Лепельскі рэнесанс
Хто хоча ўбачыць заўтрашні дзень жывёлагадоўлі, трэба пабываць у СВФ «Заазер’е» ААТ «Лепельскі малочна-кансервавы камбінат». Тут, не пабаюся гэтага выразу, працуе сапраўдная фабрыка малака, аснашчаная па апошняму слову тэхнікі. Кідаецца ў вочы вонкавы выгляд прыгожых і акуратных памяшканняў, ідэальная чысціня на тэрыторыі вакол іх. Парадак і амаль бязлюдна ўнутры, бо замест аператараў кароў дояць робаты.
На першым, так званым «тысячніку», — іх дванаццаць. Надой ад каровы ў суткі цяпер там складае 23 кілаграмы малака. У кастрычніку мінулага года запусцілі ў строй яшчэ адну рабатызаваную малочна-таварную ферму на чатырыста галоў. Тут механічных памочнікаў шэсць. За два месяцы надой ад каровы ў суткі вырас з 14 кілаграмаў да 18. І, як зазначае загадчык фермы Святлана Ляйко, гэта толькі пачатак. Усё малако ідзе сортам «экстра».
Аблегчылася праца і саміх жывёлаводаў.
— Усё выконваюць робаты, — дзеліцца ўражаннямі аператар Ларыса Ісаковіч. — Мне даводзіцца толькі сачыць па маніторы за ходам працэсу ды падганяць да робатаў кароў, якія «праспалі». Цяпер проста не верыцца, што яшчэ не так даўно даіла малако ў бачок, цягала ў руках пудовыя флягі. Не параўнаць і зарплату. Сёння яна ў мяне за шэсць мільёнаў рублёў у месяц.
З першага погляду на малочна-таварным комплексе «Баброва» аднайменнага сельгаспрадпрыемства ўсё выдатна: чысціня ў вытворчых памяшканнях, дастаткова кармоў. Вось толькі няма галоўнага — прадукцыі: усяго 6,7 кілаграма ад каровы, або амаль удвая менш сярэднераённага паказчыка.
У Лепельскім райсельгасхарчы сітуацыю патлумачылі няважнай дысцыплінай у калектыве. Ну што ж, як кажуць, бліжэй — відней. Але адкуль быць той дысцыпліне, калі за год на комплексе памяняліся... чатыры загадчыкі, у гаспадарцы няма галоўнага заатэхніка?!
Перад дзённай дойкай давялося пагутарыць з аператарамі машыннага даення. Настрой у большасці з іх не асабліва добры. Якраз раздалі лісткі з зарплатай за снежань мінулага года. Радавацца не было чаму. Лепшай даярцы Наташы Лоскай налічана 2 мільёны 567 тысяч рублёў. Пасля ўсіх вылікаў заставалася атрымаць усяго 1,5 мільёна. У іншых і таго менш. Мяне зацікавіла адна лічба: у кожнага з аператараў машыннага даення з зарплаты было ўтрымана па сто сорак тысяч рублёў за урон, які яны нанеслі гаспадарцы.
— У чым жа яны правініліся? — спрабую высветліць у загадчыцы комплексу Людмілы Гаўрылавай.
— Аднойчы малако пайшло другім сортам, — патлумачыла Людміла.
Падумалася, што работнікі будуць абвяргаць суму штрафу. Але якраз ніхто пра гэта не заікнуўся. Размова пайшла зусім пра іншае — умовы працы. На дабротным комплексу на чатырыста кароў малако дояць у... бачкі.
У кожнага аператара — па паўсотні галоў. Вось і паспрабуй пацягаць тыя бачкі тры разы на дзень і амаль без выхадных, як было летась. З новага года іх сталі даваць. Наташы Лоскай выхадны дала яе маці, Таццяна Лебедзева, якая знаходзілася ўжо на заслужаным адпачынку.
Гэту «бачковую» праблему дружна абмяркоўваюць усе аператары. Маўляў, і трубы даўно для малакаправода зманціраваны, і іншае абсталяванне закуплена, а воз па-ранейшаму на месцы. Праз некаторы час на ферме зноў загрымелі вёдры, у якія разлівалі патаку для кароў, сыпалі камбікорм. Пасля пачалася дойка. У тыя самыя славутыя «дагістарычныя» бачкі!..
Уладзімір САУЛІЧ, «СГ»
Фота аўтара
Р.S. Калі рыхтаваўся матэрыял да друку, з Лепельскага райсельгасхарчу паведамілі, што на адной палове комплексу «Баброва» малакаправод запушчаны.