Алімпійскі Лондан: у чаканні свята і калапсу

Источник материала:  
17.07.2012 19:16 — Новости Мира

Алімпійскі Лондан: у чаканні свята і калапсу

  • Кастусь Лашкевіч
/

           


Алімпійскі Лондан: у чаканні свята і калапсу
Таўэрскі мост. Фота: dawn.com.
Праз дзесяць дзён у Лондане пад уважлівымі позіркамі мільярдаў зямлян успыхне полымя Гульняў ХХХ Алімпіяды. Пра тое, як брытанская сталіца рыхтавалася да найбуйнейшага форуму планеты, і што для каралеўства значыць гэтая Алімпіяда, з месца падзеі распавядае карэспандэнт TUT.BY.
 
Тройчы алімпійскі
 
Лондан – адзіны горад у свеце, якому Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) тройчы давяраў ганаровае права стаць сталіцай сучасных Алімпійскіх гульняў: у 1908, 1948 і 2012 гадах. Гэткі надзвычайны карт-бланш ад мужоў міжнароднага алімпійскага руху зусім невыпадковы. Брытанія – родапачынальніца многіх відаў цяперашняй алімпійскай праграмы. Да таго ж традыцыя правядзення рознага кшталту спартовых гульняў на Брытанскіх выспах сягае 16 стагоддзя. У сярэдзіне 19-га на землях Расійскай імперыі яшчэ панавала прыгоннае права, а ў Англіі ўжо існавалі спартовыя клубы, ладзіліся спаборніцтвы і фіксаваліся рэкорды…
 
Лёс склаўся так, што дзве папярэднія лонданскія Алімпіяды адбываліся ва ўмовах форс-мажору.
 
У далёкім 1908-м Лондан ў экстранным парадку паклікалі замяніць Рым, што задыхаўся ад наступстваў вывяржэння Везувія. Тады яшчэ не існавала ані алімпійскіх кольцаў, ані алімпійскага агню, а самі Алімпіяды не з’яўляліся самастойнымі мерапрыемствамі і дзеля эканамічнай мэтазгоднасці прывязваліся да маштабных гандлёвых мерапрыемстваў. Разам з Гульнямі IV Алімпіяды Лондан прымаў вялізную франка-брытанскую выставу. Адмыслова для гэтага ў лонданскім раёне Шэпэрд-Буш выбудавалі 93-тысячны стадыён "Уайт-Сіці". Нягледзячы на дажджлівае надвор’е, за 12 дзён на яго трыбунах пабывала рэкордная колькасць гледачоў - 295 тысяч чалавек. То быў знак: Алімпіяды могуць і павінны быць самадастатковымі форумамі.
 
Алімпійскі Лондан: у чаканні свята і калапсу
1908 год, Лондан. Запоўненыя трыбуны 93-тысячнага "Уайт-Сіці". Фота: Hulton Archive via mirror.co.uk
 
Менавіта на тых лонданскіх Гульнях спартоўцы прадстаўлялі не паасобныя клубы, а цэлыя краіны. Гэтая акалічнасць спрычынілася да таго, што спаборніцтвы суправаджаліся неймавернай колькасцю палітычна матываваных сварак і скандалаў.
 
Роўна праз 40 год горад на Тэмзе зноў стаў алімпійскай сталіцай. Краіна яшчэ загойвала раны Другой сусветнай вайны, а таму рашэнне ўраду прыняць першую паваенную Алімпіяду выклікала на Туманным Альбіёне хвалю абурэння і пратэстаў. Гэтак, за год да старту лонданская газета Evening Standard заклікала да яе адмены. Сцвярджаючы, што да вайны стаўленне брытанцаў да Гульняў вар'іравалася ад "прахалоды да пагарды", выданне пераконвала: цяжкая эканамічная сітуацыя зніжае рацыю іх правядзення да "абсурду нечуваных памераў". Не дзіва, што гісторыкі ахрысцілі іх "Алімпіядай, якой магло і не быць".
 
Алімпійскі Лондан: у чаканні свята і калапсу
1948 год, Лондан. Гераіня Алімпіяды галандская спрынтарка і хатня гаспадыня Фані Бланкерс-Кун (692) перамагае на легендарным "Уэмблі". Фота: The Official Report of the Organising Committee.
 
Бітва гігантаў
 
Сем год назад МАК абвясціў Лондан пераможцам конкурсу за права прыняць летнюю Алімпіяду-2012. Сярод галоўных канкурэнтаў брытанскай сталіцы былі тры іншыя сусветныя мегаполісы – Парыж, Нью-Ёрк і Масква.
 
Адным з галоўных ініцыятараў і лабістаў лонданскай кандыдатуры быў тагачасны мэр Кен Лівінгстон. Згодна з ягонай задумай, Алімпіяда мусіла стаць штуршком для развіцця Іст-Энда – гэтак званай усходняй часткі Лондана, занядбанай ў апошнія тры дзесяцігоддзі. Цэнтрам алімпійскай будоўлі быў абраны раён Стратфард. Калісьці буйны транспартны вузел і месца дыслакацыі найвялікшых у свеце докаў, з ліквідацыяй прамысловай зоны Стратфард спазнаў запусценне і 20-працэнтнае беспрацоўе.
 
Алімпійскі Лондан: у чаканні свята і калапсу
2005 год, Лондан. Трафальгарская плошча святкуе перамогу сталіцы ў конкурсе на права прыняць летнюю Алімпіяду-2012. Фота: Adrian Dennis/AFP/Getty via Imagesbahighlife.com
 
У 2008-м лейбарыст Лівінгстон прайграў гарадскія выбары, і асноўная адказнасць за падрыхтоўку Гульняў лягла на плечы ягонага пераемніка - кансерватара Барыса Джонсана. Лонданскі аргкамітэт па правядзенні Алімпійскіх гульняў ачоліў выбітны ў мінулым бягун на сярэднія дыстанцыі лорд Себасцьян Коэ. Менавіта з ягонай постаццю спецыялісты звязваюць паспяховую падрыхтоўку сталіцы да Гульняў, пацверджаную дзесяццю візітамі прыёмачнай камісіі МАК.
 
Але пачыналася ўсё даволі марудна. У кастрычніку 2006 Джэк Лэмлі, кіраўнік арганізацыі Olympic Delivery Authority, адказнай за падрыхтоўку алімпійскай інфрастуктуры, падаў у адстаўку. Ён сцвярджаў, што ўлады завальваюць падрыхтоўку да Гульняў, бо за 15 месяцаў ад моманту перамогі ў конкурсе МАК будаўнічыя работы на асноўных аб’ектах так і не пачаліся…
 
Другое жыццё Іст-Энда
 
На жаль, спартовыя аб’екты - не сярэднявечныя замкі. Яны мусяць быць функцыянальныя і перадусім адпавядаць сучасным патрэбам грамадства. Менавіта таму, напрыклад, ніводная з лонданскіх арэн Гульняў-1908 не датрывала да нашых дзён. Велічны “Уайт-Сіці” зруйнавалі ў 1985. Галоўную арэну Гульняў-1948 – стадыён “Уэмблі” - таксама знеслі да падмурку і адбудавалі наноў. Адзіная гістарычная пляцоўка, якая дасюль застаецца ў такім-сякім ужытку – алімпійскі велатрэк 1948 года Херэнт-Хіл на поўдні Лондана.
 
Таму больш за палову асноўных арэнаў Алімпіяды-2012 у сталіцы вырашылі будаваць з нуля. Перамога алімпійскай заяўкі Лондана запаліла зялёнае святло перад аўтарамі праекта пабудовы ў Стратфардзе Алімпійскага парка і рэгенерацыі ўсходняй часткі мегаполіса.

Алімпійскі Лондан: у чаканні свята і калапсу
2006 год, Лондан. Стратфард у пачатку будаўніцтва Алімпійскага парку. Фота: Getty Images via cnn.com
 
Дзівосны Алімпійскі парк, які ўключае ў сябе 80-тысячны Алімпійскі стадыён, цэнтр водных відаў спорту, баскетбольную арэну, велапарк і Алімпійскую вёску, вырас на месцы сметнікаў і пустыроў. Ягоная тэрыторыя складае 306 гектараў (3.06 км2), а пабудова заняла шэсць год. Агульны памер капіталаўкладанняў – 7 млрд фунтаў.
 
Пасля завяршэння Гульняў Алімпійскі парк ператвораць у адзін з найбуйнейшых у Еўропе гарадскіх паркаў, адна з задач якога – аднаўленне мясцовай флоры і фаўны. Алімпійскую вёску на 17 тысяч чалавек мадыфікуюць у 3600 кватэр. Спартыўныя аб'екты стануць адкрытыя для мясцовых спартклубаў і таварыстваў. Высокатэхналагічная камунікацыйная інфраструктура пяройдзе ў спадчыну новаму ўніверсітэту, які будзе спецыялізавацца на спартовай навуцы, лічбавых медыях і “зялёных” тэхналогіях.
 
Алімпійскі Лондан: у чаканні свята і калапсу
2012 год, Лондан. Алімпійскі парк за месяц да адкрыцця Гульняў. Фота: AP via daylife.com

Цягам наступных 20 гадоў у Стратфардзе плануецца пабудаваць 11000 жылых дамоў, комплекс офісаў і гатэляў, грамадскія і муніцыпальныя установы. З улікам гэтага эксперты ў сферы нерухомасці называюць гэты раён надзвычай перспектыўным месцам для капіталаўкладання. Гэтак, ужо сёння мінімальны кошт дома з двума спальнямі складае 200 тысяч фунтаў.
 
Праведзенае ў 2005 годзе Асацыяцыяй лонданскіх урадаў даследаванне паказала, што 68% лонданцаў вераць, што Гульні прынясуць гораду карысць ў доўгатэрміновай перспектыве. Паводле іншага апытання ўзору лета 2011, толькі 48% лонданцаў выказвалі падобны аптымізм.
 
“Як там алімпійскі Лондан?”
 
З набліжэннем Гульняў мне ўсё часцей выпадае адказваць на гэтае пытанне.
 
Алімпійскі Лондан: у чаканні свята і калапсу
Алімпійскае аздабленне Оксфард-стрыт. Фота: Кастусь Лашкевіч.
 
Алімпіяда – надзвычайная падзея, раўназначная 26 чэмпіянатам свету, адначасова арганізаваным на 32 спартовых арэнах Вялікабрытаніі. Яе подых адчуваецца паўсюль. У кнігарні загадзя паступіў россып новых выданняў, прысвечаных алімпійскай гісторыі. На лонданскіх тэатральных падмостках сёлета адбылася прэм’ера спектакля “Вогненныя калясніцы”, пастаўленага паводле аднайменнага оскараноснага фільма пра лёс двух легендарных брытанскіх алімпійцаў – Чарльза Лідэла і Харальда Абрахамса. Брытанскія СМІ актыўна распавядаюць пра падрыхтоўку горада да Гульняў. Для аматараў гісторыі распрацаваны адмысловы машрут па мясцінах Алімпіяды-1908. Лішне казаць пра неймаверную колькасць сувенірнай прадукцыі з алімпійскай сімволікай і адпаведнае аздабленне вуліц.
 
Аднак маштаб Алімпіяды ў свядомасці сярэднестатыстычнага лонданца меншы, чым у жыхара любой іншай
Алімпійскі Лондан: у чаканні свята і калапсу
Графіці на адной з лонданскіх вуліц. Фота: Кастусь Лашкевіч.
алімпійскай сталіцы. І вось чаму.
 
Штогод у Лондане адбываецца 32 тысячы канцэртаў, 17 тысяч тэатральных прадстаўленняў, 200 фэстаў. У горадзе больш за 100 тэатраў, 105 кінатэатраў, 22 нацыянальныя музеі і 200 лакальных. Лондан не ўваходзіць у дзясятку буйнейшых гарадоў у свеце, але пры гэтым ўпэўнена лідзіруе паводле колькасці міжнародных наведвальнікаў. 15,3 млн замежнікаў трапляе сюды штогод, і гэта амаль ўдвая больш, чым паказчыкі Парыжа ці Нью-Ёрка. Лонданцы размаўляюць амаль на 300 мовах – і гэта таксама першы паказчык у свеце. Іншымі словамі, Лондан – самы міжнародны горад на Зямлі…
 
У снежні 2006 карпарацыя BBC абнародавала вынікі сацыялагічнага апытання, праведзенага кампаніяй Ipsos MORI.  Згодна з імі, 69% лонданцаў падтрымлівалі правядзенне Гульняў у сталіцы. Улетку 2011-га гэта лічба дасягнула 73%. Разам з тым, вынікі аднаго з апошніх вывучэнняў грамадскай думкі (красавік 2012, даследаванне ComRes) засведчылі абыякавасць амаль паловы гараджанаў да найбуйнейшай сусветнай падзеі чатырохгоддзя. Гэтак, 48% лонданцаў адзначылі, што “не захопленыя” Гульнямі, і толькі 42% сказалі, што чакаюць іх з нецярпеннем.
 
Ці транспартны калапс непазбежны?
 
З іншага боку, зразумела, што Алімпіяда не мінецца для лонданцаў незаўважанай, як бы яны да яе не ставіліся. Аргкамітэт распаўсюдзіў амаль 9 млн квіткоў на алімпійскія і яшчэ 2 млн на паралімпійскія спаборніцтвы. Гэта значыць, што высілкамі алімпійскіх турыстаў насельніцтва 8-мільённага горада на Тэмзе можа павялічыцца ўдвая.
 
Найбольш эфектыўны від транспарту ў Лондане – метро. Гэта найстарэйшая ў свеце і другая па велічыні падземка, якая штодня фіксуе блізу 3 мільёнаў паездак. Неад’емны складнік тутэйшага метрапалітэну – затрымкі праз перагружанасць, аварыі і несупынныя рамонтныя работы. Паездка ў метро ў гадзіну пік у Сіці нагадвае гульню “Паспрабуй уціснуцца ў вагон”. У такія моманты задумваешся аб карысці такійскага досведу з супрацоўнікамі-“штурхачамі”. Як было падлічана некалькі год таму, праз затрымкі і аварыі лонданец за год марнуе ў метро 3,5 дні!

Алімпійскі Лондан: у чаканні свята і калапсу
Найстарэйшае ў свеце метро аблепленае сюжэтнымі постэрамі, з дапамогай якіх лонданскія ўлады імкнуцца прадухіліць магчымы транспартны калапс. Фота: artymind.com.
 
Улічваючы гэта, Алімпійскі аргкамітэт і гарадскія ўлады правялі вялікую падрыхтоўчую працу, каб алімпійскае нашэсце не ператварылася ў транспартны калапс. Падобнае здарылася 16 год назад у заакіянскай Атланце.
 
Дэпартамент лонданскага транспарту (ТФЛ) выдаткаваў 6,5 млрд фунтаў на ўдасканаленне транспартнай сістэмы, у асноўным чыгуначных і ліній метро. Мяркуецца, што 80% алімпійскіх наведнікаў будзе перасоўвацца ў Лондане менавіта па рэйках.
 
Асаблівы клопат – пра ўдзельнікаў Гульняў. Паводле планаў арганізатараў, 80% алімпійцаў спатрэбіцца менш за 20 хвілін, каб дабрацца да спартовых арэн. На праезных частках у раёнах знаходжання алімпійскіх аб’ектаў транспартнікі “нарэзалі” адмысловыя “алімпійскія палосы”. Рухацца па іх можа толькі транспарт з алімпійскімі прапускамі. Для ўсіх астатніх выезд на “алімпійку” можа выліцца ў 130 фунтаў штрафу. Прычым, спачатку нароўні з грамадскім транспартам “алімпійскімі палосамі" забаранілі карыстацца і таксі. І толькі пасля пагрозы страйку з боку апошніх, кэбам прадставілі пэўныя прывілеі.
Алімпійскі Лондан: у чаканні свята і калапсу
Алімпійская паласа. Фота: WENN via mirror.co.uk.

Цягам некалькіх месяцаў ТФЛ рассылаў падпісчыкам электронныя паведамленні, у якіх прапаноўвалася наколькі гэта магчыма адмовіцца на час Гульняў ад уласнага аўтатранспарту, а таксама загадзя планаваць кожную паездку. Балазе ўся неабходная інфармацыя дасяжная на адмыслова створаным сайце.
 
Нягледзячы на высілкі ўладаў, згодна з данымі аднаго з апошніх апытанняў, 49,8% лонданцаў непакоіцца, якім чынам яны будуць дабірацца да працы. Другое даследаванне засведчыла упэўненасць 52% рэспандэнтаў, што транспартная сістэма не вытрымае наплыву турыстаў. Многія працадаўцы на час Гульняў уводзяць больш гнуткі працоўны графік і, дзе гэта магчыма, дазваляюць супрацоўнікам працаваць з дому.
 
Залатыя метры
 
Чаканыя транспартныя праблемы разам з пытаннямі бяспекі прымусілі лонданцаў на час Алімпіяды шукаць прыбежышча па-за межамі сталіцы. Гэтак, магчымасць пакінуць мегаполіс у ліпені-жніўні разглядалі чвэрць жыхароў брытанскай сталіцы. 
 
Аднак апроч відавочных праблемаў Алімпіяда – яшчэ і добрая магчымасць зарабіць. Таму многія месцічы вырашылі здаць свае кватэры і цэлыя дамы алімпійскім турыстам.
 
“Мае знаёмыя – сямейная пара за 50, здалі свой чатырохпакаёвы дом у Стратфардзе групе нямецкіх турыстаў за 3 тысячы фунтаў на тыдзень, - распавядае мне Алекс Роблінг, 25-гадовы спецыяліст адной з кампаній у сферы ІТ. – На атрыманыя грошы яны вырашылі ажыццявіць даўнюю мару – падарожжа вакол свету”.
 
Паводле інфармацыі найбуйнейшага ў Брытаніі сайта аб’яваў gumtree.co.uk, цэны на жытло ў Лондане ў ліпені перавысілі леташні паказчык на 445%. У Стратфардзе паасобныя прапановы перасягнулі мінулагоднія ў 30 разоў!
 
Тым часам, блізу 1400 лонданскіх гатэляў усіх тыпаў прапанавалі алімпійскім гасцям турыстам больш за 150 тысяч нумароў. Сярэдні кошт пакоя ў лонданскіх гатэлях ў часе Алімпійскіх гульнях складае 210 фунтаў, што на 26% вышэй, чым летась. Паводле падлікаў экспертаў турыстычнага рынку, Лондан ёсць адзіным з 50 буйнейшых еўрапейскіх гарадоў, дзе кошты на гатэлі ў ліпені падскочылі. Не дзіва, колькасць брытанцаў, якія ў алімпійскі час адведаюць Амстэрдам, Барселону і Дублін, вырасце ў параўнанні з леташнімі паказчыкамі на 63, 59 і 50 працэнтаў адпаведна.
 
Квіткі
 
Алімпійскі Лондан: у чаканні свята і калапсу
Квіткі на алімпійскія спаборніцтвы. Фота: london24.com
Пэўнае расчараванне і халаднаватае стаўленне лонданцаў да Гульняў выклікана яшчэ і тым, што большасць ахвочых не здолелі набыць запаветныя квіткі на алімпійскія спаборніцтвы.
 
75% з 8,8 млн квіткоў распаўсюджваліся ў некалькі этапаў праз афіцыйны сайт Гульняў. Астатнюю чвэрць перадалі ў распараджэнне Нацыянальных алімпійскіх камітэтаў (НАК). Кошты квіткоў вар’ірваліся ад 20 (25% ад усіх квіткоў) да 2012 фунтаў (цырымонія адкрыцця).
 
Арганізатары сцвярджаюць, што ў Брытаніі, дзе махінацыі з квіткамі падпадаюць пад крымінальнае злачынства, ніводзін алімпійскі пропуск не трапіў на чорны рынак. Тым не менш, 57% апытаных лонданцаў перакананыя, што продаж квіткоў быў нячэсным. 31% рэспандэнтаў спрабавалі набыць квіткі ў першым раўндзе продажаў, і толькі 2% з іх спадарожнічала ўдача. 31% з тых, хто шукаў шчасця ў першым раўндзе, удзельнічалі і ў другім, але больш за палову з іх зноў засталіся ні з чым.
 
Паводле іншага, ужо нацыянальнага апытання, больш за тры чвэрці брытанцаў лічаць, што працэс распаўсюду
Алімпійскі Лондан: у чаканні свята і калапсу
Генсек НАК Украіны сышоў у адстаўку праз махінацыі з квіткамі. Фота: PHL.
квіткоў на Гульні быў заблытаны і няправільна арганізаваны ад пачатку да канца
 
Калі на Туманным Альбіёне распаўсюд квіткоў быў строга падкантрольны, то за актыўнасцю НАКаў усачыць не удалося, і тысячы пропускаў у алімпійскі Лондан трапілі ў рукі махляроў. Генсек НАК Украіны Уладзімір Герашчанка нават змушаны быў сысці ў адстаўку пасля гучнага расследавання BBC.
 
НАК Беларусі распродаж вылучаных яму квіткоў не рэкламаваў. Аднак, як паведамляе “Еўрарадыё”, напрыклад, усе “беларускія” білеты на гімнастыку выкупілі жыхары “нейкай вёскі”. Журналісты прыпусцілі, што “вёскай у Беларусі могуць называць і катэджнае паселішча, дзе кожны дом каштуе пад мільён долараў”...
 
Праз натоўп – да марафону
 
Зрэшты, усе, каму не пашчасціла з квіткамі, усё адно маюць шанец пабачыць алімпійскія баталіі ўвачавідкі. Шэраг відаў праграмы – марафонскі бег і заплыў, спартовая хадзьба, шасэйныя велагонкі - пройдуць наўпрост на вуліцах і ў парках Лондана.
 
Найбольшы інтарэс, відавочна, выкліча марафон. Рэч у тым, што менавіта ў на Гульнях-1908 у Лондане марафонская дыстанцыя набыла звычайную сёння працягласць 42 км 195 м. Драматычная развязка таго забегу з удзелам 23-гадовага італьянскага кандытара Даранда Піетры назаўжды атрымала прапіску ў алімпійскім летапісе. З нагоды трэціх лонданскіх Гульняў бібліятэчна-архіўная ініцыятыва нават выдала ў помач школьным настаўнікам адмысловы дапаможнік, прысвечаны гістарычнаму алімпійскаму марафону.
 
Дакументальныя кадры алімпійскага марафона 1908 г. 

Сёлетнія 42 км 195 м парушаць традыцыйны алімпійскі маршрут (калі старт і фініш – на стадыёне), але пройдуць паўз многія з лонданскіх славутасцяў. Мяркуецца, што яго гледачамі могуць стаць да 1,5 мільёна чалавек. Аднак, як выявіла газета The Sunday Times, месцы ўздоўж трасы ёсць толькі для 150 тысяч.

 “Сунуцца ў Сіці падчас масавых мерапрыемстваў падобна да самагубства, - дзеліцца са мной Джэймс, які жыве ў сталіцы апошнія пяць год. – 90%, што вы нічога не пабачыце, змарнуеце час і сапсуяце настрой”.
 
Пераканацца ў слушнасці гэтых слоў мне давялося падчас нядаўняга святкавання Брыльянтавага юбілею каралевы. У дзень відовішчнага воднага параду ўсе магчымыя глядзельныя зоны вакол Тэмзы былі занятыя за многа гадзін да пачатку, а ўсе прылеглыя кварталы папросту перакрытыя паліцыяй.
 
Не спортам адзіным
 
21 чэрвеня афіцыйна стартаваў фестываль “Лондан-2012”, які ёсць заключным этапам чатырохгадовай Культурнай Алімпіяды. Цягам 12 тыдняў на 900 пляцоўках Вялікабрытаніі адбудзецца 12 тысяч прадстаўленняў з удзелам 25 тысяч музыкаў, актораў, танцораў, мастакоў, дызайнераў – прадстаўнікоў усіх 204 краінаў-удзельніцаў гульняў. Беларусь на культурніцкім форуме рэпрэзентаваў Свабодны тэатр, што прадставіў на фестывалі Globe to Globe шэкспіраўскага "Караля Ліра" па-беларуску.
 
Фінальны рахунак
 
У 2005 прадстаўнікі Лондана заяўлялі, што Алімпіяда абыдзецца Вялікабрытаніі ў 2,5 млрд фунтаў (4 млрд долараў). Насамрэч жа спатрэбілася сума, амаль ў чатыры разы большая - 9,5 млрд фунтаў ($15 млрд). Такім чынам, лонданскія Гульні выходзяць на другое месца пасля Пекіну ($40 млрд) ў спісе самых дарагіх Алімпіяд у гісторыі.
 
Алімпійскі Лондан: у чаканні свята і калапсу
Бюджэт лонданскай Алімпіяды. Інфаграфіка: "Прессбол"/pressball.by

Падаючы алімпійскую заяву, лорд Коэ і К спадзяваліся выйсці ў выніку на станоўчае сальда. Цяпер пра гэта не можа быць і гаворкі. Не дапаможа і беспрэцэдэнтны закон “Аб Лонданскіх Алімпійскіх і Паралімпійскіх гульнях" 2006 года, што выклікаў шквал абурэння у брытанскім грамадстве. Дакумент, які надае выключныя прывілеі карпарацыйным спонсарам Гульняў – асноўным напаўняльнікам арганізатарскага бюджэту, - забараняе, напрыклад, ужываць нават ў дабрачынных мэтах алімпійскія кольцы, дэвіз, лагатып, талісманы, а таксама камбінацыі словаў “Алімпіяда”, “Гульні”, Дзве тысячы дванаццаць”, “2012”, “золата”, “срэбра”, “бронза”, спорнсары”, “летнія”...
 
“Алімпіяда ў чарговы раз прадэманструе, што Вялікабрытанія ёсць краінай, дзе свабода слова ўсхваляецца ў тэорыі, але душыцца на практыцы… Толькі гэтым разам увесь свет будзе назіраць, як мы дазваляем неталерантным людзям даводзіць дробныя праявы цэнзуры да рэкорднай крайнасці, - напісаў журналіст лонданскай Daily Mail Нік Коэн - У 2005-м Брытанія пахвалялася тым, што заваявала Алімпіяду. Калі гульні пачнуцца, стане зразумела, што Алімпіяда і карпаратыўныя спонсары заваявалі Брытанію”.
 
***
 
Алімпійскі Лондан: у чаканні свята і калапсу
Сцягі краінаў-удзельніц Алімпіяды на фешэнэбельнай Рыджэнт-стрыт. Фота: Кастусь Лашкевіч.

Над Рыджэнт-стрыт лунаюць сцягі ўсіх 204 краінаў-удзельцаў Алімпіяды-2012. З адкрыццём 16 ліпеня Алімпійскай вёскі горад пачаў напаўняцца галоўнымі героямі гэтага лета. Да асноўнага старта чатырохгоддзя яшчэ дзесяць дзён, але адну перамогу гаспадары ўжо здабылі. Упершыню ў гісторыі брытанцы дамагліся, каб усе 193 краіны-чальцы ААН падпісалі рэзалюцыю, якая заклікае да планетарнага замірэння на час Гульняў. Ці ва ўсіх хопіць мужнасці вытрымаць слова, мы дазнаемся ў самы бліжэйшы час.
 
Паспяховых табе Гульняў, Лондан!

←Hay un camino: Выход — есть!

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика