прычым па віне вадзіцеляў старонніх арганізацый і ўладальнікаў асабістага транспарту дарожна-транспартныя здарэнні адбыліся амаль у 90 працэнтах выпадкаў. У 30 выпадках (29,4 працэнта ад агульнай колькасці) прычынай атрымання траўмы стала асабістая неасцярожнасць работнікаў. Прафесійныя захворванні ў 2009—2010 гадах былі выяўлены ў 28 работнікаў, з іх 26 чалавек былі інфіцыраваны туберкулёзам. Лічу неабходным неадкладна прыступіць да прапрацоўкі пытанняў страхавання медыцынскіх работнікаў, уключаючы страхаванне ўрачэбнай адказнасці.

Між іншым, ёсць пытанні, знайсці адказ на якія пакуль не ўдаецца. Як павысіць страчаны за апошнія гады прэстыж урача ў грамадстве? З аднаго боку, нярэдка пратаколы лячэння звужаюць яго работу да функцый дыспетчара, а не лячэбніка, а з іншага боку — пацыенты прызвычаіліся да думкі, што дапамогу могуць аказваць толькі кардыёлагі, пульманолагі, неўрапатолагі і г.д. — гэта значыць, толькі "вузкія" спецыялісты. Такім чынам, яны ставяць пад сумненне магчымасці ўрачоў-тэрапеўтаў. Як вызваліць час для стасункаў урача і пацыента? Як зменшыць нагрузку на амбулаторна-поліклінічнае звяно, бо па колькасці наведванняў паліклінік беларусы з'яўляюцца сусветнымі лідарамі? Як спыніць адток кадраў з галіны? Кожны год з медыцыны сыходзяць да 800-1000 спецыялістаў... Між іншым, на ўваходзе ў медыцынскія ВНУ і ССНУ дэфіцыту ахвотных стаць медыкамі не назіраецца. Дык чаму моладзь расчароўваецца ў абранай прафесіі?

←На учете в городском сексологическом центре Минска состоит 132 транссексуала

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика