Скарб народа – яго духоўная спадчына

Источник материала:  

 

Скарб народа – яго  духоўная спадчына
Беларускі народ заўжды славіўся багатай духоўнай спадчынай. На кожную прычыну ці свята былі свае песні, абрады і звычаі.

На жаль, з цягам часу людзі адарваліся ад роднай культуры і народнай песні, аб многіх традыцыях і ўспомніць не могуць.  А сучасныя ўмовы больш не спрыяюць існаванню і развіццю песенных традыцый у штодзённым жыцці. Таму трэба шукаць такія галіны мастацкай дзейнасці, дзе народная песня зможа ўзнавіцца.

Адзін са спосабаў – гэта стварэнне фальклорных калектываў і гурткоў у школах, дамах культуры, цэнтрах дзіцячай творчасці. Аб гэтым якраз і гаварылася на раённым семінары “Роля фальклору ў развіцці дзіцяці” з клубнымі работнікамі ў Цэнтры адпачынку і вольнага часу аграгарадка Альшаны.

Як расказала намеснік дырэктара Столінскай раённай клубнай сістэмы Ніна Аляксееўна Лісавец, зараз у раёне ёсць 12 фальклорных клубных аб’яднанняў, у якіх займаюцца 116 чалавек. Пяць з іх – дзіцячыя калектывы, у якіх 56 чалавек. Тры калектывы са званнем “Народны” і два – са званнем “Узорны”.

Каб захаваць народныя рамёствы, у раёне ў аграгарадку Фядоры дзейнічае Дом народнай творчасці, у якім дзеці вучацца ткацтву, вышыўцы, лоза- і саломапляценню. Гонар Церабліч – Цэнтр драўлянай скульптуры, дзе галоўным настаўнікам для дзяцей з’яўляецца народны майстар Іван Піліпавіч Супрунчык. Дамы фальклору існуюць у Мачулі і Атвержычах. Цэнтр ганчарства ў Гарадной, дзе арганізаваны гурток “Юны ганчар”, ужо не першы год вітае на пленэрах замежных гасцей.Скарб народа – яго  духоўная спадчына

У школе народнай творчасці Сямігосціцкага сельскага дома культуры пад кіраўніцтвам Валянціны Іосіфаўны Літвінчук  больш за дзесяць гадоў дзейнічае дзіцячы калектыў “Прасніца”. (Прасніца — драўляная прылада для мацавання кудзелі ў час прадзення воўны, ільну). Яго ўдзельнікі вывучаюць народныя абрады і звычаі, знаёмяцца з гульнямі, у якія гулялі іх прабабулі, а таксама ўзнаўляюць народныя песні і танцы.

Часта ад сваіх бабуль і дзядуль можна пачуць: “Што сучасная моладзь, вось у нас былі танцы!” Адзін з такіх – танец “Падэспань”. Аказваецца, гэты танец – адзін з самых “маладзейшых” у беларускім фальклоры. Падэспань — парны бальны танец, аўтарам якога з’яўляецца рускі артыст балета Аляксандр Царман. Упершыню ён быў прадэманстраваны ў 1901 годзе ў Маскве. Ды так прыйшоўся даспадобы, што за кароткі час атрымаў вялікую вядомасць ва Усходняй Еўропе, у тым ліку і ў нашай краіне.

Акрамя гэтага, нашы бабулі і дзядулі танцавалі полькі, кадрылі. Радуе, што ў раёне існуе вялікая колькасць танцавальных калектываў, у рэпертуары якіх ёсць народныя танцы.

Цікава было паслухаць аповеды з першых вуснаў старажылаў вёскі Сямігосцічы – сямейнай пары Анатоля Іванавіча і Алены Аляксандраўны Траццякевічаў. Ашчадна занатоўвалі ўдзельнікі калектыву іх успаміны, бо яны як мага лепей дапамагаюць уявіць той час.

Ну і куды ж без народнай песні? Яна суправаджала чалавека ад нараджэння да смерці.

Сваё выступленне члены калектыву “Прасніца” закончылі народнай песняй “І з-пад лесу, і з-пад гаю”, у якой расказвалася пра салдата, што прыйшоў да любай дзяўчыны. Удзельнікі калектыву, а гэта вучні Сямігосціцкай сярэдняй школы Карына Жогаль, Цімафей Кадоліч, Карына Тулупава, Анастасія Казуля, Алена Андрайчук, Дзяніс Ляшкевіч, Дар’я Альгамец, Ганна Казуля, Уладзіслаў Карнілаў, Настасся Семяняк, Валерыя Пінчук, парадавалі гледачоў сваім цудоўным выкананнем усіх нумароў, пра што гаварылі гучныя апладысменты.

Тэму захавання духоўнай спадчыны ўзняла кіраўнік узорнага аб’яднання аматараў фальклору “Згадка” Мачульскага сельскага дома фальклору Ірына Мікалаеўна Ляшкевіч. Галоўнае – паспець назбіраць матэрыялу з першых вуснаў, лічыць кіраўнік. На жаль, людзі не вечныя, старажылы ідуць з жыцця. А яны з’яўляюцца самымі галоўнымі носьбітамі інфармацыі. Бо важна не толькі ведаць словы, але і бачыць пачуццё, з якім выконваецца песня.

І яна ведае, аб чым гаворыць, бо “Згадка” знаёма не толькі ў нашым раёне. Мноства грамат і дыпломаў маюць удзельнікі ў сваёй скарбонцы.

– Але гэта не галоўнае, – дадае Ірына Мікалаеўна. – Галоўнае, што мы зможам перадаць будучым пакаленням тое, наколькі зможам захаваць народную творчасць. Не буду крывіць душой і гаварыць, што свядома прыйшла да вывучэння і ўзнаўлення спадчыны свайго краю. Мне стала не хапаць бабуліных калыханак, казак дзядулі, вясельных песень, што так прыгожа выконвалі мае родныя за вялікім сталом, стала не хапаць гэтай неабдымнай прыгажосці і радасці, якая некалі спаталяла маё дзіцячае сэрца. Усё менш спявала і танчыла па-колішняму вёска, сціраліся абрысы традыцый і звычаяў. Я зразумела, што нельга дапусціць, каб нашы дзеці забылі сваю спадчыну. Тады і з’явілася ідэя стварыць дзіцячы калектыў. Пачыналі з гульні, потым вырашылі паставіць некалькі п’ес па творах беларускіх аўтараў: “Паўлінка” (Я. Купала), “Несцерка” (А. Вольскі), “Модны шляхцюк” (К. Каганец). Гэта так спадабалася дзецям, якія адчулі сябе сапраўднымі артыстамі.

  Работа па пошуку фальклорнага матэрыялу, навучанне і пастаноўкі канцэртных праграм ішлі адначасова. Мы ўзнавілі мясцовыя звычаі. У нашым рэпертуары з’явіліся “Мачульскія вячоркі”, “У нядзелю раніцой”, “Мачульскія пасядзёнкі на прызьбе”.

 Сустрэчы са старэйшымі жыхарамі вёскі давала магчымасць не толькі пазнаёміцца з песнямі. Мы назапашвалі веды па гісторыі сваёй роднай вёскі, па вуснай народнай творчасці. Наспела неабходнасць занатаваць матэрыял. Так з’явілася рукапісная кніга “З гісторыі вёскі Мачуль”, тапанімічны слоўнік “Вобразы мілага краю”. Усе ўдзельнікі склалі свае радаводы, а што самае галоўнае –  дзецям стала насамрэч цікава, адкуль пайшоў род і чым займаліся продкі.

  Безумоўна, з часам вёска страчвае сваю архаічнасць. Але людзі не павінны страчваць сваю гісторыю, дзеля гэтага і існуе “Згадка”.

– Гэты год аб’яўлены годам малой радзімы, — дадае дырэктар Столінскай раённай клубнай сістэмы Алена Мікалаеўна Дубойская. – Там праходзіць наша дзяцінства. Таму ролі фальклору ў развіцці дзіцяці мы і прысвяцілі першы семінар культработнікаў, звярнуліся да сваёй спадчыны, бо гэта наш абярэг, наш білет у будучыню. Толькі ад нас залежыць, ці будуць нашы дзеці і ўнукі памятаць пра сваіх продкаў. І гэтую справу трэба пачынаць чым раней. Бо, на жаль, старэюць нашы бабулі – носьбіты народнай творчасці.

Да слова, пры Рэчыцкім ГДК дзейнічае фальклорны калектыў “Верасень”, куды ўваходзяць жанчыны сталага ўзросту. Мы з радасцю прымем у свой састаў усіх, хто любіць народную творчасць, спявае і гатовы дзяліцца сваім талентам з іншымі. Нам патрэбны такія калектывы, якія імкнуцца перадаваць будучым пакаленням свой скарб – нашу духоўную спадчыну.

Ганна МЕЛЬНІК

Фота аўтара

←Шведские медведи приспособились к законам. Теперь их дети живут с родителями дольше обычного

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика