Тэлевізійная восень з «Белсатам»

Источник материала:  
03.09.2010 16:52 — Новости Культуры

Восеньскі тэлесезон пачнецца на тэлеканале «Белсат» з 6 верасня. Навіны без цэнзуры, гісторыя нашага народу і яго сённяшняе жыццё ў найноўшых беларускіх дакументальных фільмах, публіцыстычныя і дарадчыя праграмы ў абноўленай форме, найлепшая замежная дакументалістыка, прысвечаная жыццю ў нашай частцы Еўропы, а таксама новыя серыялы для усёй сям’і — так выглядае восеньская праграма тэлеканалу «Белсат».

Асноўным пунктам праграмы па-ранейшаму застаецца інфармацыйны сэрвіс «Аб’ектыў».

У эфіры «Белсату» гледачы ўбачаць цікавыя для ўсёй сям’і мастацкія фільмы, працы мэтраў кінематаграфіі, а малыя гледачы атрымаюць нанач улюбёныя казкі — па-беларуску.

Беларускае дакументальнае кіно — прэм’еры

Восень на «Белсаце» будзе багатая на прэм’еры дакументальных фільмаў, знятых у Беларусі вядомымі рэжысёрамі. З 2007 г. «Белсат» выпусціў больш за 90 дакументальных стужак і рэпартажаў, якія паспелі стаць візітнаю карткаю тэлеканалу, здабыўшы 12 прэстыжных узнагародаў на міжнародных фестывалях і праглядах. Гэтыя фільмы апавядаюць пераважна пра сучасных беларусаў і гісторыю нашай краіны — без прапаганды, белых плямаў і замоўчвання. Увосень на «Белсаце» — тузін прэм’ераў дакументальных фільмаў. Асаблівай увагі заслугоўваюць:

«Лобатамія», рэж. Юрый Хашчавацкі, Беларусь, 2010, 60 хв.

Найноўшы фільм вядомага ў свеце беларускага дакументаліста Юрыя Хашчавацкага (аўтара фільмаў «Плошча», «Звычайны прэзідэнт» ды інш.) апісвае магчымасці маніпулявання грамадствам пры дапамозе медыяў падчас войнаў і грамадскіх канфліктаў.

Фільм утрымлівае ўнікальныя матэрыялы часоў Памаранчавай рэвалюцыі ва Украіне, падзеяў у Беларусі, а таксама ніколі раней не дэманстраваныя кадры расейска-грузінскай вайны, якія дало МЗС Грузіі.

«Як пошуг маланкі», рэж. Валерый Мазынскі, сцэн. Міхась Чарняўскі, Беларусь, 2010, 30 хв.

У фільме паказваюцца феномен моладзевага антыкамуністычнага падполля, якое дзеяла ў Беларусі ў 1948—1950 гг., і трагічны лёс яго ўдзельнікаў ды расстралянага НКВД лідара руху Расціслава Лапіцкага.

Праз 60 гадоў дакументалісты сустрэліся з удзельнікамі падполля, якое кінула выклік сталінскай сістэме.

У фільме выкарыстоўваюцца ўнікальныя здымкі, дакументы, а таксама рэканструкцыя падзеяў з удзелам актораў.

«Катынь. 70 гадоў пасля», рэж. Галіна Самойлава, сцэн. Уладзімір Самойлаў, Беларусь, 2010, 30 хв.

Беларускія дакументалісты шукаюць слядоў т.зв. беларускага катынскага спісу. Чым быў гэты спіс, і чаму да сённяшняга дня нам не вядомы яго змест? Ці была Катынь толькі польскаю трагедыяй? Ці прывядзе гэтая старонка гісторыі да яднання палякаў і беларусаў? Фільм Галіны Самойлавай шукае адказу на гэтыя пытанні, спрабуючы раскрыць таямніцы беларускага следу трагедыі праз 70 гадоў.

«Няскораная», імя аўтара засакрэчанае дзеля ягонай бяспекі, Беларусь, 2010, 2 ч. па 30 хв.

Дакументальны фільм, прымеркаваны да 100-й гадавіны з дня нараджэння Ларысы Геніюш, вялікай беларускай паэткі і патрыёткі.

Да канца 1930-х гг. яна была ў палітычнай эміграцыі ў Чэхаславакіі ды ўваходзіла ў кіраўніцтва Беларускай Народнай Рэспублікі на эміграцыі. Як сакратарка БНР, яна вяла архіў, за якім палявалі савецкія спецслужбы. Пасля захопу камуністамі ўлады ў Празе, Геніюш у 1948 г. выдалі СССР, а савецкія ўлады саслалі паэтку ў Сібір. Нягледзячы на рэпрэсіі, яна так і не аддала НКВД эміграцыйнага архіву. Вызваленая на хвалі адлігі ў 1956 г., паэтка вярнулася дадому, у Зэльву, дзе жыла да смерці ў 1983 г. Ларыса Геніюш да сённяшняга дня застаецца нерэабілітаванаю. Вядомая яна сярод іншага і тым, што так і не прыняла грамадзянства СССР. Хоць сучасныя літаратуразнаўцы лічаць яе адною з найлепшых беларускіх паэтак, прозвішча Геніюш не знойдзеш ў афіцыйных падручніках беларускай літаратуры.

У фільме выкарыстоўваюцца ўнікальныя здымкі, відэаматэрыялы і аўдыёзапісы з выказваннямі Ларысы Геніюш, няскоранай паэткі, якую не здолелі зламаць ані нацысты, ані камуністы. Расповед вядзе вядомы беларускі паэт і літаратуразнавец Міхась Скобла.

Публіцыстыка і дарадчыя праграмы

Пасля вакацыйнага перапынку на экраны вяртаюцца найпапулярнейшыя публіцыстычныя праграмы. Штопятніцу вас чакае прэм’ернае выданне «Госця «Белсату», аўтарскай праграмы Паўла Мажэйкі, які сустракаецца ў студыі з выбітнымі палітыкамі, вядучымі беларускімі экспертамі, інтэлектуаламі ды людзьмі культуры. На сваё сталае месца ў праграме трансляцыі вяртаецца тэлечасопіс «Тыдзень з радыё «Свабода», які ствараецца ў Празе ў супрацы з радыё «Свабода» і дае публіцыстычнае падсумаванне тыдня (субота). У эфіры — агляд міжнародных падзеяў «Прасвет» у новым фармаце і графічным афармленні, вядоўца — Дзмітры Гурневіч (нядзеля). У гэты ж дзень выходзіць і «Прэс-экспрэс» — штотыднёвы агляд дзяржаўнага і незалежнага друку. Традыцыйна панядзелкі на «Белсаце» — гэта час для беларускай культуры (праграмы «Рэмарка» і «Прыватная калекцыя» — папераменна, раз на два тыдні), аўторкі ж прысвечаныя эканоміцы («Асабісты капітал» і «Сальда»). Штосераду праграма «Маю права» будзе надалей дапамагаць арыентавацца ў беларускім заканадаўстве. Набліжаецца прэзідэнцкая кампанія, таму асаблівая ўвага будзе надавацца выпадкам парушэння правоў і грамадзянскіх свабодаў уладамі Беларусі. Па-ранейшаму важную адукацыйную ролю выконвае на «Белсаце» цыкл «Гісторыя пад знакам Пагоні», які ў кароткай і прывабнай форме нагадвае гледачам часта забытыя або поўныя хлусні моманты з гісторыі Беларусі, са старадаўніх часоў да ХХ ст. Восенню на «Белсаце» вы ўбачыце таксама прэм’ерныя выданні праграмы «Моўнік», у якой мовазнаўцы Ганна Іскрык і Зміцер Саўка запрашаюць гледачоў спасцігнуць таямніцы беларускае мовы (нядзеля). Праграма зацікавіць і тых, хто хацеў бы палепшыць свае веды, і тых, хто робіць першыя крокі з беларускаю моваю.

Рэпартаж

З верасня шточацвер увечары слова перадаецца журналістам тэлечасопісу «Рэпарцёр» і аўтарам рэпартажаў у межах цыклу «Без рэтушы». Рэпарцёры «Белсату» працуюць ва ўсіх кутках Беларусі і паказваюць рэчаіснасць малых мясцовасцяў і вёсак такою, якая яна ёсць. Для іх няма ні забароненых тэмаў, ні занадта складаных праблемаў. З камераю яны заўсёды становяцца на бок звычайных людзей. У верасні мы пакажам у тым ліку рэпартаж Міхаіла Аршынскага «Фядора, якая лечыць», прысвечаны вядомай лекарцы Фядоры Конюхавай з вёскі Пільшыцы ў Магілёўскай вобласці. Да яе па дапамогу прыязджаюць і простыя людзі, і палітыкі, і артысты, і бізнесоўцы з усёй Беларусі. Феномен яе медычна-знахарскай працы неаднаразова даследавалі навукоўцы з Акадэміі навук СССР ды розных медычных установаў. Усе даследчыкі пацвердзілі, што лекарка валодае надзвычайнымі здольнасцямі — з яе рук зыходзіць энергія, здольная вылечыць шматлікія захворванні.

Замежнае дакументальнае кіно

Увосень на «Белсаце» з’явіцца новы дакументальны цыкл «Незвычайнае жыццё звычайных людзей», а ў ім — замежныя дакументальныя фільмы, шматразова ўзнагароджаныя апошнімі гадамі на міжнародных фестывалях. Асаблівую ўвагу варта звярнуць на нізкабюджэтныя дакументальныя фільмы з Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, у якіх адлюстроўваюцца знаёмыя жыхарам нашай часткі кантыненту праблемы перыяду трансфармацыі. У кожным з фільмаў — кранальныя гісторыі людзей з розных куткоў свету.

«Рэнэ», [«Rene»], рэж. Гэлена Тржэшцікава, Чэхія, 2008

Гэта інтымны партрэт мужчыны, які аказаўся на дне грамадства. Фільм ствараўся цягам 20 гадоў. Ветэран дакументалістыкі, Гэлена Тржэшцікава (былая міністарка культуры чэшскага ўраду), уключае камеру, калі яе герою, Рэнэ, 17 гадоў. Разам з ім яна перажывае чарговыя жыццёвыя этапы і ўважліва сочыць за тым, як Рэнэ аддаляецца ад агульнапрынятых нормаў і парушае забароны. Рэнэ, падлетак з разбітай сям’і, большасць свайго дарослага жыцця праводзіць за кратамі вязніцы. Аднак ён умее зачароўваць сабою людзей, паглынае сотні кніжак і ўрэшце сам пачынае пісаць. Фільм пра тое, як нараджаецца паталагічная асоба.

Узнагарода Міжнароднага кінафестывалю ў Карлавых Варах-2009

Еўрапейскі фестываль замежнага кіно «Prix Art-2008»: найлепшы дакументальны фільм

«Leipzig DOK-2008», Міжнародны фестываль дакументальных і анімацыйных фільмаў у Ляйпцыгу: Залатая галубка

«Leipzig DOK-2008»: узнагарода для найлепшага дакументальнага фільму Усходняй Еўропы

13-ы Міланскі міжнародны кінематаграфічны фестываль-2008: узнагарода ў катэгорыі «Найлепшы рэжысёр»

«Праблема з камарамі ды іншыя гісторыі», [Problemat s komarite i drugi istorii], рэж. Андрэй Паўноў, Балгарыя, 2007

Дакументальны фільм, у якім паказваецца жыццё невялікай балгарскай мясцовасці, размешчанай на Дунаі на мяжы з Румыніяй. Вялікі ўплыў на побыт тут аказвае суседства ядравай электрастанцыі, пабудаванай яшчэ за камуністычных часоў. Жыхары нягледзячы на праблемы — дарэчы, тыповыя для пераходнага перыяду — маюць аптымістычны падыход да жыцця. Іхным найбольшым клопатам ёсць не беспрацоўе, не адсутнасць перспектываў… Большасць часу ў іх займае змаганне з камарамі. Міжнародны кінафестываль у Карлавых Варах-2007: найлепшы дакументальны фільм

Узнагарода Сараеўскага кінафестывалю-2007

Узнагарода Брытанскай кінаакадэміі

«Глубінка», рэж. Яўгеній Саламіт, Расея, 2009

Распараджэнне пра абавязковы абмен савецкіх пашпартоў на пашпарты Расейскай Федэрацыі ўносіць неспакой у жыццё малой вёскі ў далёкай Сібіры. У Расеі без пашпарту немагчыма аформіць ніводнай справы. А каб памяняць пашпарт, трэба мець свежы фотаздымак памерам 35×45 мм. Кожны мае сфатаграфавацца. Героем фільму выступае мясцовы фатограф, які ездзіць ад вёскі да вёскі, здымае твары людзей і вядзе з імі доўгія размовы. У фільме паказваецца побыт традыцыйных сібірскіх вёсак і сумнай, крыху разгубленай Расеі.

«Георгій і матылькі», [Georgi i peperudite], рэж. Андрэй Паўноў, Балгарыя/Канада/Фінляндыя/Галандыя/Нарвегія/Брытанія, 2004

Надзвычай аптымістычная гісторыя пра функцыянаванне псіхіятрычнага шпіталю ва ўмовах рынкавай эканомікі. Гісторыя, якая і смешыць, і падштурхоўвае да роздумаў, і яшчэ раз даводзіць: не заўсёды можна быць упэўненым у нармальнасці.

«Страчаныя вакацыі», [Ztracená dovolená], Люц’е Кралёва, Чэхія, 2006

Аднойчы падчас падарожжа па Швецыі Лада знаходзіць выкінутую торбу, а ў ёй 22 негатывы. Дзяўчына прывозіць іх у Прагу і праяўляе. Ёй аддаюць 700 фотаздымкаў групы азіятаў, якія падарожнічаюць па Еўропе. Група сяброў спрабуе знайсці тых людзей, даведацца, хто яны і што рабілі ў Еўропе. У Празе моладзь ладзіць буйную фотавыставу, на якой наведнікі дзеляцца сваімі здагадкамі. Ці можна знайсці чалавека, маючы толькі фотаздымак?

«Чаму дэмакратыя?» Гэтае пытанне ставяць аўтары дакументальных фільмаў, знятых у свеце міжнароднай арганізацыяй «Steps International». Дакументалісты з розных куткоў свету рознымі шляхамі даводзяць: сёння ўсё яшчэ не страцілі сваёй актуальнасці словы Ўінстана Чэрчыля пра тое, што дэмакратыя — гэта, імаверна, найгоршы палітычны лад, але ніхто не прыдумаў нічога лепшага. Фільмы, рэпрэзентаваныя ў межах дакументальнай серыі «Чаму дэмакратыя?», — гэта не банальная агітацыя, а апісанне з’явы дэмакратыі з розных пунктаў гледжання. Не хаваецца пры гэтым факт, што гэты палітычны лад пакуль недасканалы. Кожны з 10 фільмаў — гэта інтэлектуальны выклік, які заклікае да дыскусіі. Гэтыя стужкі паказалі 40 грамадскіх тэлеканалаў у свеце, і паўсюль яны выклікалі жывую рэакцыю. Асабліва важным падаецца тое, каб гэтыя фільмы магло ўбачыць беларускае грамадства, якое пакуль вучыцца дэмакратыі.

Арганізацыя «Steps International» ставіць перад сабою за мэту распавядаць грамадству пра найважнейшыя праблемы сучаснасці ў духу тэлерантнасці і дэмакратыі. Галоўная сядзіба арганізацыі месціцца ў Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы, а яе прадстаўніцтвы ёсць сярод іншага ў ЗША і краінах Еўрапейскага Звязу.

Сваёй найважнейшаю задачаю арганізацыя «Steps International» лічыць прамоцыю і ўдасканальванне сістэмы парламенцкай дэмакратыі.

Увосень на «Белсаце» дэбютуе новы дакументальны цыкл «Незвычайныя людзі». У ім мы пакажам постаці выбітных асобаў, якія мелі значны ўплыў на хаду падзеяў у асобных краінах і свеце. Працягнуцца таксама дакументальныя цыклы «Абліччы таталітарызму» і «Дакументальная гадзіна». У межах апошняга будзе паказаны французскі цыкл «Жывучы з ворагам» — дакументальны запіс эксперыменту, падчас якога людзі з крайне адрознымі поглядамі цягам тыдня жывуць пад адным дахам. Фільмы, якія ўваходзяць у гэты цыкл, з’явіліся на базе відэазапісаў схаванай камеры і здымкаў асабістых роздумаў герояў.

Прэм’еры серыялаў Гэтай восенню на «Белсаце» з’явяцца новыя серыялы для ўсёй сям’і. У аўторкавыя вечары гледачы ўбачаць, як жыве «Доктар Марцін», што пакінуў сваю шматабяцальную кар’еру хірурга, каб стаць мясцовым доктарам і пераехаць з Лондану ў спакойнае правінцыйнае мястэчка. Ці дапаможа доктару Марціну Элінгэму сапраўдны англійскі гумар памерацца сіламі са славаю ягонага амерыканскага калегі па прафесіі? У ролі панурага доктара вядомы брытанскі комік Александэр Марцін Клюнз.

З верасня цягам чатырох тыдняў на «Белсаце» па нядзелях будзе паказвацца серыял «Малая Масква» — гісторыя забароненага кахання жонкі савецкага лётчыка і польскага афіцэра, якія сустрэліся на аглядзе песні ў Лягніцы, на найбуйнейшай базе Чырвонай Арміі ў Польшчы 1960-х гг. Серыял ёсць тэлевізійнаю версіяй гучнага фільму, лаўрэата «Залатых ільвоў» на Фестывалі польскіх мастацкіх фільмаў у Гдыні ў 2008 г. У фільме грае польска-расейская каманда актораў.

Моладзевы блок

Побач з калыханкаю для малых і найменшых гледачоў «Белсат» падрыхтаваў цікавыя серыялы — штодня, заўсёды пасля агляду найважнейшых падзеяў, а 17:00. З панядзелка да серады гледачы змогуць сачыць за прыгодамі тройкі арыгінальных сяброў — Олі, Оляфа і Оскара — у серыяле «Тры шалёныя нулі». Па чацвяргах і пятніцах будуць ісці два серыялы Анджэя Малешкі: польска-нямецкая ініцыятыва «100 хвілін вакацыяў» і серыял «Магічнае дрэва». Аўтар серыялаў атрымаў за «Магічнае дрэва» ў 2007 г. міжнародную ўзнагароду «Эмі», якая лічыцца тэлевізійным «Оскарам». «Магічнае дрэва» — гэта сем гісторыяў аб прадметах з магічнага дрэва, надзеленых незвычайнымі ўласцівасцямі. Кожны з фільмаў — адначасова аповед пра дзяцей ды іхную ролю, поўны прыгодаў, магіі ды гумару.

Фільмы і серыялы на «Белсаце» агучаныя па-беларуску. Такім чынам тэлеканал выконвае сваю місію папулярызацыі ды развіцця беларускай мовы сярод шырокага кола гледачоў, асабліва сярод маладога пакалення беларусаў.

«Белсат» ажыццяўляе трансляцыю праз спадарожнікі «Сірыус» і «Астра» з 17:00 да 23:00. Раніцаю наступнага дня з 7:00 адбываецца паўтор вечаровага блоку. Перадачы «Белсату» даступныя для прагляду онлайн на сайце тэлеканалу.

Падзяліцца навіной: 

←Шульга заявил о готовности помочь в восстановлении местечка Лужки

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика