Старт чвэрцьфіналаў: разгром "Інтэра" і "Тотэнхэма"
У сераду прайшлі два чвэрцьфінальныя матчы Лігі чэмпіёнаў. Уладальнік мінулагодняга трафея італьянскі "Інтэр" быў разгромлены на сваім стадыёне "Шальке-04" 2:5. А "Рэал" у Мадрыдзе разграміў англійскі "Тотэнхэм" — 4:0.
Прагныя да перамог "вяршковыя", якія не маглі выйсці ў чвэрцьфінал галоўнага клубнага турніру Еўропы апошнія сем гадоў, ірванулі з месца ў кар'ер — цяпер буйная перамога над "Тотэнхэмам" амаль вырашае праблему выхаду ў паўфінал. Адзін з ключавых момантаў матча здарыўся на 15-й хвіліне, калі за падкат з поля быў выдалены адзіны форвард "Тотэнхэма" Пітэр Краўч. Пасля гэтага госці дазвалялі "Рэалу" атакаваць столькі, колькі ён хацеў, зрэдку агрызаючыся ў адказ. У "Рэала" дублем вызначыўся Адэбаёр, потым быў гол Дзі Марыі. І калі дагэтуль англічане яшчэ неяк падавалі прыкметы супраціўлення, то пасля таго, як лік стаў 3:0, канчаткова паніклі. І былі дабітыя за тры хвіліны да канца асноўнага часу Крышціяну Раналду — 4:0.
У пары "Інтэр" — "Шальке-04" фаварытам можна было лічыць італьянцаў. "Ітэрнацыянале" пачаў як сапраўдны фаварыт: ужо на першай хвіліне голам вызначыўся Дзеян Станкавіч. А ў выніку каманда Леанарда была вымушана пяць разоў даставаць мяч з сеткі ўласных варот, адказаўшы толькі голам Дзіега Міліта. Лік мог быць і большым, калі б італьянцаў не выратоўвала штанга пасля ўдараў Хурада і Фарфана. Але перавага ў пяць мячоў цалкам задавальняе гасцей перад паядынкам у адказ у Гельзенкірхене 13 красавіка.
Алена АЎЧЫННІКАВА.