Віктар Ганчарэнка: "Мы прадугледзелі ўсё што можна: цёплае адзенне, сагравальныя мазі"

Источник материала:  

Сёння ў 22 гадзіны на мінскім стадыёне "Дынама" павінен пачацца гістарычны матч паміж барысаўскім БАТЭ і кіеўскім "Дынама". Наколькі гэта прынцыповае супрацьстаянне, лішні раз казаць не трэба. Дастаткова ўзгадаць першы паядынак у Кіеве, які скончыўся крыўднай для дынамаўцаў нічыёй. Тады капітан украінскага клуба, ураджэнец Мінска, які змяніў грамадзянства, Арцём Мілеўскі ў пасляматчавым інтэрв'ю не ўстрымаўся ад мату — маўляў у Мінску мы вам яшчэ пакажам, паабяцаў тады футбаліст. І сапраўды, цікава паглядзець, што падрыхтавала нам кіеўскае "Дынама". А пачалося ўсё з бяскрыўднай на першы погляд заявы ў прэсе нашага абаронцы Ігара Шытава пра тое, што кіеўскае "Дынама" цяпер не тое, што раней... За гэта футбаліста адразу неўзлюбілі ўкраінскія журналісты і асабліва футбалісты, увагу якіх падчас першага матча вельмі адцягвала наяўнасць на полі Шытава уласнай персонай. Матч у адказ абяцае, відаць, таксама шмат цікавага.

Віктар Ганчарэнка: "Мы прадугледзелі ўсё што можна: цёплае адзенне, сагравальныя мазі"Але сюрпрызаў нам трэба чакаць не толькі ад суперніка. У надвор'я свой каляндар, які, здаецца, не супадае з футбольным. На чацвер сіноптыкі абяцаюць да -17 днём, праўда, ўвечары маразы аслабнуць да -12— -15. Плюс снег і нават завіруха. Як паведамляе афіцыйны сайт БАТЭ, перанос гульні можа адбыцца менавіта пры -15. За гадзіну да гульні вымяраецца тэмпература на полі, і, калі яна ніжэй, чым -15, абедзве каманды павінны даць згоду на гульню. Калі адна з каманд гуляць не хоча, паядынак пераносіцца. Вырашальнае слова будзе за галоўным рэферы матча іспанцам Сесарам Мунісам Фернандэсам. А яму, у адрозненне ад акліматызаваных гульцоў, мяркуем, прыйдзецца падчас гульні няпроста.

Але наша каманда хоча гуляць пры любым надвор'і! Вось што сказаў Віктар Ганчарэнка напярэдадні матча:

— І для мяне, і для каманды, і для балельшчыкаў, мяркую, важна, каб мы згулялі. Хацелася, каб матч быў не так позна, але гуляць трэба.

Тое, што вялікаму футболу нават у маразы ў Мінску быць, сведчыў учора раніцай і сам стадыён "Дынама". Пад вясёлую музыку снег на газоне і трыбунах няспешна расчышчалі салдаты ўнутраных войск. Вось толькі ці не спалохае такое надвор'е нашага балельшчыка? Усё ж такі правесці дзве гадзіны на марозе не кожны адважыцца.

Кіеўскае "Дынама" першапачаткова планавала прыбыць у Мінск за дзень да матча і правесці трэніроўку на нашым стадыёне. Але маразы спынілі зорную каманду. Трэніроўку яна правяла на сваёй базе ў Конча-Заспе, і толькі пасля, у восем гадзін вечара, вылецела чартарным рэйсам у Мінск.

Як наш клуб гатовы да прынцыповага паядынку і экстрэмальнага надвор'я, напярэдадні матча журналістаў праінфармаваў галоўны трэнер БАТЭ Віктар Ганчарэнка:

— Лічу, што заўсёды мы рыхтуемся да міжнародных матчаў з прыўзнятым настроем. Матывуюць і ўзровень турніру, і ажыятаж, і супернік. Ведаю, што ўмеем мы абстрагавацца ад рэчаіснасці (два апошнія матчы — у чэмпіянаце супраць "Шахцёра" і ў Кубку Беларусі супраць брэсцкага "Дынама" — барысаўчане прайгралі. — Рэд.). Спадзяюся, будзем у баявым настроі.

— Віктар Міхайлавіч, каб заняць першае месца, вам дастаткова згуляць па ліку...

— Не магу прыпомніць, каб калі-небудзь мы настройвалі каманду гуляць унічыю ці па ліку. Мы заўсёды гуляем на перамогу.

— Як каманды і медыцынскі штаб падрыхтаваліся да ўмоў крайняй поўначы?

— Лічу, што мы прадугледзелі ўсё, што можна: і цёплае адзенне, і сагравальныя мазі, і поле, каб яно было добрай якасці, і трэніроўкі вар'іруем так, каб не замерзнуць, але падыхаць гэтым марозным паветрам. Лічу, што з нашага боку зроблена ўсё магчымае.

— Хто ў матчы будзе стаяць на апошнім рубяжы абароны?

— Гутар, хоць і Верамко трэніруецца. Але яму хутчэй за ўсё прыдзецца-такі рабіць аперацыю. Траўма локця перыядычна непакоіла яго, пачынаючы з мінулага сезона. Ён трываў, трываў, але калі гулец адчувае дыскамфорт, з гэтым трэба нешта рабіць.

— Ні да аднаго з еўракубкавых матчаў каманда яшчэ не рыхтавалася на такім негатыўным эмацыянальным фоне — пасля двух запар паражэнняў...

— Становішча нязвыклае, я і гульцам казаў, што два паражэнні запар — мнагавата для нас. Але гэта было восенню, а ў нас зараз зіма, так што забыліся пра гэта. Мы ўмеем перастройвацца.

— У Мінску вечарам чакаецца да мінус 15. Вам, як футбалісту ў мінулым, прыходзілася самому выступаць у такіх умовах?

— І мы, і супернік у аднолькавых умовах. Гуляць, вядома ж, прыходзілася, і трэніравацца. Асабліва ў падрыхтоўчы перыяд, калі надвор'е прыкладна такое ж.

— Няма боязі наконт стану дынамаўскага газону?

— Поле таксама будзе аднолькавае і для нас, і для суперніка. Хацелася б, каб яно было добрай якасці. Першы матч у Кіеве адбыўся на выдатным газоне, мы павінны адказаць тым жа.

— Вы гатовы да таго, што на матч з-за маразоў можа прыйсці значна менш балельшчыкаў, чым звычайна?

— Паводле інфармацыі, якую я маю, балельшчыкаў чакаецца якраз-такі больш, чым на матчах з АЗ і "Шэрыфам".

— Пасля атрымання пуцёўкі ў стадыю плэй-оф прынцыповасць гэтага паядынку не страцілася?

— Матч ніяк нельга назваць звычайным. Той ажыятаж, які мы адчуваем нават сярод нашых знаёмых, не дасць нам аднесціся спусціўшы рукавы. Улічваючы і турнір, і суперніка, матывацыя ў камандзе адпаведная.

— Першы паядынак вы гулялі супраць Валерыя Газаева. Якія змены заўважылі ў камандзе з прыходам Алега Лужнага?

— Татальных перамен не заўважыў, у тым ліку і ў складзе гульцоў.

— Чаму не Шытаў прыйшоў на сённяшнюю прэс-канферэнцыю?

— Ён павінен акумуляваць энергію на заўтрашні матч.

Паўабаронца БАТЭ Арцём Канцавы расказаў, чаго чакаюць ад матчу гульцы:

— Арцём, каманда праводзіць фантастычны сезон. Адкуль у гульцоў сілы на такую колькасць матчаў?

— Нас выдатна рыхтуе і трэнерскі штаб, і медперсанал.

— Пасля пройгрышу ў Кубку Віктар Міхайлавіч раскрытыкаваў каманду, якая, паводле яго выказвання, усё яшчэ ў кавярні адзначае чэмпіёнства. Вас гэта не пакрыўдзіла?

— Не. Мы па традыцыі адзначылі чэмпіёнства, але пасля прыступілі да працы.

— Арцём, вы назіралі, як на стадыёне ўбіраюць снег. На такім полі гуляць будзе нашмат складаней?

— Так, я спецыяльна паглядзеў, што ўяўляе зараз газон. Зразумела, што матч атрымаецца не такім, як у Кіеве, будзе шмат барацьбы.

— Мілеўскага ў камандзе асабліва чакаюць?

— Не сказаў бы, хіба што Ігар Шытаў.

Алена АЎЧЫННІКАВА.

←План на Цюрих

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика