У Крэве з'явіцца дрэва паэзіі
02.06.2011 08:25
—
Новости Культуры
У Крэве з'явіцца дрэва паэзіі
TUT.BY4 чэрвеня ў мястэчку Крэва, што на Гродзеншчыне, з’явіцца Дрэва Паэзіі. Пра гэта падбаюць беларускія літаратары.
“Трэба апрацоўваць свой сад”, - заклікаў калісьці французскі асветнік Франсуа Вальтэр. На жаль, сёння можна сцвярджаць: сад беларускай паэзіі парадкам занядбаны. Мэта праекту – “Дрэва Паэзіі” – стварыць у нашай краіне новыя знакавыя кропкі, каля якіх будзе дарэчным гаварыць пра Літаратуру.
Ідэя акцыі “Дрэва Паэзіі” не новая. Яшчэ ў рамантычным ХІХ стагоддзі ў шляхецкіх парках і фальварках раслі дрэвы, прысвечаныя вялікім паэтам мінуўшчыны і сучаснасці. Так, яшчэ да нядаўна ў Шчорсах, ля сядзібы Храптовічаў, рос дуб Адама Міцкевіча, пад якім, паводле легенды, паэт стварыў сваю паэму “Гражына”...
Сябры Беларускага ПЭН-Цэнтру вырашылі адрадзіць традыцыю паэтычных дрэваў Беларусі.
Дрэва Паэзіі-2011 літаратары збіраюцца прысвяціць Уладзіміру Някляеву – без перабольшання, герою апошніх месяцаў беларускай гісторыі. У планах – зрабіць акцыю штогадовай, ствараючы ў Беларусі ўсё больш паэтычных дрэваў у гонар класікаў і сучаснікаў.
Адкрыццё Дрэва Паэзіі і літаратурная імпрэза з гэтай нагоды пачнецца 4 чэрвеня а 12-й гадзіне дня ў мястэчку Крэва на зямлі дома па адрасе вул. Смаргонская, 61 (у кірунку выезду на Смаргонь).
У гэтым доме правёў першыя гады жыцця Уладзімір Някляеў. У доме дагэтуль жыве яго родная цётка Алена Аляксандраўна Магер, якой паэт прысвяціў адзін са сваіх нядаўніх твораў – паэму “Вялікдзень”. Поле Магераў, на якім з’явіцца Дрэва Паэзіі, наўпрост прылягае да лініі форнта першай сусветнай вайны – у ваколіах яшчэ захаваліся нямецкія фартыфікацыі.
Запрашаем далучацца да свята! Вялікая просьба да ўсіх, хто хоча далучыцца, улічваць факт, што акцыя адбудзецца на прыватнай тэрыторыі па ласкавым запрашэнні гаспадароў дома і паводзіцца далікатна, праходзячы да месца акцыі праз падворак!
Арганізатары мерапрыемства пакідаюць за сабой права да апошняй хвіліны трымаць у сакрэце батанічныя падрабязнасці падзеі.
Пасля літаратурнай імпрэзы ў ценю Дрэва Паэзіі адбудзецца пікнік-маёўка (бярыце сабойкі!)
Як даехаць да Крэва з Менску, калі ў вас няма машыны
Можна ехаць са ст.м. “Каменная горка” маршруткай. Замовіць месцы ў маршрутцы можна па тэлефоне (029) 3950659. Каб трапіць на месца падзеі да 12й, варта выехаць з Менска на пазней за 11-ю.
Дадатковая ііфармацыя па тэлефонах: (029) 640 46 79 або (029)750 88 70.
Да сустрэчы ў садзе Беларускай Паэзіі!
Да сустрэчы ў садзе Беларускай Паэзіі!