Пакуль большасць з нас адзначае навагоднія святы побач з роднымі і блізкімі людзьмі, ёсць тыя, для каго бой курантаў праходзіць у звычайнай працоўнай атмасферы. Яны не п’юць шампанскае, не адсылаюць у першыя хвіліны новага года дзясяткі паведамленняў і не тэлефануюць тым, хто жыве ў іншых гарадах. Яны працуюць. З сумам ці з пазітывам, але самааддана робяць тое, чаму прысвяцілі некалі сваё жыццё.
Ларыса Бабарыка працуе ў грамадскім харчаванні на працягу шаснаццаці гадоў. Сёлета сустракаць навагоднюю ноч на рабочым месцы ёй выпала па графіку – нічога не зробіш. Але жанчына такому развіццю падзей не засмуцілася, бо і зяць, і родныя брат з сястрой таксама засталіся на службе і ў любым выпадку прыехаць не змаглі б. Грандыёзных планаў святкавання повар рэстарана “Колас” сабе не прыдумвала, бо на пачатку снежня ведала: новае дзесяцігоддзе яна будзе сустракаць не дома.
– Два гады назад у мяне сталася аналагічная сітуацыя, але тады нас, павароў, было два, – узгадвае Ларыса Бабарыка. – Сёлета мы з Кацяй (афіцыянт. – заўв. Рэд.) працавалі ўдзвюх: я гатавала, яна разносіла. З 18:00 да 05:00 мы старанна абслугоўвалі тых, хто вырашыў разнастаіць святкаванне і таму абраў для гэтага наш рэстаран.
Цікава, што роўна апоўначы дзве пчолкі – Ларыса і Кацярына – выйшлі ў залу, дзе не толькі павіншавалі адзін аднаго з Новым годам, але і атрымалі салодкія падарункі ад удзячных гасцей.
– Калі раней людзі прыходзілі да 00:00, то сёлета большасць з іх з’явілася ўжо пасля надыходу Новага года. Напэўна, дома яны падмацаваліся, а да нас прыйшлі дзеля таго, каб патанчыць у крузе знаёмых і любых сяброў, – працягвае расказ жанчына. – У цэлым ноч прайшла добра, і мы з калегай зусім не шкадуем, што апынуліся ў такі важны момант на працы. Вядома, было б шкада, калі б людзей прыйшло няшмат, а так… Пачуцця дарэмнасці нашай працы няма, а гэта – галоўнае.
Камандзір аддзялення пажарнай аварыйна-выратавальнай часці № 1 Карэліцкага РАНС Сяргей Слінько сустракае Новы год на працы не ўпершыню. Згодна з графікам яго змена ведае, дзе і калі яны апынуцца ў навагоднюю ноч у 2021, 2022 ці нават у 2025 годзе. Ці то жарт лёсу, ці то звычайная заканамернасць, але і праз пяць гадоў выратавальнікі каравула пад камандаваннем Сяргея Слінько будуць віншаваць родных не ўжывую, а па тэлефоне. Вось такая яна – праца тых, хто ратуе жыцці.
– Працуючы у гэтай сферы ўжо на працягу дванаццаці гадоў, праводзіць святы з калегамі я прывык, – расказвае мужчына. – Ды і жонка ўжо прызвычаілася да таго, што пад бой курантаў мяне няма побач… Ці шкада? Ведаеце, не. Праца ёсць праца, што тут скажаш.
Дарэчы, змена ў камандзіра аддзялення пажарнай аварыйна-выратавальнай часці № 1 у апошні дзень года пачалася як заўсёды, у 08:00. Пажарныя займаліся звычайнымі справамі, як у 22:20 паступіў выклік – гарэў дом у вёсцы Зарэчча. Адкрытае полымя прымусіла добра папрацаваць, таму толькі а трэцяй гадзіне ночы брыгада вярнулася ў часць… На шчасце, дом быў пусты і ніхто не пацярпеў.
З тым жа выпадкам давялося сутыкнуцца і фельчару выязной брыгады аддзялення хуткай медыцынскай дапамогі Вользе Блакіцкай. Калі раней дзяўчына працавала з першага студзеня на другое, то сёлета лёс вырашыў выпрабаваць медыка непасрэдна ў навагоднюю ноч.
– На змену я заступіла а восьмай гадзіне раніцы, – узгадвае Вольга. – Калі на працягу дня ўсё ішло як звычайна, то ўвечары паступіў выклік з вёскі Руткавічы. Мы сабраліся і паехалі на пажар, але ў выніку аказалася, што пажар быў у Зарэччы… Магчыма, хтосьці з мінакоў быў у шоку ад жудаснага відовішча і пераблытаў назвы… Добра, што мы своечасова гэта заўважылі і не паехалі ў зусім другую вёску.
Але на гэтым гісторыя не скончылася. Як толькі медыкі развярнуліся ў бок Карэліч, жанчыне – гаспадыні палаючага дома – стала дрэнна. Прыйшлося зноў вяртацца і аказваць дапамогу ўжо па дарозе ў райцэнтр. Такім чынам, новы 2020 год Вольга Блакіцкая, яшчэ адзін фельчар, вадзіцель і пацыентка сустрэлі ў… рабочай машыне.
– Вядома, ніякіх віншаванняў у той момант быць не магло, – расказвае медыцынскі работнік. – Мы спрабавалі супакоіць жанчыну і запэўніць яе ў тым, што ўсё дрэннае засталося там, у 2019, а наперадзе яе чакае новае жыццё.
У цэлым на працягу дня брыгадзе прыходзілася выязджаць па выкліках на высокую тэмпературу, розныя траўмы, сутаргі і нават гіпертанічны крыз. Але калі гэтыя выпадкі ў пераважнай большасці з’яўляюцца класічнымі, то страўнікава-кішэчны крывацёк, на які выехала другая брыгада “хуткай”, – досыць рэдкі і складаны.
Як бачым, не ва ўсіх работнікаў навагодняя ноч выдалася ціхай і спакойнай, але пакуль яны ахвяруюць асабістым шчасцем, мы з вамі можам быць упэўнены: нас ёсць каму ратаваць.
Вікторыя КАСЦЮК
Фота аўтара
✏ Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup.