"Я задаволены гульнёй сваёй каманды"
На мінулым тыдні хакейны клуб "Дынама-Мінск" здзівіў сваімі нечаканымі поспехамі на старце новага сезона КХЛ. Такіх вынікаў чакалі хіба толькі самыя аптымістычныя аматары хакея. Новае становішча каманды ў турнірнай табліцы — не ў канцы спісу, а ў самым яго пачатку, пад нумарам адзін — прыемна парадавала ўсіх. Дынамаўцы правялі цяжкую серыю выязных матчаў: за тыдзень хакеісты некалькі разоў мянялі гадзінны пояс, і за апошнюю перамогу змагаліся ў далёкім Хабараўску. Цяпер каманду чакаюць хатнія сустрэчы ў "Мінск-Арэне". Сваімі ўражаннямі ад набытых перамог і спадзяваннямі на новыя з карэспандэнтам "Звязды" падзяліўся галоўны трэнер "Дынама" Марак СІКОРА.
— Пан Сікора, ці чакалі вы на выездзе такога поспеху ад сваёй каманды?
— Спорт — гэта не прамысловасць, у якой можна нешта планаваць. Спачатку хацелася атрымаць дзве перамогі, а атрымалася тры. Гэта цудоўна, таму я задаволены.
— Атрыманыя перамогі — гэта хутчэй шчаслівая выпадковасць ці заканамернасць?
— Ніякіх выпадковасцяў быць не можа, бо мы ігралі сапраўды добра.
— Што адчувае трэнер, калі яго каманда атрымлівае перамогу за перамогай?
— Трэнер шчаслівы, трэнер усміхаецца. Але адначасова я разумею, што такія поспехі не могуць паўтарацца з матча ў матч. І трэнер, і хакеісты павінны быць рэалістамі: крыху радавацца, крыху сумаваць. Усяго ў меру.
— Ці можаце вы сказаць, што знайшлі патрэбны падыход да хакеістаў?
— Я думаю, што так. Апошнім часам у мяне няма праблем, асабліва з тымі, хто размаўляе па-руску. І хакеісты таксама ўжо зразумелі, які я чалавек. Я не пытаюся ў іх, задаволены яны мной ці не — мяне гэта не цікавіць. Я на іх гляджу як на каманду прафесіяналаў, у якіх са мной адна мэта.
— "Дынама" сапраўды выглядала ўпэўнена на лёдзе. Ці ўсё атрымалася з вашага пункту гледжання? Над чым яшчэ трэба працаваць?
— Працаваць яшчэ трэба вельмі шмат. Напрыклад, мы апошнія ў рэалізацыі большасці на пляцоўцы. Зразумела, гэта вельмі дрэнны паказчык. Трэба хутчэй рэагаваць на сітуацыю, больш кідаць па варотах. Многія каманды забіваюць менавіта ў большасці. Але мы над гэтым працуем, у нас ёсць вялікі рэзерв.
— Ці можаце вы адзначыць гульню якіх-небудзь асобных хакеістаў?
— Выбачайце, але я гэтага не зраблю. Мы робім свае вынікі ўсёй камандай, а не асобнымі хакеістамі. Ды і не хацелася б абмяркоўваць іх на старонках СМІ.
— Калі пасля такога паспяховага старту патрабаванні да каманды павысяцца, як вы адрэагуеце?
— Вядома, ад гэтага павялічваецца адказнасць і мая, і хакеістаў. Гэта нармальна. Я разумею, што ўсе хочуць толькі перамогі.
— Наступная сустрэча вашай каманды з чэмпіёнам мінулага сезона "Ак Барсам". Які настрой на гэты матч?
— Лепш за ўсё пасля серыі перамог сустракацца менавіта з моцнай камандай, таму што пераможны настрой ужо створаны. Мне не трэба неяк дадаткова рыхтаваць хакеістаў — яны і самі цудоўна разумеюць, што значыць матч з "Ак Барсам". Я наадварот больш асцерагаюся гульняў з тымі камандамі, над якімі ўсе чакаюць перамогі. Гэта расслабляе.
— Які хакей чакаеце ўбачыць сёння?
— Мая філасофія вельмі простая: калі хочаш выніку, трэба добра дзейнічаць у абароне. Супраць "Ак Барса" тое ж самае. Гэта датычыцца не толькі нашай зоны — усе павінны ведаць, дзе і як лепш сыграць. І, вядома, контратака. Мы будзем спрабаваць зноў развіваць гульню па гэтай схеме.
Аляксандра ПАРАХНЯ.