Кінамеханік на тры вёскі

Источник материала:  
Кінамеханік на тры вёскі

Іван Мікітавіч і Вера Пятроўна Зельманчукі

30 гадоў “адкруціў” кіно на вёсцы Іван Мікітавіч Зельманчук. За гэты час ён пешшу абышоў бліжэйшыя вёскі. Дастаўляў бабіны з кінастужкамі на маторных лодках, на веласіпедзе, матацыкле ці проста ў руках. Па бездарожжы, у разлівы рэк ён ішоў да гледачоў, якія чакалі новы фільм.
Кіно звязала і яго сямейнае жыццё. Яны працавалі разам з жонкай Верай Пятроўнай. Яна была касірам, мела ІІІ катэгорыю кінамеханіка.
Трэцяга сакавіка Іван Мікітавіч адзначыць свой 80-ты дзень нараджэння. Напярэдадні юбілею жыхар аграгарадка Лядзец шмат расказаў цікавага пра сваё жыццё, пра свае падарожжы па свеце, пра гісторыю кіно.

…за вечар часта праводзіў два сеансы ў розных населеных пунктах. Паставіць напачатку фільм у Лядцы, а пасля яшчэ і ў Гарадзец паспее.

Нарадзіўся Іван у Лядцы. Хлопчыку было два тыдні, калі загінуў на вайне бацька. З маленства шмат працаваў. Яшчэ да арміі два леты пас вясковы статак, пасля лета – калгасных кароў.
Шмат прыгод выпала на долю Івана Зельманчука ў час службы ў арміі, куды ён быў прызваны ў 1958 годзе. Служыў у Прыморскім краі, быў камутатаршчыкам у гарнізоне. За гэтыя тры гады пабываў у Сурыйскай тайзе, дзе рэзалі таўшчэзныя кедры.
Пасля звальнення закончыў вучылішча механізацыі ў горадзе Камень-на-Обі. Але ўсё роўна цягнула да кіно. Колькі сябе памятаў, імкнуўся не прапусціць ні аднаго кінасеанса. Ды жыццё складвалася інакш: пайшоў камбайнерам у мясцовы калгас. А калі выпала магчымасць стаць памочнікам кінамеханіка, то адразу яе выкарыстаў. Павышаў сваю кваліфікацыю на курсах, дзе атрымаў напачатку спецыяльнасць “памочніка кінамеханіка”, а пасля і кінамеханіка ІІ і І катэгорыі.
У той час кіно ў вёсцы было цэлым святам. Вяскоўцы розных узростаў ішлі на сеанс, каб паглядзець новую стужку на вялікім экране. Таму за вечар часта праводзіў два сеансы ў розных населеных пунктах. Паставіць напачатку фільм у Лядцы, а пасля яшчэ і ў Гарадзец паспее.
Фільмы Зельманчука памятаюць у Гарадцы, Лісовічах, Старыне. А ён узгадвае дарогу на тую ж Старыну. Каб паказаць фільм у гэтай вёсцы, у абед садзіўся на маторную лодку, на якой ехалі дзеці са школы. Вёз свае кінастужкі. Вечарам ставіў фільм, начаваў у Старыне, а раніцай зноў з тымі ж вучнямі дабіраўся дахаты. Быў выпадак, калі вяртаўся ноччу і заблукаў. Хадзіў-хадзіў коламі па бездарожжы і вырашыў дачакацца раніцы. І толькі на досвітку ўбачыў, што вось яна – дарога.
Гэта зараз на адну флэш-карту можна закачаць дзясяткі кінафільмаў. Раней была кінаплёнка ў бляшанках. Вага такой бляшанкі пад 20 кілаграмаў. Калі па бездарожжы немагчыма было праехаць на матацык-ле, Зельманчук чапляў гэтыя бляшанкі на веласіпед і так дабіраўся да месца паказу фільма.
Вячэрнія кінасеансы часта пераходзілі ў начныя. Было і такое, калі вярталіся дахаты ў чатыры гадзіны раніцы. Асабліва зацягвала гледачоў індыйскае кіно. Паставіць адзін фільм, паглядзяць яго людзі, а пасля яшчэ адзін просяць. У выніку толькі ў адной вёсцы за месяц ставіў па 70-80 фільмаў.
Па колькасці паказаў фільмаў Зельманчук часта перавышаў нават планы. За гэта атрымаў узнагароду – значок “Ударнік камуністычнай працы”.
Каб зацікавіць сваіх гледачоў, Іван Мікітавіч імкнуўся дастаць самыя новыя кінастужкі. Дамаўляўся з кінатэатрам у Давыд-Гарадку, каб падзяліліся навінкамі, прасіў аддаць менавіта яму новы фільм, які толькі з’яўляўся ў Століне.
– Гэта зараз уключыш тэлевізар, а там зноў адзін і той жа фільм. А тады фільмаў было намнога больш, стараліся паказваць усё новыя і новыя, – расказвае Зельманчук.
Акрамя работы кінамеханікам Іван Мікітавіч і Вера Пятроўна яшчэ працавалі і ў калгасе, мелі сваю гаспадарку.
– Уставалі ж на досвітку, каб падаіць сваю карову, а пасля калгасная праца, свая гаспадарка. А вечарам зноў кіно ставіць. Здавалася, што сплю стоячы, – узгадвае Вера Пятроўна.
Зельманчукі выгадавалі трох сыноў. Сярэдні сын, Віктар, нават мае адну са спецыяльнасцяў “кінамеханік”, але па ёй не працуе. Чацвёра ўнукаў-студэнтаў – гонар бабулі і дзядулі. Жыццё – гэта не кіно, але пра жыццё кожнага чалавека можна напісаць сцэнарый і зняць кінастужку.
Таццяна СЕГЕН
Фота аўтара

←Небо и никакой пенсии. Крановщице из Жлобина «по паспорту» нет и 14-ти - а она 37 лет строит дома

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика