Табліцу ўзначаліў Мінск
Пасля другога тура футбольнага чэмпіянату краіны без стратаў засталіся толькі двое — чэмпіён краіны, барысаўскі БАТЭ, і ФК "Мінск". Прычым перамога сталічнага клуба стала нечаканай — супернікам было амбіцыйнае мінскае "Дынама". Перамогу 2:0 гасцям прынёс Шаракоў.
Папоўніў скарбонку ачкамі і барысаўскі БАТЭ, які на сваім полі абыграў "Белшыну". У першым тайме вызначыўся Радзівонаў, у другім нагадаў пра сябе Стасевіч. У Віцебску ў абласным дэрбі гаспадары даволі нечакана і без праблем разабраліся з "Нафтанам". На 79-й хвіліне віцябляне вялі з лікам 4:0, і толькі перад фінальным свістком дазволілі суперніку зрабіць паражэнне не такім горкім. Астатнія вынікі: "Шахцёр" (Салігорск) — "Партызан" (Мінск) — 1:0 (Камароўскі, 9), "Дынама" (Брэст) — "Тарпеда" (Жодзіна) — 3:2 (Мазалеўскі, 29; Васілюк, 32; Чэлідзэ, 61 — Бруснікін, 35, Беганскі, 87), "Днепр"(Магілёў) — "Нёман" (Гродна) — 0:0.
Алена КРАВЕЦ.