«З мяне смяяліся, думалі, з глузду з’ехаў, бо раблю… свісткі»

Источник материала:  
СТАРАЖЫТНЫ і ўтульны гродзенскі Адэльск — адна з часцінак у кароне культурных брыльянтаў рэспублікі, дзе адзіны ў краіне музей народных інструментаў арганізаваў і пестуе чалавек-аркестр Мар’ян СКРАМБЛЕВІЧ. 75-гадовы народны майстар — сапраўдны набытак не толькі Беларусі, але і ўсёй Еўропы. Яго шматлікія дудкі, акарыны, жалейкі і іншыя драўляныя духавыя і ўдарныя інструменты знаходзяцца ў лепшых калекцыях свету і «на працы» ў буйных народных калектывах. А само рамяство Мар’яна Скрамблевіча занесена ў дзяржаўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны рэспублікі.

— Мар’ян Антонавіч, музею народных інструментаў у Адэльскім цэнтры культуры і народнай творчасці ўжо пяць гадоў. Своеасаблівыя творчыя лабараторыі, як ваша, ствараюцца ў нашы дні не без цяжкасцей. А як атрымалася ў вас?

— Ідэю стварэння музея падтрымалі ў Гродзенскім райвыканкаме, выдзелілі памяшканне. У нашым цэнтры культуры якраз правялі добры рамонт. Таму мне давялося проста прынесці саму экспазіцыю — а гэта больш за сотню асобнікаў, створаных уласнымі рукамі ў хатняй майстэрні. У працэсе добраўпарадкавання я быў і сталяром, і плотнікам, і дызайнерам. Таму пашчасціла зрабіць тут усё на свой густ, зразумела ж, не без дапамогі аднавяскоўцаў. Цяпер наш музей — адна са славутасцей Адэльска, пасля касцёла Небаўзяцця (заснаваны ў 1490 годзе. — Аўт.) і бронзавага помніка апекуна вёскі святога Антонія. Што ні госці, што ні замежнікі — усе тут у нас у цэнтры культуры. Прыемна, што, як магніт, прыцягвае ён не толькі мясцовых жыхароў.

— Мабыць, у наведвальнікаў музея, як і ў нас, вочы разбягаюцца ад колькасці сабраных тут дудак! Пра іх, ведаю, вы можаце распавядаць гадзінамі. Ці не так?

— А ведаеце чаму? У кожнага інструмента — свая душа: гук, танальнасць, тэмбр, характар. Фізічна ўсё залежыць ад даўжыні і шырыні трубкі, віду і якасці дрэва. Як правіла, выкарыстоўваю больш за дваццаць парод. Ёсць нават інструменты з рэдкіх дрэў, якія ў Беларусі не растуць. Напрыклад, з Інданезіі мне «па блату» прывезлі бамбук і індыйскае дрэва, кедр — з Сібіры, каўказскую елку. Апошнія пароды, дарэчы, лічацца самымі музычнымі дрэвамі, добра рэзаніруюць. З нашых жа відаў дрэў найлепшыя  груша, клён, ясень, сасна. Усе інструменты раблю не па акадэмічных падручніках ці нейкіх там «лякалах», а прыдумваю і ўдасканальваю сам. Калі толькі пачынаў, на першую жалейку з паўгода пайшло. А цяпер рукі самі адчуваюць цеплыню дрэва і ведаюць, як можна з бясслоўнага паленца «выціснуць» сапраўдныя гукі, гамы. Самае складанае — вытачыць форму.

— Праўда, што ўнікальную тэхналогію вырабу інструментаў вы трымаеце ў сакрэце?

— Не. Я заўсёды быў адкрыты да майстар-класаў, каб перадаць сваё рамяство. Цяпер, асабліва ў творчых каледжах і ВНУ, пайшла іншая «педагогіка», мне не зразумелая, маўляў, як жа перадаць вучню ўсе сакрэты, каб ён быў лепшы, чым настаўнік. У мяне прынцыповая пазіцыя: калі можаш перадаць, асабліва ў справе фальклору, не скнарнічай. А тэхналогію і вам раскажу. Галоўнае ў ёй — у патрэбны час спілаваць дрэва. Гэта, згодна народнай хітрасці, належыць рабіць толькі ў лістападзе ў поўню. Тым часам лісце ўжо ападзе, а сокі дрэва пойдуць у карані. Значыць, поры ствала будуць чыстыя. Затым дрэва трэба сушыць, зняўшы з яго кару, не менш 10 гадоў. А потым ні ў якім разе не рэзаць, а толькі калоць па валокнах.

— Мар’ян Антонавіч, народныя духавыя і ўдарныя інструменты вы пачалі вырабляць, як адзначалі ў ранейшых інтэрв’ю, з 1992 года. Чаму? З’явіўся попыт ці вырашылі знайсці сваё хобі?

— Зразумела, гэта быў выбар у бок творчасці, чым камерцыі. Я — майстар-самавучка. Маючы прафесійную музычную адукацыю, я шмат гадоў працаваў у Гродне, дзе ў аўтапарку заснаваў хор. Мне пашчасціла з салістамі — пявучыя мужыкі прыйшлі ў калектыў, было і многа гастроляў, у тым ліку і за мяжу. Але з развалам Савецкага Саюза адыйшоў у нябыт наш калектыў. Можна было пайсці ў больш прыбытковую справу, але я вырашыў застацца працаваць на ніве культуры. І не памыліўся, хоць, шчыра скажу, мільярдаў тут не зарабіў. Цягнула штосьці пакінуць пасля сябе — вырашыў узяцца за адраджэнне народных інструментаў. Успомнілася дзяцінства, калі якраз пасля вайны ў Адэльску, як распавядалі старажылы, было каля трыццаці музыкаў. Яны гралі на розных інструментах — на дудачках, скрыпках. Свае веды чэрпаў з розных кніг: беларускіх і замежных, наведваў майстроў на фэстах і прыносіў свае інструменты гродзенскім музыкам. З мяне смяяліся, думалі, з глузду з’ехаў, бо раблю… свісткі. Але справа пайшла. Ніколі не прэтэндаваў на ўнікальнасць, а сёння мая творчасць пад абаронай дзяржавы. Прыемна гэта, але адначасова і сумна.

— Чаму?

— Вось вы пыталіся, ці ёсць попыт на народныя інструменты? Ён ёсць, але такі мізэрны! Самі інструменты запатрабаваны буйнымі народнымі не «апапсавеўшымі» калектывамі, якія займаюцца адраджэннем фальклору. А пытанне гэта не камерцыйнае, а як усведамленне таго, што, калі не гадаваць фальклор і традыцыі, можа быць страчана, як мы кажам, беларускасць і традыцыйная культура. Гэта не значыць вярнуцца ў Сярэднявечча. Не! Трэба проста атаясамліваць сябе менавіта з такім вялікім і таленавітым нашым народам. Трэба ведаць, хто мы такія. Вось арганізуйце сабе экзамен. Апынуўшыся за мяжой, напрыклад у Заходняй Еўропе, паспрабуйце сказаць колькі слоў пра Беларусь. Што атрымаецца? Бульба, дранік, полька, валошкі, буслы… Гэтага недастаткова.

— Мар’ян Антонавіч, думаю, не трэба ставіцца да такой ступені крытычна, бо ў нашай краіне былі і ёсць цэлыя праграмы па захаванні народнай спадчыны. Іх мэта — перадаць традыцыі ад носьбітаў новаму пакаленню. Узяць хаця б ваш Адэльскі цэнтр культуры і народнай творчасці…

— Згодзен. Дзяржава абараняе традыцыйную культуру. Гэта вельмі добра. Праблема ўнутры нас: гонімся за грашыма, хочам жыць багата, ездзіць на «крутых» аўто. А што ў галаве? Што ў душы? А ўвесь сэнс у тым, каб выхаваць чалавека чыстага — а гэта толькі праз мастацтва. Прычым эстрада і новыя маладзёжныя плыні не самыя лепшыя ўзоры для агульнай культурнай адукацыі. Яе ўзровень, безумоўна, трэба павышаць.

— Значыць, за рознымі творчымі імпрэзамі, фестывалямі, конкурсамі вы сочыце вельмі ўважліва?

— Так. І кожнае сведчыць пра пэўныя тэндэнцыі. Яскравы прыклад «Еўрабачанне», спрэчкі пра якое не могуць сціхнуць і цяпер. Тлумачыць гэта няма сэнсу: усё зразумела і так. З аднага боку, дзіву даешся, куды, з маральнага пункту гледжання, коціцца Заходняя Еўропа, з іншага — сама музыка і выкананне песні-пераможцы выдатнае. Ці не прыйшоў час прапагандаваць сваё, традыцыйнае? Але моладзі не цікава сёння ісці ў культуру: сфера гэта, паўтаруся, непрыбытковая па цяперашніх мерках. У культуры ў наш час трэба мець не толькі талент, але і быць самому сабе імпрэсарыа, арт-дырэктарам.

— Да прыкладу, заўтра пад Адэльскім цэнтрам культуры і народнай творчасці расцягнецца чарга тых, хто жадае пераняць ваша рамяство. Усіх прымеце?

— Так, без праблем, з задавальненнем. Але застануцца адзінкі. Ёсць і цяпер у мяне некалькі здольных вучняў, але пакуль што ніхто з іх прафесійна займацца маёй справай не збіраецца.

Таццяна УСКОВА, «СГ»

Фота Паўла ЧУЙКО

←Наш «Голос»!

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика