Ігар Гурыновіч: "І італьянцы, і англічане гулялі ў нейкі аднолькавы, нецікавы футбол"
Услед за віцэ-чэмпіёнамі — французамі дадому адпраўляюцца і дзейныя чэмпіёны італьянцы. Іх ганьба была без біцця посуду, таму і не такой гучнай. Тым не менш, дзве нічыіх (з Новай Зеландыяй і Парагваем) і пройгрыш у адным з самых прыгожых сваёй канцоўкай матчаў чэмпіянату свету славакам (2:3) пакінуў "скуадру адзуру" на апошнім месцы ў групе. Цяпер дакладна — сёлетні мундыяль падорыць свету новага чэмпіёна. У той жа час Парагвай з Новай Зеландыяй згулялі ўнічыю — 0:0, і каманда, якую перад пачаткам турніру ніхто ўсур'ёз не ўспрымаў, а гэта зборная Новай Зеландыі адпраўляецца дадому непераможанай. Парагвай і Славакія — у плэй-оф.
З першага месца ў групе Е выходзіць у накаўт-раўнд каманда Галандыі. Яе і да еўрапейскіх фаварытаў перад пачаткам турніру не спяшаліся адносіць, тым часам, вынік выдатны: тры гульні — тры перамогі. Апошняя — над Камерунам, які ў развітальным матчы імкнуўся бразнуць дзвярыма, аднак атрымалася 2:1 на карысць "аранжавых". Другую пуцёўку ў 1/8 атрымалі японцы. Яе лёс вырашаўся ў матчы Японія — Данія, які азіяцкая каманда выйграла — 3:1. Такім чынам, у 1/8 Галандыя згуляе са Славакіяй (28 чэрвеня), а Японія з Парагваем (29 чэрвеня).
Падзеі чэмпіянату свету мы абмеркавалі з чэмпіёнам СССР-82 у складзе мінскага "Дынама" Ігарам Гурыновічам.
— Ігар Мікалаевіч, пачнём з ціхага (у параўнанні з французамі), але ганебнага правалу італьянцаў. У выпадку з "трохкаляровымі" ўсе вінавацяць галоўнага трэнера. Хто вінаваты ў правале хлопцаў у сініх футболках?
— Зборная Італіі была прадстаўлена на турніры гульцамі розных узростаў. Ліпі ўзяў на яго погляд наймацнейшых. Але я мяркую, што асабліва ў лініі атакі ў Афрыку прыехалі не наймацнейшыя італьянскія футбалісты. Да таго ж, каманда гуляла без "агеньчыка", вельмі шаблонна.
— Чамусьці перад турнірам ніхто ўсур'ёз не называў фаварытамі галандцаў. Ды і цяпер пра гэту каманду кажуць няшмат. Тым не менш, у іх тры гульні — тры перамогі. Тым часам зборная ван Мэйка моцна адрозніваецца ад каманды ван Бастэна: у аснове асноў — вынік, няма размашыстых атак без аглядкі на ўласныя вароты... Як вам гэта каманда?
— Перад турнірам я даваў свой прагноз, хто будзе ў тройцы наймацнейшых. Ён быў такі — Бразілія, Аргенціна, Галандыя. Так што асабіста я галандцаў ніколі з рахункаў не скідваў. Па арганізацыі гульні гэта адна з лепшых камандаў.
— Ці заслугоўвае паважаная каманда Даніі нявыхаду ў плэй-оф?
— Мяркую, што так. У плэй-оф выходзіць той, хто гэтага больш хоча. Акрамя майстэрства, патрэбна яшчэ і жаданне, і самааддача. Японцы цалкам перайгралі датчан.
— Каманда Японіі ціхай сапай, гэтак жа, як і Паўднёвая Карэя, прабралася ў плэй-оф...
— Як бачым, усе азіяцкія каманды дысцыплінаваныя і вынослівыя, у іх выдатная функцыянальная падрыхтоўка. За кошт дысцыпліны, добрых выканаўцаў яны і выйшлі ў 1/8.
— На пачатку турніру ніхто ўсур'ёз не ўспрымаў каманду Новай Зеландыі...
— А гэта тая ж гісторыя — за кошт дысцыпліны і самааддачы каманда скокнула вышэй за галаву.
— Зборная Славакіі заслугоўвае кампліментаў ці іх дастойная толькі іх гульня з Італіяй?
— На мой погляд, славакі заслужана выйшлі ў наступны круг. Яны гэтак жа, як і Японія з Даніяй, у вочнай сустрэчы выяўлялі наймацнейшага. Аказаўся пераможцам той, хто больш хацеў перамагчы. Пры роўных умовах — тэхнічнага майстэрства, функцыянальнай падрыхтоўкі, вынослівасці — перамагае той, хто больш гэтага хоча.
— Якая з камандаў вас прыемна здзівіла і хто расчараваў?
— Адкрыта слабыя — французы і італьянцы. Прыемна здзівілі тыя ж японцы. Ну і англічане, хоць яны і праходзяць далей, вельмі слабая каманда. Як англічане, так і італьянцы ў нейкі аднолькавы футбол гуляюць. Проста англічанам крыху больш пашчасціла, і яны ідуць далей. У 1/8, мне здаецца, Германія выйграе ў англічан.
— Многія так думаюць, калі шчыра.
— Футбол што ў англічан, што ў італьянцаў нецікавы — без выдумкі, без "агеньчыка". Людзі выходзяць на газон і думаюць, што яны вялікія зоркі, усе ім будуць ачкі аддаваць. А так не атрымліваецца — гэта ж чэмпіянат свету, дзе трэба араць і араць.
— Зорная хвароба згубіла еўрапейскіх грандаў у Афрыцы...
— Перад чэмпіянатам я казаў, што асаблівасцю гэтага мундыялю стане тое, што большасць камандаў з Паўднёвай Амерыкі выйдзе ў плэй-оф.
— Так і атрымалася. Мы бачым парад лацінаамерыканскіх камандаў, якія ўсіх перамагаюць...
— Большасць гульцоў у гэтых камандах гуляе ў Еўропе. І кале раней яны адрозніваліся толькі высокім тэхнічным майстэрствам, а функцыянальная падрыхтоўка іх падводзіла, то пагуляўшы ў Еўропе, дзе перавага аддаецца функцыянальнай гатоўнасці, яны дабавілі. Выдатныя фізічныя кандыцыі накладваюцца на іх высокую тэхніку, і яны дасягаюць выдатнага выніку...
— Вы мяркуеце, Аргенціна будзе чэмпіёнам?
— Усё-такі я думаю, што Бразілія.
Алена АЎЧЫННІКАВА.
Двума радкаміУчора ў групе G зборныя Бразіліі і Партугаліі ў матчы паміж сабой не выявілі мацнейшага — 0:0. А каманда Кот-д’Івуара разграміла зборную КНДР — 3:0. Адпаведна першыя дзве зборныя выходзяць у 1/8 фіналу.