КУЛЬТПОШУК. Адам Шостак: перформанс — гэта не выпяндрож!

Источник материала:  
04.09.2012 17:07 — Новости Культуры


Адамам Шостакам, паэтам, перформарам, удзельнікам мастацкай перформанс-суполкі “Яна-тры-ён”, што існавала з 2005 да 2008 года, мы пазнаёміліся гадоў пяць таму на нейкай літаратурнай імпрэзе, дзе ён ці то вершы чытаў, ці то перформанс паказваў. Маё першае ўражанне аб Адаме не было нечаканым для яго самога. “Нейкі дзіўнаваты хлопец…” — падумала я.

Ён і зараз заўжды ў сваіх думках, таму мае летуценны выгляд чалавека не з гэтай планеты. Зараз Адам Шостак ужо не той малады, бесклапотны юнак, які матаўся па вечарынах і фестывалях, расказваючы суседзям па аўтобусе пра апошнія прачытаныя кнігі. Ён ужо бацька двух маленькіх сыноў, а працуе зараз… аналітыкам.

КУЛЬТПОШУК. Адам Шостак: перформанс — гэта не выпяндрож!

Адам Шостак нарадзіўся 14 чэрвеня 1982 года. Навучаўся ў Баранавіцкім музычным вучылішчы, у Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі па спецыяльнасці музычная беларусістыка, у Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры на мастацтвазнаўцу. Працаваў навуковым супрацоўнікам Нацыянальнага мастацкага музея. Займаецца літаратурай, пераважна паэзіяй, а таксама мастацтвам перформанса. Аўтар літаратурнага зборніка “Спатканне Не” (2006 г.), а таксама зборніка паэзіі “4.33” (2012 г.).



Адна — яна, тры — ён, альбо Знакавы горад Барысаў

У жыцці таленавітага і нястомнага Адама многае пачыналася “з вечарыны”. Перформансамі ён стаў займацца дзякуючы выступу ў Барысаве, куды яго і іншых творцаў запрасіла знаёмая Наталля Кузьміч“дапамагчы зладзіць і правесці літаратурную вечарыну ў педкаледжы”. Вечарына адбылася 15 лютага 2005 года. І прысвечаная была ўчорашняму Дню ўсіх закаханых. З гэтага дня і пачалася любоў Адама да перформансаў. Акрамя Адама Шостака на той вечарыне выступалі Воля Рагавая ды Юрась Ленскі. Яны пасля і стварылі перформанс-суполку з цікавай і запамінальнай назвай “Яна-тры-ён”. Праўда, у сталіцы да іх далучыўся яшчэ адзін удзельнік — мастак і паэт Васіль Паўлініч, які таксама меўся быць у Барысаве, але не даехаў. Ідэя ладзіць перформансы ў поўных свежых творчых ідэй і фантазій маладзёнаў нарадзілася на тым самым выступе ў знакавым горадзе Барысаве.

“Наш выступ са звыклага “афіцыёзнага” чытання вершыкаў ператварыўся ў своеасаблівае сцэнічна-імправізацыйнае відовішча… Рухамі, пластыкай мы дапамагалі адно адному. Юрась бегаў па аўдыторыі і ўглядаўся ў вочы дзяўчатак. Воля вельмі дзіўна канцэнтравала ўвагу не ўласна на самім тэксце ейных твораў і нават не на кантэксце, але на нейкім “пазатэксце”. А я ва ўвесь ход пусціў усе навакольныя прадметы падчас чытання: прынамсі, узяў у рукі вазон з кветкай, які стаяў на падваконні, і гэтай кветачцы прачытаў свой “Дыягназ: імпульс кактуса”. Праўда, бедная кветка ледзь не выслізнула з рук, але ўсё абышлося добра”, — піша Адам пра гісторыю паўстання суполкі “Яна-тры-ён” у кніжачцы, якая так і называецца (пабачыла свет у 2010 годзе ў выдавецтве “Галіяфы”).

Чаму такая назва? Ды ўсё проста: Адна “Яна” (Вольга), тры “Ён” (Адам, Юрась, Васіль). Як перформанс-суполка маладыя людзі першы раз выступілі ў Мінску ў сакавіку 2005 года. Для сваіх выступаў яны распрацоўвалі канцэпцыю, прадумвалі сцэнічнасць і вобразнасць, дадавалі аўдыё- ды візуальныя эфекты. Вельмі розныя творцы, аб’яднаныя адной ідэяй, напачатку паказвалі гэтак званыя “літаратуразаваныя” перформансы — на аснове сваіх жа твораў. Але паступова яны адышлі ад літаратурнасці ў чыстым выглядзе, пачалі усё больш выкарыстоўваць разнастайных выяўленчых сродкаў для стварэння пэўных вобразаў, выстаўлялі графічныя творы, інсталяцыі Вольгі і Васіля, ладзілі флэш-мобы... “Яна-тры-ён” паспяхова ўдзельнічаў у міжнародным фестывалі “Навінкі”, што ладзіцца штогод у Мінску.

КУЛЬТПОШУК. Адам Шостак: перформанс — гэта не выпяндрож!


У жніўні 2006-га ў суполцы адбыліся змены: Васіль Паўлініч сыйшоў, затое далучылася Юлія Заблоцкая, жонка Адама Шостака. Хоць цяпер было два “Яна”, два “Ён”, назву змяняць не сталі. Перформанс-суполка “Яна-тры-ён” праіснавала да 2008 года. Зараз перформансамі ўсе экс-удзельнікі займаюцца паасобку. Адам з жонкай Юляй часам робяць сумесныя перформансы, але часцей Адам ставіць перформансы самастойна.


Гульня ў тэатр

Распавядаючы пра перформанс як пра падвід у межах пластычнага (ці візуальнага) мастацтва, Адам Шостак падкрэслівае яго адрозненне ад тэатра. Перформанс апелюе найперш да выяўленчага адлюстравання рэчаіснасці, да стварэння вобразаў з дапамогай розных выяўленчых сродкаў. У перформансе няма драматургіі, як у спектаклі. Але ёсць працэс, суперажыванне, узаемаедзеянне з аўдыторыяй. У перформансе няма акцёраў і гледачоў, як у тэатры — удзельнікі ўсе прысутныя. Перформанс не абмежаваны сцэнай: дзея можа адбывацца там, дзе таго захоча творца. Можна сказаць, што перформанс — гэта своеасаблівая “гульня ў тэатр”.

“Сёння словам перформанс называюць што заўгодна, любы выпяндрож, любы эпатаж, але гэта няправільна!” — гаворыць Адам. Для кожнага свайго перформанса ён піша канцэпцыю, прадумвае вобразную сістэму, неабходны рэквізіт. Істотна, што і для чаго перформер збіраецца рабіць, які сэнс укладае ў свой выступ. Эпатаж, які, на думку Адама, ужо адыходзіць у нябыт, мае адну мэту — эпаціраваць, зрабіць яркае ўражанне, пакінуць эфект, здзівіць. У перформанса ж іншая задача: данесці да гледача той сэнс, які заклаў творца і тыя сэнсы, які расчыталі ў дзеі самі гледачы, яны ж удзельнікі.

Перформанс — гэта неадрэпетаваная, незрэжысіраваная дзея. На тое, якой яна атрымаецца, уплывае літаральна ўсё: памяшканне альбо пленэр, надвор’е, рэакцыя аўдыторыi, настрой перформера, у рэшце рэшт.

КУЛЬТПОШУК. Адам Шостак: перформанс — гэта не выпяндрож!


Адам гаворыць, што перформансы часта не вельмі зразумелыя для гледачоў. Ён і сам часам не можа ўнікнуць у сэнс дзеі, якую паказвае той ці іншы творца. Але калі ў перформанса сапраўды ёсць сэнс, то ён прачытваецца на нейкім інтуітыўным узроўні. “У перформанса больш сэнсаў, чым у літаратурных творах, таму што мова візуальнага мастацтва больш складаная за тэкст”, — лічыць Адам. У перформансе слова можа разглядацца як гук, часта ў якасці сваеасаблівага эфекту скарыстоўваецца цішыня.

Калі размова заходзіць пра папулярнасць перфармансаў у беларускай культурнай прасторы, пра абазнанасць, зарыентаванасць людзей у гэтым мастацтве, Адам гаворыць, уздыхаючы: “Такое адчуванне, што перформансы ў Беларусі глядзяць толькі самі перформеры! У нас людзі чамусьці аддаленыя ад сучаснага мастацтва. Мабыць, таму, што яны сапсаваныя поп-мастацтвам?.. Альбо прычына гэтаму так званае “фонавае” мастацтва — чалавек прыйдзе з працы, уключыць фонам радыё ці тэлевізар, альбо ў машыне балбатню гэтую фонам слухае. Да таго ж, у Беларусі перформансы можна ўбачыць літаральна некалькі разоў у год — на нейкіх фестывалях кшталту “Навінак”. Хіба ж гэта нармальна?.."

Гаворачы пра акцыю нашумелай рускай групы Pussi Riot, Адам зазначыў, што не стаў бы апраўдваць дзеянні дзяўчат мастацтвам. Гэта не перформанс, а хутчэй эпатаж, выкліканы патрэбай адрэагаваць на працэсы ў грамадстве. Што да табуяваных тэмаў для сваіх перформансаў, то Адам не стане рабіць таго, што можа закрануць асабістыя пачуцці, свядомасць людзей: “Рэлігія ў чыстым выглядзе — гэта табу для мяне!”.




Ася ПАПЛАЎСКАЯ

←Оперны пачне і скончыць сезон нацыянальнымі пастаноўкамі

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика