СПОРТ-ТАЙМ
Беларуска Вікторыя Паўловіч выйграла золата асабістага турніру на чэмпіянаце Еўропы па настольным тэнісе. Ён завяршыўся ў выхадныя ў чэшскім Остраве. У фінальным паядынку Вікторыя ўзяла верх над Лю Цзя з Аўстрыі — 4:3. У мужчынскім адзіночным разрадзе лідар беларускай зборнай Уладзімір Самсонаў выбыў на стадыі чвэрцьфіналу і застаўся без узнагарод. Нагадаем, што раней у камандным турніры мужчынская зборная Беларусі стала сярэбраным прызёрам, саступіўшы золата камандзе Германіі, а жаночая дружына нашай краіны стала ўладальнікам бронзы кантынентальнага першынства.
У Новікавай — сераброНаша цяжкаатлетка Анастасія Новікава заваявала серабро ў суме дваябор'я на чэмпіянаце свету па цяжкай атлетыцы, які праходзіць у Турцыі. Яна заняла другое месца ў вагавай катэгорыі да 58 кг. Па суме двух практыкаванняў Анастасія паказала вынік 233 кг (рывок — 103 кг, штуршок — 130 кг). Чэмпіёнкай свету стала кітаянка Дэн Вэй — 237 кг (102+135).
Беларусы прайгралі славакам у Кубку ДэвісаБеларускія тэнісісты выбылі ў другую групу Еўра-Афрыканскай зоны Кубка Дэвіса. Яны прайгралі вырашальны матч славакам з лікам 1:4.
Нагадаем, што 17 верасня Уладзімір Ігнацік выйграў у другой ракеткі гасцей Марціна Кліжана — 7:6, 6:2, 6:2, а другі нумар беларусаў Сяргей Бетаў саступіў лідару славакаў Лукашу Лацко. На наступны дзень у парнай сустрэчы Максім Мірны і Уладзімір Ігнацік прайгралі Міхалу Мерцінаку і Філіпу Палашаку — 6:7, 6:7, 6:3, 6:4, 4:6. У нядзелю Уладзімір Ігнацік прайграў Лукашу Лацко — 1:6, 6:3, 1:6, 7:6, 4:6. У пятым паядынку, які ўжо не меў турнірнага значэння, наш другі нумар Сяргей Бетаў прайграў другому нумару славакаў Марціну Кліжану — 6:7, 2:6.
"Партызан" не здаўся БАТЭУ матчах 25 тура чэмпіянату краіны па футболе адбыліся дзве нечаканасці: мінскае "Дынама" было разгромлена "Шахцёрам", а БАТЭ ўнічыю згуляў з "Партызанам". Сталічнае "Дынама" саступіла прамому канкурэнту ў медальнай барацьбе салігорскаму "Шахцёру" — 3:0. Лідар чэмпіянату барысаўскі БАТЭ таксама страціў ачкі ў барацьбе з аўтсайдарам "Партызанам" — 1:1. "Мінск" перайграў "Нёман" 2:0 і наблізіўся ў турнірнай табліцы да барысаўчан. Абласное дэрбі паміж "Дняпром" і "Белшынай" скончылася мірна — 1:1. "Нафтан" перайграў брэсцкае "Дынама" 1:0.
Турнірнае становішча: БАТЭ — 55 ачкоў (24 гульні), "Мінск" — 51 (25), "Шахцёр" — 48 (25), "Дынама" (Мінск) — 43 (24), "Белшына" — 37 (25), "Нафтан" — 33 (25), "Днепр" — 32 (25), "Дынама" (Брэст) — 32 (25), "Віцебск" — 22 (25), "Тарпеда" — 20 (25), "Нёман" — 18 (25), "Партызан" — 15 (25).
Гурэнка дыскваліфікаваныПасяджэнне дысцыплінарнага камітэта Беларускай федэрацыі футбола, разгледзеўшы інцыдэнты, якія адбыліся падчас матчаў 24-га тура вышэйшай лігі чэмпіянату краіны, вынесла некалькі суровых рашэнняў. Жодзінскае "Тарпеда", якое змагаецца за захаванне прапіскі ў элітным дывізіёне, чатыры бліжэйшыя матчы правядзе без свайго галоўнага трэнера Сяргея Гурэнкі, які, акрамя таго, аштрафаваны на 50 базавых велічынь. Такі кошт нястрыманасці трэнера, які 12 верасня пасля хатняга паядынку, прайгранага салігорскаму "Шахцёру" (0:1), накінуўся на мінскага рэферы Нікіту Пырэева, які не прызначыў у вароты салігорцаў пенальці. Пасля матчу Гурэнка і яго асістэнт зневажалі судзейскую брыгаду, а ў падтрыбунным памяшканні галоўны трэнер тарпедаўцаў пагражаў і фізічнай расправай. А на дэсерт трэнер жорстка раскрытыкаваў арбітраў на пасляматчавай прэс-канферэнцыі.
Алена АЎЧЫННІКАВА.