Ствараць і верыць, любіць і зберагаць
Яны ўсе вартыя звацца цудам, яны ўсе — наша спадчына, наш каштоўны здабытак, наша бясцэннае багацце. Але сярод іх трэба было выбраць сем самых-самых, і гэты выбар мы з лёгкім сэрцам даверылі вам, шаноўныя чытачы і наведвальнікі нашага сайта.Вынікі вашага галасавання аказаліся цікавымі і нават, вобразна кажучы, натхняюць на не менш цікавыя высновы. У абранай вамі сямёрцы фактычна закладзены той самы славуты беларускі менталітэт, пра загадку якога зараз так любяць разважаць. Шанаваць і берагчы дадзенае Богам і пакінутае ў спадчыну дзядамі, жыць з Верай у сэрцы — ці не гэта галоўныя рысы нашага народа. Таму зусім лагічна, што сярод абраных вамі цудаў і скарбы дадзенай Усявышнім прыроды, і архітэктурныя каштоўнасці — плён працы і таленту старых дойлідаў, і абарончыя валы (мы ніколі ні на кога не нападалі, але пастаяць за сваю зямлю гатовыя заўсёды), і хрысціянскія святыні...Глядзіце, любуйцеся, ганарыцеся — 7 цудаў Беларусі выбіраліся ўпершыню, і вы да гэтага спрычыніліся. І абавязкова ўключыце гэтыя аб’екты ў маршруты сваіх сямейных падарожжаў. Бо ўсё ж такі, як паказаў наш праект, каб любіць Радзіму, трэба яе ведаць.
“Аднойчы пабываўшы тут, вы захочаце вярнуцца”
Паведамленне аб перамозе ў праекце на месцах успрынялі з удзячнасцю і гонарам
“Віншуем вас, вы — пераможцы!” — прыкладна так мы паведамлялі прыемную навіну людзям, якія да вызначаных цудаў маюць самае непасрэднае дачыненне.І чулі ў адказ не менш прыемныя словы, якія сведчаць: тытул “Цуд Беларусі” кожны з аб’ектаў будзе з гонарам несці і пацвярджаць дзеяннямі.
Намеснік генеральнага дырэктара па навуцы Нацыянальнага парку “Белавежская пушча” Васіль АЛЬНОРБІК:— Ва ўсялякіх конкурсах нам удзельнічаць не ў навіну. У 2009 годзе конкурс цудаў свету ладзіў адзін з культурніцкіх фондаў Еўропы — на жаль, нам зусім крыху не хапіла балаў да прызнання Нацыянальнага парку “Белавежская пушча” адным з галоўных аб’ектаў сусветнага ўзроўню. А тое, што за нас актыўна прагаласавалі чытачы і наведвальнікі сайта “Народнай газеты”, безумоўна, для іміджу запаведніка вельмі важна. Мабыць, яны наведвалі нашы ўнікальныя мясціны некранутай прыроды.Як аб’ект, уключаны ЮНЕСКА ў Спіс сусветнай спадчыны, як брэнд беларускага турызму, на маю думку, найстаражытнейшы лес Еўропы заслугоўвае ўвагі. Мяркуючы па колькасці наведвальнікаў, папулярнасць Белавежскай пушчы, у тым ліку і сярод іншаземцаў, расце. Сёння мы працуем над праектам трансгранічнага турызму. У прыватнасці, з Польшчай і Германіяй. На падставе гэтых зносін мы распрацоўваем новую маркетынгавую канцэпцыю турызму і разам рыхтуем адмысловы праект, для ўзгаднення якога ў бліжэйшыя дні чакаем сваіх калег.Яшчэ будаўніцтва аб’язной дарогі вакол Белавежскай пушчы з адкрыццём пагранічных пунктаў пропуску вымушае і да больш якаснага сэрвісу, і да больш высокай адказнасці перад калегамі па міжнародным трансгранічным супрацоўніцтве ў дачыненні тэрыторый, якія мы разам ахоўваем.
Дырэктар мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць-герой” Валерый ГУБАРЭНКА:— Конкурс “Народнай газеты” “Сем цудаў Беларусі” я вітаю ўсім сэрцам. Бо ён накіраваны на кансалідацыю нашага грамадства і патрыятычнае выхаванне моладзі. Брэсцкая крэпасць, якая мае досыць няпростую і цікавую гісторыю, для жыхароў многіх краін стала ўвасабленнем, без перабольшання, цудаў гераізму людзей у першыя дні Вялікай Айчыннай вайны. Таму вынікі конкурсу, шчыра скажу, не здзівілі. Але — парадавалі надзвычай. Тым, хто прагаласаваў за нас, вялікі дзякуй. Гэта значыць, што сапраўдных патрыётаў, людзей, неабыякавых да сваёй гісторыі, становіцца ўсё больш. Згодна з распараджэннем Прэзідэнта краіны, з 1997 года мемарыял афіцыйна стаў цэнтрам патрыятычнага выхавання, якім, насамрэч, быў ужо многія дзесяцігоддзі. Днямі мы будзем святкаваць 40-годдзе мемарыяльнага комплексу і 55 гадоў з дня адкрыцця музея абароны Брэсцкай крэпасці. Дарэчы, першыя ўрачыстасці адбудуцца сёння, падчас якіх будуць ушанаваны лепшыя нашы супрацоўнікі. Канечне, і навіну пра тое, што крэпасць перамагла ў вашым праекце, мы абавязкова паведамім.
Выконваючая абавязкі дырэктара Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка Тамара ДЖУМАНТАЕВА:— А хто ж, калі не мы! Нават і сумнення не было, што наш Сафійскі сабор выйдзе пераможцам у конкурсе, стане адным з сямі цудаў Беларусі. Сёння мала дзе, нават за межамі Беларусі, сустрэнеш захаваную архітэктуру ХІ стагоддзя.Менавіта Сафія на многія стагоддзі вызначыла Полацк як адміністрацыйны, духоўны і культурны цэнтр. У аснове сучаснага сабора — захаваная частка візантыйскага кафедральнага сабора ХІ стагоддзя: фундамент і дзве сцяны з аўтэнтычнай кладкай. Кожны турыст ці госць Полацка пачынае сваё знаёмства з полацкай культурнай спадчынай ад сцен Сафійскага сабора. Зараз гэты велічны помнік перажывае час доўгачаканай рэстаўрацыі фасадаў. Абноўлены ў бліжэйшы час сабор стане яшчэ больш прываблівым для наведвальнікаў цэнтра Еўропы. Таму хочацца выказаць словы асаблівай удзячнасці рэстаўратарам і тым, хто мае дачыненне да музеефікацыі гэтага сапраўднага цуда Беларусі.
Старшыня Мірскага пасялковага выканкама Іван ПЯТРУШКА:— Вельмі ўдзячны “Народнай газеце” за такі цікавы праект, вельмі рады, што наш Мірскі замак па праву ўвайшоў у пачэсны спіс цудаў Беларусі. Мы спадзяёмся, што гэта яшчэ больш прыцягне турыстаў у наш пасёлак, увогуле на Карэліччыну. Зазначу, што разам з адраджэннем замка ажыў і наш Мір. Зараз гэта самабытны куточак Беларусі, які захаваў акрамя замкавага комплексу яшчэ шмат “цудаў”, разам з тым набыў рысы сучаснай інфраструктуры, мае чатыры кафэ і дзве гасцініцы. Заварожвае, канечне, сам велічны замак, які відаць здалёк. Калі хтосьці з чытачоў яшчэ яго не бачыў, шмат страціў. Прыязджайце, калі ласка, у Міры вас чакаюць.
Старшыня Бабруйскага гарадскога выканаўчага камітэта Дзмітрый БОНАХАЎ:— Гэта прыемная навіна, бо гісторыя Бабруйскай крэпасці выходзіць за межы гарадской гісторыі. Яна звязана і з вайной 1812 года, і з паўстаннем дзекабрыстаў, якія ў гэтых сценах спачатку абмяркоўвалі планы паўстання, а потым адбывалі пакаранне, і абедзвюма сусветнымі войнамі... Горад выдаткаваў сродкі, каб “дастаць” крэпасць з руін, ачысціць ад смецця. Мы заказалі праект яе рэканструкцыі, работа над ім ідзе. Не так даўно прыйшла добрая навіна: дзяржаўная праграма “Культура Беларусі” на 2011—2015 гады прадугледжвае фінансаванне стварэння гісторыка-культурнага музейнага комплексу “Бабруйская крэпасць”.Прымаючы рашэнне “адкопваць” крэпасць, я сказаў, што можна хадзіць і размаўляць на гэты конт, а можна пачаць працаваць. Па-рознаму — і капаць лапатай, і займацца перапіскай, каб звярнуць увагу на праблему захавання гістарычнай спадчыны. Мы працуем. Спадзяёмся, перамога ў конкурсе “Сем цудаў” надасць новы імпульс гэтай працы на карысць наступных пакаленняў.
Настаяцель Санктуарыя Маці Божай у Будславе айцец Віктар БУРЛАКА:— Гэта даволі нечаканая, але вельмі прыемная навіна. Чаму нечаканая? Таму што касцёл быў пабудаваны ў XVIII стагоддзі для цудатворнага абраза Маці Божай Будслаўскай, прывезенага на нашу зямлю ў 1613 годзе. Атрымліваецца, што абраз усё ж больш галоўны. Зрэшты, упэўнены, што чытачы “Народнай газеты”, якія прынялі ўдзел у галасаванні, вырашылі, аддаўшы свой голас за адзіны ў Беларусі Нацыянальны Санктуарый Маці Божай — Будслаўскі храм, заадно ўшанаваць і абраз. Бо гэтыя два цуды Беларусі неаадзельныя адзін ад аднаго!
Намеснік па навуковай працы генеральнага дырэктара Нацыянальнага парку “Нарачанскі” Валерый ЛЮШТЫК:— Верыце ці не, але за ўсе гады працы я ніводнага разу не сустракаў на беразе Нарачы чалавека ў дрэнным настроі. Возера лечыць нашу душу, дорыць надзею і пазітыў. Аднойчы пабываўшы тут, мы абавязкова хочам сюды вярнуцца. Дзіўны факт: нягледзячы на тое што чалавецтва ва ўсім свеце літаральна захлынаецца ў прадуктах уласнай жыццядзейнасці, у Нарачы вада з кожным годам становіцца ўсё больш празрыстай. Сапраўдны цуд! Гэты феномен яшчэ будуць спрабаваць растлумачыць вучоныя, але я ўпэўнены ў тым, што возера ачышчае. А што датычыцца напасці, якая захапіла гэтыя дзіўныя мясціны некалькі гадоў таму (я маю на ўвазе цыркарыёз), дык тут патрэбна дапамога чалавека. Калі б кожны адпачываючы падышоў да вадзіцы і пажадаў ёй здароўя і дабра, разам мы б здолелі перамагчы гэту хваробу!