Жанчына, якую выкрэслілі з гісторыі
“Ларыса Геніюш. Хто яна? Выбітная паэтка, нязломная змагарка, святая пакутніца? Як адбылося, што правінцыйная жанчына, пазбаўленая ўсіх правоў, палохае і цяпер уладатрымцаў Беларусі? Чаго не даравала паэтцы дзяржава? І чаго не здолела дараваць дзяржаве Ларыса Геніюш? Што ведае пра яе Беларусь? Што магла б ведаць?..”
Гэтыя і многія іншыя пытаньні гучаць у дакументальным фільме пра беларускую паэтку Ларысу Геніюш (у дзявоцтве Міклашэвіч) “Няскораная”. Стужку зняла незалежная беларуская тэлевізія “Белсат”. Сёлета. Гэта першы фільм, прысвечаны жыццю і творчасці нязломнай, моцнай, таленавітай, але (таму?..) замоўчанай, выкрэсленай з беларускай гісторыі жанчыны.
Цягам гадзіны літаратар Міхась Скобла, пісьменнік Уладзімір Арлоў, паэтка Данута Бічэль, грамадская дзяячка Валянціна Трыгубовіч, археолаг Міхась Чарняўскі, унук паэткі Міхась Геніюш ды іншыя распавядаюць пра сваю Ларысу Геніюш. Дзеляцца ўспамінамі, зьвязанымі з ёй, прыгадваюць сустрэчы і размовы з паэткай, акрэсліваюць яе як чалавека, паэта, грамадскага дзеяча, жонку, бабулю… Шукаюць адказы на мноства нерытарычных пытанняў. Але – не знаходзяць.
ільм, зняты тэлеканалам “Белсат” да 100-годдзя паэткі, складаецца з двух частак па 30 хвілінаў. Акрамя каментароў паплечнікаў Ларысы Геніюш, даследчыкаў яе жыцця і творчасці, стужка ўтрымлівае інсцэніроўкі (маладую Ларысу Геніюш у Зэльве і Празе грае акторка), унікальныя аўдыёзапісы голасу вялікае паэткі (чытае свае вершы), малавядомыя фотаздымкі, кінакадры...
Фільм здымаўся ў мясцінах, што воляй лёсу сталіся роднымі паэтцы: Зэльве, Празе. Міхась Скобла распавядае пра побыт Ларысы Геніюш ў Празе, паказвае дамы, дзе яна з мужам Янкам Геніюшам наймала кватэру. Чытае лісты Ларысы Геніюш, а таксама дакумент, у якім Васіль Захарка перадае Ларысе Геніюш паўнамоцтвы сакратара Рады БНР.
Пісьменнік, літаратуразнаўца Міхась Скобла: "Ларыса Геніюш – асоба фенаменальная, я нават не ведаю, з кім яе можна параўнаць. Яна пражыла сваё жыццё так годна, праўдзіва і сумленна, нібы мела перад сабою накрэслены найвышэйшаю воляю шлях. І з гэтага шляху яна не сышла ні на сантыметр! Усё ў яе жыцці было не выпадковым. І прозвішча Геніюш (у перакладзе з лацінскай – дух-ахоўнік), і залатая Прага, і нават ГУЛАГ. Бо толькі дух чалавечы, прайшоўшы праз неймаверныя выпрабаванні, вытрымаўшы іх і загартаваўшыся, мае права сам-насам размаўляць з вечнасцю".
Чаму імя паэткі зацята замоўчваецца ў гісторыі і літаратуры краіны? Чаму яна так і не прыняла да схілу жыцця савецкае грамадзянства? За што эпоха выракла яе на катаргу і абвясціла ворагам народу? Што ведае пра Ларысу Генюш Беларусь? Што магла б ведаць?..
СПАМПАВАЦЬ ФІЛЬМ ПРА ЛАРЫСУ ГЕНІЮШ
Ася ПАПЛАЎСКАЯ