Чатырма ўстановамі мастацтва была прадстаўлена Століншчына на Адкрытым рэгіянальным конкурсе выканаўцаў на народных інструментах «Палескія музыкі», што адбыўся 14-15 лютага ў Пінску.
Спаборніцтвы праходзілі ў трох узроставых групах па трох намінацыях: баян, акардэон і цымбалы ў сольным і ансамблевым выкананні – усяго 75 удзельнікаў.
У склад журы ўваходзілі выкладчыкі Пінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў.
Навучэнец народнага аддзялення Столінскай дзіцячай школы мастацтваў Глеб Вайцяхоўскі (настаўнік Фёдар Вайцяхоўскі) у намінацыі “Баян” (малодшая група) стаў абсалютным пераможцам сярод 25 удзельнікаў і заняў першае месца.
Граматай у малодшай групе ў намінацыі “Баян (салісты)” адзначаны навучэнец Рэчыцкай дзіцячай школы мастацтваў Мікіта Вяроха, а Іван Грэчка ў старшай групе гэтай намінацыі ўдастоены дыплома ІІІ ступені (настаўнік Адам Пазяйчук).
Упершыню на конкурсе было прадстаўлена ансамблевае выкананне. Дзяніс Бруцкі і Станіслаў Вабішчэвіч з Рэчыцкай дзіцячай школы мастацтваў у малодшай групе вынеслі на суд журы баянны дуэт і ўзнагароджаны граматай, а дыплом ІІІ ступені ў старшай групе атрымаў ансамбль баяністаў у складзе Данііла Вярэніча і Вадзіма Бруцкага (настаўнік Вольга Навумовіч).
Усе ўдзельнікі былі ўзнагароджаны памятнымі медалямі, а пераможцы, акрамя дыпломаў, яшчэ і статуэткамі.
Удзел у конкурсе даў дзецям магчымасць паказаць сябе, параўняцца з іншымі, намеціць новую планку ў музычнай творчасці.
Галіна ГАШЧУК
Фота аўтара
Сярод канкурсантаў былі вучні з Давыд-Гарадоцкай дзіцячай школы мастацтваў і Альшанскай дзіцячай музычнай школы мастацтваў.
Максім Скок выступаў у намінацыі “Баян” у старшай узроставай групе і стаў уладальнікам Дыплома III ступені. Яму прымаць удзел не ўпершыню, бо ў гэтым годзе заканчвае дзіцячую школу мастацтваў, дзе вучыцца пад кіраўніцтвам Міхаіла Сегена, і збіраецца паступаць у Пінскі дзяржаўны каледж мастацтваў.
Яшчэ адзін вучань Міхаіла Пятровіча – Уладзіслаў Місюра – стаў сапраўдным героем, паколькі прыехаў на конкурс з паламанай нагой. Два месяцы рыхтаваліся да “Палескіх музыкаў”, а два тыдні таму атрымаў траўму. Але гэта не перашкодзіла яму цудоўна выступіць і атрымаць дыплом. Дарэчы, Пінскі дзяржаўны каледж мастацтваў, дзе і быў арганізаваны конкурс, у гэтым годзе заканчваюць яшчэ тры былыя выхаванцы гэтага настаўніка — Артур Кузьміч, Юрый Овад і Мікалай Міхалевіч.
У намінацыі “Баян” упершыню выступаў самы малодшы дэлегат ад школы – 10-гадовы Уладзіслаў Комар, які займаецца ў класе Аліны Тукінай. І хаця ў яго ўзроставай групе было 25 чалавек, юны музыкант не разгубіўся і стаў уладальнікам дыплома. Яшчэ адзін баяніст Мікалай Свірыдчук (настаўнік Вадзім Козел) за ўдзел у конкурсе быў узнагароджаны граматай.
Анастасія Харашун (настаўнік Ірына Васечка) выступала ў намінацыі “Акардэон” і таксама прывезла дадому грамату.
У самай нешматлікай намінацыі “Цымбалы” выступала Дзіяна Комар, якая асвойвае гэты інструмент пад кіраўніцтвам настаўніка Надзеі Бразоўскай. Дзяўчынка ў ліку тых, хто прыехаў на конкурс упершыню. Выканаўшы свой твор, Дзіяна змагла ўразіць журы, таму дадому таксама прыехала з дыпломам.
Прадстаўлялі наш раён яшчэ і вучні з Альшанскай дзіцячай музычнай школы мастацтваў. Васіль Кільбін і Міхаіл Казеня выступалі ў намінацыі “Баян”. Гэты музычны інструмент яны асвойваюць пад кіраўніцтвам настаўніка Леаніда Шасцюка. Хлопцы выступалі ў малодшай групе і за ўдзел атрымалі граматы.
“Палескія музыкі” – конкурс з багатай гісторыяй. Хтосьці з яго былых удзельнікаў далей пайшоў па жыцці з музыкай, а для кагосьці – гэта проста вопыт. У любым выпадку, такія конкурсы патрэбны як вучням, так і настаўнікам. Cпадзяёмся, што і наступныя адкрыюць нам новых музыкантаў.
Ганна МЕЛЬНІК
Фота аўтара