На рагу вуліцы Савецкай і 1-га завулка Савецкага ў Нясвіжы стаіць акуратны дом з шырокімі вокнамі, за сценамі якога адбываюцца цікавыя падзеі. Сюды пастаянна збіраюцца людзі, каб пагаварыць, даведацца нешта новае, паспяваць. Гэта польскі дом “Рэдута”, адкрыты ў горадзе 20 гадоў таму пры садзейнічанні палякаў, якія некалі жылі ў Нясвіжы і яго ваколіцах. У памяшканні на сценах — партрэты знакамітых людзей Польшчы: Элаізы Ажэшкі, Генрыка Сянкевіча, Юзафа Пілсудскага, іншых вядомых асоб. Ёсць таксама тэкст польскага гімна, герб. Можна пазнаёміцца з дзейнасцю дома “Рэдута” і яго прыхільнікаў пры дапамозе фотаздымкаў на сценах і ў альбомах. Усю работу за 20 гадоў лаканічна і даходліва ахарактарызавала на свяце намеснік старшыні раённага таварыства ГА “Саюз палякаў Беларусі” Валянціна Цвірко. Яна адзначыла, што за пройдзены перыяд наладжваліся цесныя сувязі з палякамі — жыхарамі Польшчы, сустрэчы з пісьменніцамі Станіславай Вятр-Партыкай, Вікторыяй Жукевіч-Дзівотай, вучоным Тадэвушам Грыгелем і другімі цікавымі людзьмі. Былі выезды на могілкі ў Гайкі, дзе пахаваны расстраляныя ў гады вайны несвіжане, у большасці сваёй — палякі.
Актыўна развівалася мастацкая сама-дзейнасць, шмат гадоў паспяхова выступаў ансамбль “Згода”, якім кіравала Таццяна Цвірко, аб чым сведчаць фотаздымкі пасля канцэртаў у г. Пулавы ў Польшчы і іншых месцах. Яны і на сёлетняй сустрэчы прадэманстравалі сваё вакальнае майстэрства, выканаўшы прыгожыя песні на польскай мове. Асобна варта адзначыць, што дом “Рэдута” мае курсы вывучэння польскай мовы, якія вядуць Алена Ярашэвіч, Анастасія Макаўчык, Часлава Суднік. За прайшоўшы час атрымалі пасведчанні 211 чалавек, многія займелі Карту паляка, вучацца ў ВНУ Польшчы. Цяпер вучоба працягваецца і набыць веды па польскай мове можа любы жадаючы. На юбілейнай урачыстасці чатыры вучні прачыталі вершы на польскай мове, некаторыя напісалі іх самі.
Як бачна, дыяпазон дзейнасці ў польскім доме даволі разнастайны і карысны як у гістарычным плане, так і ў культурным. Супрацоўнікі яго на чале з цяперашнім кіраўніком раённага таварыства Саюза палякаў Ірынай Латушка працягваюць добрыя традыцыі сваіх папярэднікаў, такіх, як Ванда Ніжэвіч, Іван Івашкевіч. Акцэнт зроблены на самае светлае: умацаванне дружбы, культурных сувязей паміж беларусамі і палякамі, сяброўскія сустрэчы, экскурсіі па славутых мясцінах абедзвюх краін.
На юбілейнай імпрэзе прысутнічаў намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Балцянкоў, які шчыра павіншаваў прысутных, пажадаў Саюзу палякаў поспехаў ва ўсіх пачынаннях і ўручыў падарунак. Да яго далучылася і галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ніна Бяганская, якая цёплымі словамі выказала падзяку за пазітыўную дзейнасць арганізацыі.
Ксёндз касцёла Божага Цела ў Нясвіжы Пётр Шарко з малітвай павіншаваў юбіляраў са святам і пажадаў ім здароўя і новых здзяйсненняў на ніве дружбы і асветы.
Юбілейнае свята ўпрыгожылі песнямі ўдзельнікі хору ветэранаў працы г. Нясвіжа “Аптымісты”, якім ужо некалькі гадоў паспяхова кіруе Ірына Латушка. Прагучала польская песня “Уланы”, “Паланэз Агінскага” з апошнім куплетам на польскай мове, беларускія і рускія народныя творы. Дуэтам выступілі Соф’я Лях і Ганна Ярмалінская.
Раіса ХВІР, г. Нясвіж.