Апошні акорд беларуска-нямецкай сюіты
У апошнім матчы групавога этапу Лігі чэмпіёнаў БАТЭ саступіла "Баварыі" з буйным лікам 1:4. Зрэшты, гэты вынік ужо ні на што не ўплываў, але, напэўна, "жоўта-сінія" хацелі перайсці ў Лігу Еўропы ў больш прыўзнятым настроі.
Паўабаронца БАТЭ Аляксандр Глеб бескампрамісна ацаніў дзеянні сваёй каманды: "Згулялі дрэнна. Пачалі няважна, дапускалі шмат памылак. Баяліся саперніка. Калі прааналізаваць чатыры прапушчаныя галы, то гэта — страшны сон. Самі сабе прывезлі. Штораз прысутнічаў ланцужок памылак: дзесьці — у абароне, дзесьці — у перадачы. Нават не памятаю, ці бываў я раней ў сітуацыі, калі каманда, якая гуляла ў большасці, прапусціла два галы".
Дарэчы, па меркаванні Віктара Ганчарэнкі, яго падапечныя разгубіліся пасля выдалення з поля абаронцы "Баварыі" Боатэнга ў самым пачатку другога тайма. Зараз складана ўявіць, што меў на ўвазе трэнер, але пасля гэтага выпадку характар дзеянняў абедзвюх каманд сапраўды змяніўся. Футбалісты сталі злоўжываць гульнёй "на другім паверсе", і мацнейшымі тут аказаліся мюнхенцы, якія канчаткова расхісталі абарону сваіх сапернікаў і амаль прымусілі барсаўчан дастаць белы сцяг.
Гэтаму "амаль" не дазволіў здарыцца гол прэстыжу ў выкананні Ягора Філіпенкі. За хвіліну да заканчэння асноўнага часу абаронца БАТЭ сумеў-такі прарвацца ў штрафную нямецкай каманды і нанесці філігранны ўдар. Як бы ні было сумна беларускім заўзятарам, падтрымка якіх, дарэчы, вельмі ўразіла на "Альянц-Арэне", менавіта барысаўчане сталі аўтарамі апошняга акорда ў беларуска-нямецкай сюіце.
Ужо ў наступным годзе БАТЭ будзе змагацца ў плэй-оф Лігі Еўропы. Застаецца толькі дачакацца лёсавання, якое адбудзецца 20 снежня ў швейцарскім Ньёне, і спадзявацца, што навагоднія канікулы ўдыхнуць свежасці ў падапечных Віктара Ганчарэнкі.
Дарына ЗАПОЛЬСКАЯ.