Жывы агеньчык грамнічнай свечкі. Ён аберагае дом ад пажару, спрыяе сяўбе і жніву, ахоўвае маладых і парадзіх
На працягу года існавала некалькі святочных дзён, падчас якіх асвячаліся тыя ці іншыя атрыбуты. Напрыклад, хрышчэнская вада, вербныя галінкі, асвечаны на Спаса мак-відук. Кожны з гэтых свяшчэнных атрыбутаў выконваў ролю абярэга-ахоўніка на працягу цэлага года. Калі ж прыходзіў чарговы (наступны год) дзень асвячэння прадмета, каб надаць яму статус рытуальнага, то папярэдні атрыбут спальвалі або знішчалі. Такім чынам людзі ставіліся і да грамнічнай свечкі (грамніцы). Яна дапамагала, ахоўвала, перасцерагала сям’ю на працягу ўсяго года, а затым нявыкарыстаныя рэшткі пераплаўлялі і змешвалі з воскам для наступнай вырабляемай свечкі.
У прамежку часу ад адных грамніц да другіх (дарэчы, сёлета, як мы ўжо паведамлялі, Стрэчанне Гасподняе (Грамніцы) у сувязі з раннім пачаткам Вялікага посту пераносіцца з 15 лютага на 14, г. зн. на заўтра) свечка з’яўлялася надзейным магічным амулетам для перасцярогі ўсіх дамачадцаў, гаспадарчых пабудоў, жытнёвага поля. Яе даставалі з-за абразоў, дзе пастаянна захоўвалі, з рознай нагоды.
Трымаючы ў руках вербную галінку, грамніцу і чырвонае велікоднае яйка, гаспадыня тройчы абыходзіла карову перад першым выганам у поле. Як толькі збярэцца ўвесь статак, пастухі бралі гэтыя ж самыя атрыбуты і тройчы па сонцы абыходзілі кароў, каб яны не губляліся ў лесе і каб на іх не нападалі ваўкі. Адвячоркам гаспадыня сустракала скаціну з поля з тым жа наборам свяшчэнных рэчаў, гэтым самым замацоўваючы (або закальцоўваючы) распачатае раніцай свяшчэннадзейства. Грамнічную свечку запальвалі тады, калі насыпалі насенны хлеб у мяшкі перад сяўбой і пры засыпанні ў засек першага вымалачанага хлеба, каб захаваць палетак ад граду. Без грамнічнай свечкі ні адна гаспадыня не распачынала жніво. Разгавенне на Каляды пасля шасцітыднёваага Піліпаўскага посту і на Вялікдзень пасля Вялікага сямітыднёвага посту распачыналася з запальвання (як бы своеасаблівага благаслаўлення) грамніцы. Прычым і сам характар гарэння свечкі і кірунак дыму пасля яе тушэння выступалі сімваламі-вешчунамі. Калі на першую калядную куццю свечка пастаянна патрэсквала, то гэта сведчыла аб тым, што летам трэба было чакаць частых грымот і навальніц. Зразумела, што найбольш моцным абярэгам лічылі грамнічную свечку падчас летняй навальніцы. Як толькі гаспадыня пачуе грымоты — папярэджанне аб навальніцы, якая магла нарабіць шкоды, — яна тут жа даставала грамніцу, запальвала яе і ставіла на падаконнік з таго боку хаты, з якога ішла навала.Грамніцу выкарыстоўвалі і ў кантэксце абрадаў сямейна-родавай накіраванасці:
Яе запальвалі у час родаў і пры адпраўленні дзіцяці разам з хроснымі бацькамі да святога хрышчэння. Яна была абавязковым спадарожнікам сватоў, калі яны ішлі сватаць дзяўчыну, калі дружына маладога прыязджала выкупляць маладую, калі вясельны поезд адпраўляўся ў храм да вянца. Свечку давалі ў рукі таму чалавеку, які доўга і цяжка паміраў.Грамнічную свечку выкарыстоўвалі і ў па-за абрадавых сітуацыях:
Пры першым наведванні каровы, якая ацялілася або пры першым акоце авечак. Невялічкія кавалачкі свечачнага сплаву ўтыкаліся ў хлеб і даваліся як выключны эфектыўны народны сродак пры лячэнні сурокаў у чалавека і жывёлы. Сплавамі грамніцы падкурвалі малых дзяцей, калі яны палохаліся; калі некага пачынала калаціць ліхаманка або біць эпілепсія, то яго “ачышчалі” святлом і дымам свечкі і адначасова чыталі спецыяльныя замовы. Абкурванне грамніцай выконвалі і тады, калі трэба было пачынаць прасці ніткі, калі закладвалі навой для ручніка або посцілак, калі заканчвалі плесці рыбацкую сетку, калі першы раз апраналі новую вопратку. Калі перад наступнымі грамніцамі ад мінулагодняй свечкі заставаўся зусім маленькі агарак, яго пакідалі і надалей выкарыстоўвалі для розных мэт, як зноў-такі лекавы сродак і адзін з моцных амулетаў. Калі на працягу года свечка выкарыстоўвалася радзей і заставалася яшчэ вялікая частка, то яна дапальвалася ў святыя вечары на Каляды, а затым непасрэдна перад грамніцамі.У цяперашні час кола людзей, якія трымаюць пчол, звузілася, большасць насельніцтва пражывае ў гарадах, таму сакрэты прыгатавання свечак у дамашніх умовах ведаюць не ўсе. У такім выпадку іх купляюць на грамніцы ў храмах.Актыўныя змены, якія адбыліся ў вобразе жыцця нашых сучаснікаў, прыводзяць да таго, што ў пэўнай ступені змяняюцца і абставіны, у якіх выкарыстоўваюць і грамніцу. Зараз яе запальваюць у дні нараджэнняў кожнага з членаў сям’і, калі маладых адпраўляюць у ЗАГС, рожаніцу ў раддом і калі нованароджанага прывозяць дадому. Ёю благаслаўляюць хлопца, які ідзе служыць у войска.Старыя людзі раілі: “Грам-нічную свечку нельга пазычаць, як і агонь, нават у блізкія хаты сваякоў, родным асобам, што жывуць у іншай сям’і”.