Цяжкі груз канфіскаваны
Позна ўвечары без суправаджальных дакументаў па аўтадарозе ў бок мяжы з Расійскай Федэрацыяй жыхар Гомеля вёз каля 33 тон лому чорнага і каляровага металу.
Грузавы аўтамабіль "МАН" з прычэпам быў затрыманы ў Буда-Кашалёўскім раёне супрацоўнікамі міжраённага аддзела аператыўнага рэагавання і вышуку абласной ДАІ пры ўзаемадзеянні з памежнікамі і супрацоўнікамі АБЭЗ Савецкага аддзела ўнутраных спраў Гомеля. Перавозчык расказаў, што планаваў рэалізаваць лом у Расіі. Раней гамяльчанін прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за аналагічнае правапарушэнне.
Цяпер аўтамабіль і метал дастаўлены ў Гомель для правядзення праверкі, матэрыялы якой будуць перададзены ў гаспадарчы суд. У дзеяннях грамадзяніна бачыцца склад правапарушэння, прадугледжанага артыкулам аб парушэнні правілаў гандлю і аказання паслуг насельніцтву. Санкцыя гэтага артыкула прадугледжвае накладанне штрафу ў памеры ад 30 да 50 базавых велічынь з канфіскацыяй тавараў незалежна ад таго, у чыёй уласнасці яны знаходзяцца.
Толькі летась супрацоўнікі ДАІ Гомельшчыны затрымалі каля 580 тон лому чорнага і 62 тоны лому каляровага металу. Сёлета прайшлі 43 затрыманні па фактах нелегальнага абарачэння лому металаў, пры гэтым канфіскавана 303 тоны лому розных металаў.
Ірына АСТАШКЕВІЧ.