Польскі ПЭН-Цэнтр выступіў у абарону Някляева
«Уладзімір Някляеў вядомы ў Польшчы як паэт і выбітны перакладчык класічнай польскай паэзіі XVI—XIX ст. Мы прымалі паэта ў многіх польскіх гарадах, у тым ліку ў сядзібе Польскага ПЭН-цэнтра ў Варшаве, апошні раз у лістападзе гэтага года на прэзентацыі яго паэмы «Паланэз», выдадзенай на трох мовах — беларускай, літоўскай і польскай», — гаворыцца ў заяве.
«Мы заклікаем беларускія ўлады неадкладна вызваліць паэта і забяспечыць яму медыцынскі нагляд.
Мы заклікаем таксама спыніць жорсткія рэпрэсіі супраць актывістаў апазіцыі, выбаршчыкаў, журналістаў і гарантаваць грамадзянскія свабодыў імя ідэалаў Міжнароднага статута ПЭН-Цэнтра, які абвяшчае: «ПЭН-Цэнтр выступае за бесперашкоднае выказванне думак у кожнай краіне і паміж усімі народамі, і яго сябры абавязваюцца выступаць супраць усіх формаў прыгнечання свабоды слова ў любой краіне ці супольнасці, да якой яны належаць. ПЭН-Цэнтр выступае за свабоду друку і супраць безапеляцыйнай цэнзуры ў мірны час, цвёрда ўпэўнены ў тым, што няўхільнае імкненне свету да найвышэйшых формаў палітычнай і эканамічнай арганізацыі патрабуе свабоднай крытыкі ўладаў, арганізацый і ўстановаў».
Заяву сёння падпісалі старшыня Польскага ПЭН-Цэнтра Адам Паморскі, віцэ-старшыні Павел Гюле і Эва Ліпска.
КМ