Сёлетнія Велікодныя святы перажываем у асаблівай атмасферы – у гэтыя трывожныя па прычыне пандэміі дні сярод пытанняў, якія задаём, могуць быць і пытанні пра Бога. Надзею нам дае Уваскрослы Хрыстус. Ён працягвае нам сваю міласэрную руку. Варта толькі за яе ўхапіцца. Вялікдзень – гэта трыумф любові Хрыста, гэта свята нашай веры і надзеі на вечнае жыццё.
«Пасха кажа нам, што Бог можа ўсё ператварыць у дабро, што з Ім можам па-сапраўднаму мець давер, што ўсё будзе добра. Вось чаму ў пасхальную нядзелю нам было сказана: «Не бойцеся!». Трывожныя пытанні аб зле не знікаюць раптоўна, але знаходзяць ва Уваскрослым моцны фундамент, які дазваляе нам не патануць», – кажа Папа Францішак.
Жадаю ўсім вам плённага перажывання пасхальных урачыстасцей. Няхай Уваскрослы Хрыстус адорыць вас пасхальнай радасцю, любоўю, супакоем і патрэбнымі ласкамі. Давяраю ўсіх вас апецы Марыі – Маці ўваскрослага Хрыста. Агортваю сваёй малітвай і жадаю Божага благаслаўлення, здаровых і поўных надзеі Велікодных святаў усім вам!
Хрыстус уваскрос! Сапраўды ўваскрос! Алелюя!
Ксёндз Мікалай ЛІПСКІ, пробашч новалукомльскага і чашніцкага касцёлаў.